Новы год пад арлінымі крыламі

- 11:22Сацыяльны ракурс

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” падвяла вынікі года — года чорнагаловага шчыгла. Яго кульмінацыяй стала выстава лепшых творчых работ конкурсу “Чым снедае шчыгол?”, якая адкрылася ў Музеі прыроды і экалогіі, і аб’яўленне новага сімвала наступнага года. Ім стаў рэдкі прадстаўнік еўрапейскай арнітафаўны вялікі арлец.

На сустрэчу з’ехаліся юныя арнітолагі разам са сваімі настаўнікамі і бацькамі, каб падвесці вынікі года шчыгла, прыняць удзел у віктарыне, якую правялі спецыялісты арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, і атрымаць узнагароды. Знайшлі свае ўзнагароды і падарункі і аўтары лепшых малюнкаў.

“У нашай арганізацыі ўжо склалася добрая традыцыя праводзіць выставы дзіцячага малюнка, бо і дзецям, і бацькам гэта цікава, — гаворыць Наталля Саракавік, спецыяліст АПБ па кампаніях і акцыях. — Нашы конкурсы малюнка маюць пэўную тэму, і сёлета дзеці адказвалі ў малюнках на пытанне “Чым шчыгол снедае?”. Нашы спецыялісты ацэньвалі не толькі прыгажосць малюнка, майстэрства ці арыгінальнасць, але і біялагічную дакладнасць. Можна сказаць, што ў нас атрымалася не проста творчая выстава — яна нясе адукацыйны пасыл. Выдатныя ілюстрацыі, якія адлюстроўваюць нестандартны мастацкі погляд кожнага дзіцяці, дазваляюць даведацца больш пра яркую і прыгожую птушку 2018 года — шчыгла. Выстава будзе доўжыцца два месяцы. Спадзяёмся, яна падорыць наведвальнікам добры настрой і новыя веды!”

Пераможцамі ў катэгорыі да 10 гадоў сталі юныя барысаўчанкі: 1-е месца — у Настассі Камневай з сярэдняй школы № 8 Барысава, 2-е падзялілі Кацярына Дашчынская з гімназіі № 1 Барысава і Ганна Баброва, навучэнка Навасёлкаўскай сярэдняй школы Барысаўскага раёна. Завяршыла тройку пераможцаў Паліна Сабалеўская з сярэдняй школы № 18 Барысава.

У катэгорыі 11—18 гадоў 1-е месца падзялілі Іванна Гаруля з сярэдняй школы № 11 Мазыра і Марыя Кароткая, навучэнка сярэдняй школы № 20 Барысава. 2-е месца дасталася Ганне Церашонак з гімназіі Быхава. Прызавое 3-е месца падзялілі Яна Янчэўская з гімназіі № 1 Слуцка і Валерыя Гаўрыльчык з сярэдняй школы № 20 Барысава.

“На працягу года шчыгол прыцягваў увагу не толькі юных мастакоў, — дзеліцца вынікамі года Алеся Башарымава, прэс-сакратар АПБ. — У нас прайшло шмат мерапрыемстваў, якія дапамагалі прыцягнуць увагу не толькі да шчыгла, але і да ўсіх вераб’іных птушак. Гэта тыя птушкі, побач з якімі мы жывём цэлы год і таму рэдка думаем пра іх праблемы. А гэтым птушкам таксама неабходна дапамога. Напрыклад, мы рэкамендавалі рабіць налепкі на вокны ці вешаць на іх фіранкі, каб птушка бачыла, што няма скразнога пралёту, і не разбівалася аб шкло, як часта здараецца. Не высякаць усе хмызы на дачах: шчыгол любіць жыць у хмызах, харчавацца калючкамі, а іх дачнікі высякаюць на сваіх участках і ў наваколлі. Не меншая небяспека — каты. У Вялікабрытаніі, напрыклад, каты, якія гуляюць у дзікай прыродзе, з’яўляюцца самай вялікай праблемай, менавіта яны — найбольшая пагроза для птушак. Актуальная гэтая праблема і для Беларусі. Каб яе зменшыць, мы рэкамендуем надзяваць на шыю катам званочкі, каб птушка загадзя пачула пагрозу і паспела ўзляцець”.

