У сталічным мікрараёне Лошыца-9 на вуліцы Міхаіла Пташука, 15 адкрыўся новы яслі-сад № 574 на 230 месцаў. Трохпавярховы будынак узведзены ААТ “Будтрэст № 35 Мінска” ў рэкордна кароткія тэрміны — за дзевяць месяцаў. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця дзіцячага сада прыняў удзел старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Яўгенавіч Кухараў.
Уладзімір Яўгенавіч адзначыў, што дашкольныя ўстановы асабліва запатрабаваныя ў Мінску, у першую чаргу ў мікрараёнах-новабудоўлях. У планах на найбліжэйшы час — будаўніцтва дзіцячага сада ў мікрараёне Лошыца-8. Патрэба ў дашкольнай установе ёсць і ў Брылевічах.
У Мінску сёння налічваецца 464 дзяржаўныя дашкольныя ўстановы. Штогод колькасць выхаванцаў павялічваецца: у 2018/2019 навучальным годзе іх было 101,1 тыс., 2019/2020 — 101,8 тыс., 2020/2021 — больш за 102 тыс. У сталіцы самы высокі па краіне працэнт дзяцей, якія атрымліваюць дашкольную адукацыю. Гэты паказчык павялічваецца (з 88,3% у 2017 годзе да 96,3% у 2019-м). Падрыхтоўкай да навучання ў школе ахоплены ўсе пяцігадовыя дзеці. У большасці ўстаноў дашкольнай адукацыі колькасць выхаванцаў перавышае нарматыўную напаўняльнасць груп. Напрыклад, у 2019/2020 навучальным годзе ўкамплектаванасць па горадзе складала 129%.
У 2020 годзе ў Мінску ўведзены ў эксплуатацыю чатыры дашкольныя ўстановы на 950 месцаў: дзве — у Першамайскім раёне (Маяк), па адной — у Цэнтральным (Лебядзіны) і Ленінскім (Лошыца) раёнах. Да канца года будуць адкрыты яшчэ тры ўстановы на 650 месцаў: дзве — у Фрунзенскім раёне, адна — у Маскоўскім.
“У 574-м дзіцячым садзе будуць працаваць 12 груп для дзяцей ва ўзросце ад 2 да 6 гадоў. Таксама плануецца стварыць рознаўзроставую (з 3 да 6 гадоў) групу для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, — расказала загадчыца ясляў № 574 Мінска Ірына Віктараўна Кузіна. — Для выхаванцаў з нязначнымі маўленчымі парушэннямі будзе працаваць пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Дзеці, якія не наведваюць дзіцячы сад, змогуць займацца са спецыялістамі ў групе кароткачасовага знаходжання, куды будуць прыходзіць разам з бацькамі”.
Новы дзіцячы сад укамплектаваны педагагічнымі кадрамі, у асноўным маладымі педагогамі. Сярод прыярытэтных напрамкаў работы ўстановы — бяспека і здароўезберажэнне. Акрамя таго, загадчыца сада плануе развіваць экалагічны кірунак у рабоце з выхаванцамі. І гэта не выпадкова. Раней Ірына Віктараўна Кузіна была намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 137 Мінска, які працуе ў праекце “Зялёная школа”. Педагог зрабіла метадычную распрацоўку, якая ўключае сучасныя эфектыўныя формы работы па арганізацыі турыстычна-краязнаўчай і эколага-біялагічнай дзейнасці з выхаванцамі старэйшага дашкольнага ўзросту. За гэтую работу Ірына Віктараўна была ўзнагароджана дыпломам І ступені на XVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. А ў мінулым годзе на гарадскім этапе Рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Зялёная школа” Ірына Віктараўна атрымала дыплом у намінацыі “Метадычная распрацоўка “Зялёны дзень” за праект “Пазнавальна-практычная дзейнасць па вывучэнні разнастайнасці птушак на тэрыторыі, прылеглай да тэрыторыі сада, як сродак фарміравання прыродаахоўных паводзін выхаванцаў старэйшага дашкольнага ўзросту”.
Матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы-новабудоўлі высокатэхналагічная і цалкам адпавядае сучасным патрабаванням. У садзе вельмі прасторныя памяшканні і холы. Створаны ўсе ўмовы для шматбаковага развіцця выхаванцаў. Дзеці змогуць наведваць басейн. Будзе працаваць камп’ютарны клас з 6 дзіцячымі рабочымі месцамі і рабочым месцам педагога, дзе ў рамках дадатковай адукацыі малышы змогуць далучацца да канструявання, інфармацыйных тэхналогій, рыхтавацца да навучання ў школе. Дзеці таксама пачнуць дадаткова вывучаць англійскую мову, займацца выяўленчай дзейнасцю і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам і наведваць гурткі фізкультурна-аздараўленчай накіраванасці. Тым больш што ва ўстанове ўкамплектаваны па апошнім слове тэхнікі спартыўная і трэнажорная залы (з 10 трэнажорамі).
Медыцынскі блок дзіцячага сада даволі прасторны, мае асобны ўваход, два ізалятары, працэдурны кабінет і кабінет урача. Харчаблок аснашчаны сучасным тэхналагічным абсталяваннем. Тэрыторыя дзіцячага сада арганізавана такім чынам, што з’яўляецца цалкам бяспечнай для дзяцей. Усе ценявыя навесы, веранды, гульнявыя пляцоўкі абсталяваны супрацьударным гумовым пакрыццём, у тым ліку бегавыя дарожкі, спартыўная пляцоўка, скачковая яма. Ва ўстанове створана безбар’ернае асяроддзе. Заняткі ў яслях-садзе № 574 Мінска пачаліся 14 верасня.
Надзея ЦЕРАХАВА.