Новы дом для юных талентаў

- 10:47Выхаванне

Тры наваселлі чакаюць юных жыхароў Астраўца ў жніўні гэтага года. І вось першае з іх — адкрыццё новага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі — адбылося 10 жніўня. Наперадзе — увод дзіцячага садка на 230 месцаў  і школы для 730 навучэнцаў.

Цырымонія адкрыцця Цэнтра творчасці пачалася з выступлення яго гаспадароў — удзельнікаў шматлікіх творчых дзіцячых калектываў. А іх тут шмат — у 117 аб’яднаннях па інтарэсах займаецца каля 1600 чалавек, што складзе звыш 50 працэнтаў ад агульнай колькасці навучэнцаў Астравецкага раёна. Гурткі і аб’яднанні дзейнічаюць і на базе сельскіх устаноў сярэдняй адукацыі.

— Новы Цэнтр творчасці па плошчы ў два разы большы, чым наша папярэдняе памяшканне, — расказвае дырэктар Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлана Куцько. — У сувязі з гэтым адкрываецца магчымасць не толькі пашырыць дзейнасц­ь аб’яднанняў па інтарэсах, адкрыць новыя кірункі, але і стварыць лепшыя ўмовы для дзяцей і педагогаў. Так, адкрываем новы для нас напрамак — кераміка. Закуплены муфельныя печы і ганчарныя кругі, для заняткаў па дрэваапрацоўцы таксама набыта новае абсталяванне. Новыя камп’ютары з’явіліся ў класе тэхнічнай творчасці. У новым будынку ў нас будуць кабінеты турызму і краязнаўства, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, керамікі і лепкі, швейны, тэхнічнай творчасці, дрэваапрацоўкі і выяўленчага мастацтва, вакальная студыя, харэаграфічная зала.

Плошча новага цэнтра — каля 1000 квадратных метраў. У кароткія тэрміны, а работа пачалася ў кастрычніку мінулага года, аб’ект коштам прыкладна 2,5 мільёна рублёў узвялі будаўнікі “Гроднажылбуда”. Цэнтр створаны па праекце архітэктараў інстытута “Гродна­грамадзянпраект”. Праект вылучаецца тым, што ў цэнтры будынка ёсць вялікі хол са шкляным купалам. У гэтым памяшканні можна праводзіць розныя мерапрыемствы.

Не абышлося наваселле без гасцей і падарункаў. Павіншавалі выхаванцаў, іх баць­коў, педагогаў старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, генеральны дырэктар ААТ “Гроднажылбуд” Святаслаў Навіцкі. Менавіта Святаслаў Мікалаевіч уручыў сімвалічны ключ ад новага будынка дзіцячай творчасці Святлане Куцько. А падарункамі ад гасцей сталі сертыфікаты на набыццё выставачных стэндаў, камп’ютарнай і бытавой тэхнікі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Астравецкім цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі.