Новы дом і званне ўзорнага

Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ пераехаў у новы будынак

Урачыстае адкрыццё будынка па вуліцы Рэвалюцыйнай, 11 адбылося ў прысутнасці міністра адукацыі Ігара Карпенкі, рэктара БДУ Андрэя Караля, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла КНР у Беларусі Цуй Цыміна, намесніка генеральнага дырэктара Штаб-кватэры інстытутаў Канфуцыя Чжаа Гачэна, а таксама дэлегацыі з Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта (КНР).

Чатырохпавярховы будынак пло­шчай 3,6 тысячы кв. м у гістарычным цэнтры Мінска капітальна адрамантаваны і абсталяваны за кошт кітайскага боку. На першым паверсе размешчаны малая канферэнц-зала і ўніверсальная зала, прызначаныя для правядзення мерапрыемстваў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Вялікая зала разлічана на 100 чалавек і абсталявана сучаснай аўдыя- і відэатэхнікай. Асаблівую ўвагу прыцягвае відэасцяна: некалькі экранаў злучаны ў адзін вялікі і даюць магчымасць дэман­страваць агульную выяву высокай якасці. Тут можна паказваць фільмы і прэзентацыі, а таксама арганізоўваць сеансы аўдыя- і відэасувязі. Акрамя таго, для ўніверсальнай залы набыта сістэма сінхроннага перакладу, якая дазваляе працаваць з чатырма мовамі. Для работы сінхраністаў абсталяваны дзве кабіны з узмоцненай гукаізаляцыяй.

Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ створаны ў 2006 годзе. У 2011 годзе быў названы лепшым Інстытутам Канфуцыя года, а зараз — адзіны на постсавецкай прасторы — атрымаў званне ўзорнага.

Сёння ў РІКК БДУ працуюць больш за 40 высокакваліфікаваных беларускіх і кітайскіх спецыялістаў. У інстытуце, а таксама ў яго кабінетах і цэнтрах, створаных ва ўстановах адукацыі Беларусі, вучацца каля 1800 слухачоў з ліку школьнікаў, студэнтаў, супрацоўнікаў розных арганізацый.

З мінулага года тут рэалізуецца праект па падрыхтоўцы настаўнікаў кітайскай мовы для беларускіх школ. Зараз на курсах вучацца 45 педагогаў з усіх рэгіёнаў краіны.

У інстытуце рыхтуюцца і выдаюцца шматлікія дапаможнікі для выкладчыкаў і настаўнікаў кітайскай мовы. І ўжо сёлета РІКК плануе выдаць падручнік беларускай мовы для кітайскіх студэнтаў. Таксама разам з Інстытутам мовазнаўства НАН Беларусі вядзецца работа над стварэннем беларуска-кітайскага і кітайска-беларускага слоўнікаў, якія налічваюць па 9 тысяч слоў.

На іншых паверхах размясціліся лінгафонныя кабінеты, аснашчаныя высакакласнымі камп’ютарамі і навушнікамі. Спецыяльныя праграмы для вывучэння кітайскай мовы NIBELUNG і Lingvo павінны істотна аблегчыць работу выкладчыкаў са слухачамі. Маюцца таксама яшчэ два дзясяткі аўдыторый, абсталяваных мультыбордамі, праектарамі, тэлевізарамі, маркернымі дош­камі.

У найбліжэйшых планах — стварэнне найбуйнейшай у краіне бібліятэкі па гісторыі, культуры і сацыяльна-эканамічным развіцці сучаснага Кітая і адкрыццё магазіна кітайскай кнігі. Усё гэта дазволіць сфарміраваць на базе РІКК нацыянальны цэнтр кітаязнаўства, які аб’яднае намаганні беларускіх і кітайскіх навукоўцаў па вывучэнні КНР.

Высокага звання “ўзорны Інстытут Канфуцыя” РІКК БДУ ўдастоены за выдатныя вынікі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу па навучанні кітайскай мове і папулярызацыі кітайскай культуры. Гэты статус надзяляе яго афіцыйнымі паўнамоцтвамі каардынацыі дзейнасці ўсіх інстытутаў і класаў Канфуцыя, створаных у Беларусі.

