У пачатку новага навучальнага года пабачыў свет навукова-метадычны часопіс “Веснік адукацыі. Гродзенскі рэгіён”. Выдаваць яго пачалі ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Аб новым выданні і яго планах мы гутарым з рэктарам інстытута, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Святланай СЯРГЕЙКА.
— Святлана Антонаўна, новы часопіс — добры пачатак новага навучальнага года. Раскажыце, калі ласка, аб мэтах і задачах выдання.
— Мы разглядаем часопіс як адкрытую трыбуну, з якой можна трансліраваць самыя перадавыя, наватарскія ідэі, прапаноўваць арыгінальныя рашэнні з’яў і працэсаў у адукацыі, па-новаму асэнсоўваць даўно існуючыя і тлумачыць новыя феномены і праблемы. Спадзяёмся, што нашы аўтары будуць прапаноўваць не толькі тэарэтычныя даследаванні асобных старонак сучаснай сістэмы адукацыі, але і апрабацыі ў практыцы.
Сваімі аўтарамі лічым не толькі супрацоўнікаў інстытута, але і выкладчыкаў устаноў вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, сярэдняй, спецыяльнай, дашкольнай і дадатковай адукацыі, кіраўнікоў устаноў адукацыі, а таксама ўсіх тых, хто зацікаўлены ў папулярызацыі перадавога педагагічнага вопыту Гродзеншчыны на рэспубліканскім узроўні.
Так, у першым нумары часопіса надрукаваны карысныя артыкулы намесніка загадчыка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аграгарадка Васілішкі Шчучынскага раёна Алены Жолік, загадчыцы Смаргонскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Анжалікі Чайкоўскай і метадыста Смаргонскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Валянціны Барэйка, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 5 Мастоў Ганны Трафімовіч і настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Слоніма Іны Чарапенька.
Выходзіць часопіс “Веснік адукацыі. Гродзенскі рэгіён” будзе адзін раз у квартал.
— Сёння ў Гродзенскім ІРА працуюць 20 рэсурсных цэнтраў. У вашых планах адкрыццё яшчэ аднаго цэнтра.
— Так, мы рыхтуемся да адкрыцця навукова-метадычнага цэнтра ідэалагічнай работы. Гэтую ідэю рэалізоўваем сумесна з галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама пры актыўнай дапамозе намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктара Лісковіча.
Цэнтр павінен стаць адукацыйнай структурай у галіне ідэалагічнай работы для ўсяго Гродзенскага рэгіёна. Будзе створаны сайт, дзе ідэалагічныя работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, устаноў адукацыі змогуць атрымаць усю неабходную для работы інфармацыю, у тым ліку і сцэнарыі правядзення мерапрыемстваў. Будуць праводзіцца курсы павышэння кваліфікацыі ў рэальным і віртуальным рэжыме.
— Такі дыстанцыйны кірунак работы ўжо апрабаваны інстытутам і паказаў станоўчыя вынікі.
— Пачыналася ўсё з дыстанцыйнага майстар-класа “Школа ХХІ стагоддзя”, які інстытут праводзіў сумесна з настаўнікамі вобласці. Гродзенскі інстытут адным з першых абласных ІРА распачаў павышэнне кваліфікацыі ў дыстанцыйнай форме (ПКДФ). Арганізацыя ПКДФ у 2014 годзе ў вобласці ажыццяўлялася па чатырох напрамках, з іх 3 — у галіне выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. У 2015 годзе ПКДФ ахоплівае 15 напрамкаў, з іх 9 — у галіне ІКТ. Гэта вельмі прагрэсіўная форма работы. І не толькі пра эканомію грашовых сродкаў ідзе гаворка, калі тыя, хто навучаецца, застаюцца на гэты час працаваць у сваіх калектывах. Пры такой арганізацыі работы павышаецца камп’ютарная адукаванасць педагога, адбываецца знаёмства і апрабацыя работы з воблачнымі тэхналогіямі. Курсы арганізаваны так, што спачатку, звычайна на працягу двух месяцаў, праходзіць віртуальнае навучанне слухачоў, а на заключным этапе слухачы сустракаюцца з выкладчыкамі ў ІРА ці выкладчыкі выязджаюць у раёны на сустрэчу. Упершыню ў першай палове 2015 года сумесна з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі было арганізавана павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў устаноў адукацыі “Эфектыўны адукацыйны менеджмент з улікам рэгіянальных умоў”.
