У адзін з лютаўскіх дзён, трапіўшы ў гімназію № 10 Маладзечна, можна было адчуць сябе падарожнікам, які трапіў у Кітай. Усюды панаваў чырвоны колер, луналі цмокі, гучала кітайская мова. Так у гімназіі святкавалі кітайскі Новы год.
У дакладзе на выніковай калегіі міністр адукацыі падкрэсліў, што з усіх напрамкаў міжнароднага супрацоўніцтва ўзаемадзеянне ў галіне адукацыі з Кітаем з’яўляецца адным з найважнейшых для Беларусі. Сумеснымі намаганнямі адукацыйным ведамствам дзвюх краін удалося істотна нарасціць дынаміку ўзаемных кантактаў, умацаваць прамыя міжуніверсітэцкія сувязі, рэалізаваць шэраг праектаў у сферы адукацыі і ўніверсітэцкай навукі. Ствараюцца новыя сумесныя навукова-тэхнічныя цэнтры і лабараторыі, у нас расце колькасць інстытутаў і класаў Канфуцыя, а ў Кітаі — цэнтраў вывучэння Беларусі, пашыраецца вывучэнне кітайскай мовы ў беларускіх установах адукацыі. Прыклад такіх устаноў — якраз гімназія № 10 Маладзечна.
У гімназіі трэці год вывучаюць кітайскую мову 113 навучэнцаў. Выкладае яе валанцёр з Кітая Лю Бао. Дарэчы, займацца ў гімназію прыходзяць навучэнцы і іншых устаноў адукацыі раёна, тут дзейнічае міжшкольны факультатыў. У гэтым годзе на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па кітайскай мове большасць удзельнікаў — менавіта прадстаўнікі Маладзечанскага раёна, якія займаюцца ў гімназіі.
— Вывучэнне кітайскай мовы набывае ўсё большую актуальнасць ва ўмовах развіцця эканамічных і палітычных адносін паміж Беларуссю і КНР. У 2016 годзе быў заключаны трохбаковы дагавор з Інстытутам Канфуцыя пры МДЛУ, упраўленнем адукацыі Маладзечанскага райвыканкама і нашай гімназіяй, — расказвае намеснік дырэктара гімназіі Алена Уладзіміраўна Баркоўская. — Мы імкнёмся, каб дзеці знаёміліся не толькі з мовай, але і з багатай культурай і традыцыямі Кітая. І святкаванне кітайскага Новага года — цудоўная магчымасць для гэтага.
Святкавалі сярод сяброў. На мерапрыемства запрасілі прадстаўнікоў Інстытута Канфуцыя пры Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі Маладзечанскага райвыканкама.
Гімназія была ўпрыгожана да свята. У дэкоры панаваў чырвоны колер. Удзельнікі таксама павінны былі апрануць нешта чырвонае або мець у сваім вобразе элемент чырвонага колеру, бо жыхары Кітая святкуюць Новы год у чырвоным адзенні і пішуць віншаванні на чырвонай паперы. Лічыцца, што гэты колер здольны спужаць і прагнаць няўдачы.
У гэты дзень усё было напоўнена сімваламі і знакавымі для кітайскага народа рэчамі. Так, усіх сустракалі роставыя лялькі-панды. Як вядома, гэтых мілых жывёл вельмі любяць і паважаюць у Паднябеснай, нават лічаць іх адным з нацыянальных скарбаў.
Яшчэ адна сімвалічная істота, якая прысутнічала на свяце, — цмок, які для кітайскага народа з’яўляецца прадметам пакланення, сімвалам міру і дабрабыту. Кожны клас, які ўдзельнічаў у мерапрыемстве, вырабіў свайго цмока. Усе яны былі яркія і незвычайныя.
Таксама навучэнцы гімназіі падрыхтавалі разнастайныя цікавыя актыўнасці для гасцей свята. Тут можна было пазнаёміцца з тонкасцямі чайнай цырымоніі, паспрабаваць сябе ў майстэрстве арыгамі, павучыцца пісаць іерогліфы, вырабіць кітайскія ліхтарыкі, пагуляць у кітайскія навагоднія гульні.
А завяршылася святкаванне канцэртам, які гімназісты ладзілі разам са студэнтамі факультэта кітайскай мовы і культуры МДЛУ. У гімназіі гучалі песні на кітайскай мове, дзеці танцавалі стылізаваныя танцы, а акцёры тэатра “Мейхуа”, які дзейнічае ў лінгвістычным універсітэце, паказалі цудоўную пастаноўку.
Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена гімназіяй № 10 Маладзечна.