Першым знакавым мерапрыемствам у новым будынку РІКК стаў Еўрапейскі форум інстытутаў Канфуцыя. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля 50 кіраўнікоў і супрацоўнікаў інстытутаў Канфуцыя з Беларусі, Бельгіі, Босніі і Герцагавіны, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Нідэрландаў, Расіі, Румыніі, Славакіі, Францыі, Швецыі.

Вітаючы гасцей у новым доме, міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў, што ўзаемадзеянне Беларусі і Кітая ў сферы адукацыі развіваецца вельмі дынамічна і паспяхова.

— Беларускімі ўніверсітэтамі заключана больш за 350 прамых дагавораў аб супрацоўніцтве з Кітаем, рэалізуецца звыш 30 сумесных адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі, прапрацоўваецца магчымасць арганізацыі сумеснай падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, — паведаміў міністр. — Толькі сёлета ў КНР адкрыты тры цэнтры вывучэння Беларусі (а ўсяго такіх цэнтраў у Кітаі 11), адкрыты Cумесны інстытут Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта і БДУ. На стадыі абмеркавання пытанне адкрыцця ў БНТУ сумесна з кітайскім Паўночна-Усходнім універсітэтам факультэта кітайскіх тэхналогій. У перспектыве ўяўляецца таксама стварэнне кітайскага ўніверсітэта ў Беларусі.

Ігар Карпенка адзначыў, што ў мінулым навучальным годзе больш за тысячу беларускіх грама­дзян прахо­дзілі навучанне па розных праграмах у КНР, у тым ліку больш за 200 — па грантах, якія прадставіў кітайскі бок. А ў беларускіх універсітэтах вучацца ўжо больш за тры тысячы студэнтаў з КНР.

— Гэта радуе, бо ў перспектыве менавіта моладзь закладвае аснову рэальнага супрацоўніцтва нашых краін як у сферы адукацыі, так і ў прамысловай і сацыяльнай галінах, — заўважыў міністр.

Кіраўнік ведамства падкрэсліў значную ролю ў развіцці беларуска-кітай­скага ўзаемадзеяння дзеючых у краіне інстытутаў Канфуцыя.

— Складана пераацаніць іх ролю ў папулярызацыі, падтрымцы і пашырэнні магчымасцей вывучэння кітайскай мовы, забеспячэнні патрэб краіны ў спецыялістах, здольных выкарыстоўваць кітайскую мову ў прафесійнай дзейнасці, — сказаў Ігар Карпенка. — Асаблівасцю беларускіх інстытутаў Канфуцыя з’яўляецца тое, што, разам з традыцыйнымі напрамкамі іх дзейнасці — выкладаннем кітайскай мовы і пабудовай ведаў аб кітайскай культуры, ёсць і спецыялізаваныя. Напрыклад, у БНТУ дзейнічае Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы.

Карыстаючыся выпадкам, міністр адукацыі падзякаваў кітайскаму боку і за новы сучасны дом, які атрымаў РІКК БДУ, і за новы інтэрнат, пабудаваны з выкарыстаннем бязвыплатнай кітай­скай дапамогі і сіламі кітайскіх кампаній.

У свеце дзейнічаюць 532 інстытуты Канфуцыя ў 155 краінах. У Беларусі іх пяць: у БДУ, БНТУ, МДЛУ, ГДУ імя Францыска Скарыны і БрДУ імя А.С.Пушкіна.

Удзельнікі Еўрапейскага форуму інстытутаў Канфуцыя абмеркавалі дзейнасць па рэалізацыі ініцыятывы “Адзін пояс і адзін шлях” на тэрыторыі еўразійскай прасторы, а таксама стварэнне магчымасцей для эфектыўнага дыялогу паміж навукоўцамі, палітыкамі і прадпрымальнікамі, якія ўдзельнічаюць у гэтым праекце.

З вялікім дакладам аб прыярытэтных напрамках работы выступіў намеснік генеральнага дырэктара Штаб-кватэры інстытутаў Канфуцыя Чжаа Гачэн. Кітайскі чыноўнік высока ацаніў работу РІКК БДУ і агучыў рашэнне Штаб-кватэры інстытутаў Канфуцыя: Рэспубліканскаму інстытуту кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ — адзінаму на постсавецкай прасторы — прысвоена званне ўзорнага.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.