Новы дэпутацкі статус

- 13:33Рознае, Суразмоўца

У апошнія дні снежня на пасяджэнні сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь старшынёй Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы аднагалосна быў абраны А.І.Сягоднік, дэпутат, педагог, кіраўнік і ўвогуле добра вядомы ў сістэме айчыннай адукацыі і ў дэпутацкім асяроддзі чалавек. Да гэтага Аляксандр Іванавіч быў намеснікам старшыні профільнай камісіі. Сёння А.І.Сягоднік дае нашай газеце экспрэс-інтэрв’ю ўпершыню ў новым статусе.

— Аляксандр Іванавіч, дазвольце вас павіншаваць ад імя ўсяго калектыву “Настаўніцкай газеты” з новым высокім назначэннем, якое, безумоўна, патрабуе і вялікай адказнасці.
— Шчыры дзякуй за віншаванні, тым больш прыемна іх чуць ад нашай роднай “Настаўніцкай”. Сапраўды, мой новы статус як старшыні камісіі ўскладвае яшчэ больш адказнасці ў дэпутацкай рабоце, але я спадзяюся, што валодаю дастатковым прафесійным і жыццёвым вопытам для таго, каб наша камісія змагла выконваць усе пастаўленыя задачы на карысць дзяржавы і непасрэдна нашай сістэмы адукацыі. Але перш за ўсё лічу неабходным захаваць пераемнасць у рабоце пастаяннай камісіі, дух калектывізму, добразычлівасці, узаемаразумення і адказнасці, сфарміраваныя пад кіраўніцтвам Генадзя Уладзіміравіча Пальчыка. Невыпадкова ён і намеснік старшыні камісіі Марат Генадзьевіч Жылінскі прызначаны на высокія дзяржаўныя пасады. Новым намеснікам старшыні камісіі прызначана Наталля Генадзьеўна Кучынская.

— Як вядома, у самы бліжэйшы час камісію чакае работа над праектам закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі”.
— Так, сапраўды. Значная частка гэтай работы ўжо зроблена. За ўвесь папярэдні час вельмі інтэнсіўна праводзіўся маніторынг практыкапрымянення кодэкса ў нацыя-нальнай сістэме адукацыі, адбыліся парламенцкія слуханні, праведзены сустрэчы з педагагічнай грамадскасцю. На працягу гэтай работы нашай камісіі актыўна дапамагалі дэпутаты іншых камісій, прадстаўнікі органаў кіравання, іншых галін эканомікі і сацыяльнай сферы.

— Якія напрамкі ў развіцці адукацыі сёння больш за ўсё патрабуюць заканадаўчага замацавання?
— Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем таму, каб дапрацаваны Кодэкс аб адукацыі спрыяў абнаўленню школьнага навучання, шырокаму і прадукцыйнаму выкарыстанню інфармацыйных рэсурсаў, збліжэнню прафесійнай адукацыі да сучаснай вытворчасці, павышэнню прэстыжу педагагічнай працы і статусу педагога, пашырэнню кампетэнцый і адказнасці мясцовых органаў улады, развіццю дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы адукацыі і г.д.

— Аляксандр Іванавіч, якія законапраекты ў наступным годзе плануе разгледзець ваша камісія ў сферы культуры?
— Плануецца, што ўжо ў красавіку ў Палату прадстаўнікоў будзе ўнесены праект кодэкса аб культуры. Паводле папярэдніх ацэнак, у кодэкс будуць уключаны нормы каля 70 нарматыўных прававых актаў рознай юрыдычнай сілы, таму перад камісіяй будзе стаяць вельмі адказная задача забяспечыць своечасовую і якасную падрыхтоўку гэтага дакумента да разгляду яго ў Палаце прадстаўнікоў. Дарэчы, сярод краін СНД Беларусь першая пачала кадыфікацыю заканадаўства аб культуры.

— Якія змяненні плануецца ўнесці ў заканадаўства, якое тычыцца сферы навукі?
— У гэтай сферы і сферы аховы інтэлектуальнай уласнасці, на мой погляд, неабходна забяспечыць удасканаленне прававога механізму, які б стымуляваў развіццё суб’ектаў навуковай і інавацыйнай дзейнасці, давядзенне навуковых і навукова-тэхнічных распрацовак да стадыі прамысловага асваення, рэалізацыі новай канкурэнтаздольнай прадукцыі і тэхналогій.
Думаю, што зладжаная і плённая заканатворчая работа нашай камісіі будзе магчыма пры ўмацаванні ўзаемадзеяння з галіновымі міністэрствамі і ведамствамі, органамі ўлады, іншымі дзяржаўнымі структурамі і, безумоўна, пры ініцыятыве нашых педагогаў. Мы адкрыты да супрацоўніцтва і гатовы разгледзець любыя канструктыўныя прапановы, накіраваныя на ўдасканаленне заканадаўства.

Інтэрв’ю падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.