— Раскажыце аб эксперыменце, які інстытут будзе праводзіць разам з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Кастрычніцкага раёна Гродна.
— Задача гэтага эксперымента — дапамагчы кожнаму настаўніку ў пабудове індывідуальнай траекторыі прафесійна-адукацыйнага ўдасканалення. Гродзенскі ІРА распрацоўвае і апрабоўвае модуль “Адукацыйны маршрут педагога”, арыентаваны на складанне сістэмы творчай самарэалізацыі кожнага педагога. Будзе створаны банк партфоліа, які адлюструе перавагі для настаўнікаў у атрыманні новых ведаў і кампетэнцый. Інтэрактыўная сувязь дасць магчымасць ІРА прапанаваць настаўніку ў адпаведнасці з яго пажаданнямі дыстанцыйныя або дзённыя курсы, якія яму неабходны.
— Вы ўжылі словазлучэнне “творчая самарэалізацыя”. Што вы пад гэтым разумееце? Як гэта адлюстравана ў дзейнасці ІРА?
— У адказ на выклікі і пагрозы сучаснасці інстытут абвяшчае сваёй стратэгіяй самарэалізацыю кожнага педагога. Адукацыйная структура ІРА ўяўляе сабой мадэль суправаджэння асобы педагога, дзе гарманічна спалучаюцца навучанне, выхаванне, навуковыя і прафесійныя напрамкі і ўзнікае асяроддзе, якое спрыяе самарэалізацыі педагогаў.
Асноўныя намаганні педагагічнага калектыву ІРА накіраваны на фарміраванне ў педагогаў устаноўкі на самарэалізацыю і стварэнне ўмоў, якія дазваляюць яму быць актыўным суб’ектам не толькі прафесійнай, але і сацыяльнай дзейнасці. Практычная мэта зводзіцца да вывучэння гатоўнасці спецыяліста да самарэалізацыі і пабудовы на гэтай аснове мэтанакіраванага суправаджэння індывідуальнай адукацыйна-прафесійнай траекторыі кожнага педагога. Менавіта таму мадэль суправаджэння самарэалізацыі асобы педагога з’яўляецца арыенцірам пры праектаванні зместу, выбары форм і метадаў навучання, дыягностыцы ўзроўню развіцця характарыстык, якія спрыяюць самарэалізацыі педагогаў.
— Чым яшчэ будзе жыць Гродзенскі інстытут развіцця адукацыі ў новым навучальным годзе?
— Асноўным напрамкам дзейнасці інстытута застаецца павышэнне кваліфікацыі слухачоў, арганізацыя мерапрыемстваў у міжкурсавы перыяд, якія накіраваны на ўдасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Штогод у інстытуце павышаюць кваліфікацыю ад 4000 да 7200 педагогаў. Так, у 2014 годзе павысілі кваліфікацыю на 238 курсах 40 педагагічных катэгорый (7097 чалавек), а таксама на 124 мерапрыемствах міжкурсавога перыяду — 3312 челавек. За першае паўгоддзе 2015 года агульная колькасць слухачоў склала 3417 чалавек. У мерапрыемствах міжкурсавога перыяду за гэты час прынялі ўдзел 2263 чалавекі.
Мы прадастаўляем слухачам магчымасць атрымліваць актуальную і аператыўную інфармацыю пра сістэму адукацыі Беларусі, сучасныя методыкі, тэхналогіі, інавацыйнае развіццё ў адпаведнасці з сусветнымі тэндэнцыямі. Асаблівую ўвагу плануем удзяляць рабоце з рэзервам кадраў і маладымі спецыялістамі, выкарыстанню сеткавых тэхналогій у адукацыі, аказанню дадатковых адукацыйных паслуг насельніцтву. Упэўнены, што наша дзейнасць будзе запатрабавана педагагічнай супольнасцю рэгіёна.
— Дзякуй за размову, Святлана Антонаўна. Поспехаў вам і ўсяму калектыву Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі!
Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.