Новы дом для дашкалят

Новая ўстанова дашкольнай адукацыі ўрачыста адкрыта ў Старобіне. У яслях-садзе № 2 створаны ўсе ўмовы для гарманічнага развіцця дзяцей.

Cтаробін  — гарадскі пасёлак у Салігорскім раёне, які актыўна развіваецца. Адзінай дашкольнай установы, якая працавала тут, не хапала, таму адкрыцця ясляў-сада № 2 бацькі маленькіх жыхароў Старобіна вельмі чакалі. Яны з задавальненнем прыйшлі на свята адкрыцця ўстановы. Ва ўрачыстай цырымоніі таксама ўзялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юлія Мурына, намеснік старшыні Салігорскага райвыканкама Ігар Карака, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Салігорскага райвыканкама Ігар Цыбулька і іншыя ганаровыя госці.

Яслі-сад № 2 размясціўся ў будынку, дзе раней былі пачатковыя класы Старобінскай сярэдняй школы. Усе памяшканні былі адрамантаваны і абсталяваны ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі.

Яслі-сад сустракае наведвальнікаў яркім фасадам і ўтульнымі пляцоўкамі для прагулак. Двухпавярховы будынак разлічаны на 120 дзяцей, якія будуць наведваць 6 груп. Усе групы поўнасцю забяспечаны  мэбляй, цацкамі, кнігамі. Сучаснае абсталяванне атрымаў харчаблок.

 — Яслі-сад гатовы прыняць маленькіх выхаванцаў. Тут ёсць усё неабходнае, каб дзецям ўтульна і добра. Дарослыя — і педагогі, і бацькі — рады, што для дзяцей створаны цудоўныя ўмовы, — расказвае Наталля Валер’еўна Дзмітрыева, галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Салігорскага райвыканкама. — Педкалектыў гатовы зрабіць усё магчымае, каб кожны дзень у яслях-садзе прыносіў дзецям радасць. 

Дар’я РЭВА.
Фота Паўла МАРТЫШЭНКІ.