У дачыненні да вялікага арляца сітуацыя асаблівая тым, што птушка сапраўды вельмі рэдкая, ёй пагражае глабальнае знікненне. У Беларусі — адна з самых вялікіх яе папуляцый, усяго 120—150 пар. Для параўнання: у суседніх краінах Еўропы іх лічаныя пары. І прынцыпова тут тое, што вялікі арлец любіць глухія мясціны на балотах і ля балот, вельмі баіцца чалавека.

Валерый Дамброўскі, кандыдат біялагічных навук, каардынатар праекта АПБ па ахове вялікага арляца, тлумачыць: “Вялікаму арляцу пагражае шмат фактараў: знікненне нізінных балот — галоўных месцаў пражывання гэтай птушкі, турбаванне з боку чалавека ў гнездавы перыяд: калі нехта ў гэты час будзе хадзіць пад гняздом, вялікі арлец яго пакіне. Будаўніцтва дарог на Альманскіх балотах, збор ягад на гнездавых участках — гэта ўсё негатыўныя фактары. Таксама пагрозу нясе памяншэнне разнастайнасці відаў ахвяр у месцах палявання арляца — кулікоў, пастушковых, качак. Гэта агульная тэндэнцыя па ўсім Палессі”.

Для таго каб захаваць папуляцыю вялікага арляца ў Беларусі, АПБ ужо некалькі гадоў праводзіць акцыю “Выратуй арляня!”. У межах акцыі ладзяцца экспедыцыі па пошуку гнёздаў гэтых птушак, каб потым аддаць гэтыя ўчасткі пад ахову, інспектуюцца вядомыя гнёзды, каб папярэдзіць шкоду для арляцоў ці пакараць парушальніка. Штогод пасля лістапада валанцёры АПБ бяруць удзел у пошуках гнёздаў на новых гнездавых участках.

Вялікія арляцы ўжо адляцелі ў вырай. Летась спецыялісты АПБ прымацавалі перадатчыкі на 8 арляцоў. За іх міграцыяй і перамяшчэннямі на зімоўцы ў Грэцыі і Афрыцы можна сачыць на карце ptushki.org/eagle.

Каб залішняя ўвага да вялікага арляца не прынесла шкоды самой птушцы, якой гэтая ўвага якраз і не трэба, спецыялісты АПБ прымаюць меры. “Калі мы робім карту міграцыі арляца і паказваем, як яны вяртаюцца ў Беларусь, мы спецыяльна абрываем і не паказваем на карце канкрэтныя мясціны, дзе яны жывуць, каб ахвотныя не адправіліся туды рабіць сэлфі з арляцом. Таму траекторыя палёту на мяжы з Беларуссю абрываецца. Але мы верым у адэкватнасць нашых людзей і ў тое, што яны не будуць завітваць у самыя глухія мясціны. А калі людзі будуць бачыць, што прыродзе наносіцца ўрон, пачынаецца нейкае будаўніцтва ці высечка, яны змогуць паведаміць пра гэта нам, каб вырашаць праблему на больш высокім узроўні. Бо ў нацыянальнай кампаніі па ахове птушкі года зацікаўлена і дзяржава, таму мы зможам выступаць свайго роду медыятарамі паміж людзьмі і дзікай прыродай”, — гаворыць Алеся Башарымава.

Нацыянальную кампанію “Птушка года” АПБ праводзіць з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі, іх праблем і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць. Увесь наступны год будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя вялікаму арляцу, да якіх змогуць далучыцца дарослыя і дзеці.

Святлана НІКІФАРАВА.