Новы год у школьным музеі

Актыў школьнага музея Дружбы народаў сярэдняй школы № 8 Гродна весела і творча адзначыў Новы год у сценах музея.

Новы год — адно з самых любімых свят у свеце. Аднак адзначаюць яго народы па-рознаму. Пры гэтым практычна ўсюды ёсць і свае незвычайныя навагоднія традыцыі. А ці ведаеце вы, як святкуюць Новы год нашы суседзі — палякі, украінцы? Або немцы, яўрэі, французы? Члены cавета музея сярэдняй школы № 8 Гродна сустрэлі інтэрнацыянальны Новы год і расказалі пра асаблівасці яго святкавання.

Кожны з удзельнікаў выбраў сабе па душы нацыянальнасць, якую павінен быў прэзентаваць на вечарыне. Да мерапрыемства трэба было падрыхтавацца: у творчай форме прадставіць Новы год выбранага народа, апрануць нацыянальны атрыбут, правесці з усімі гульню, конкурс або варажбу, згатаваць нацыянальную страву.

Падчас вечарыны адбылося знаёмства з польскім, яўрэйскім, нямецкім, французскім і ўкраінскім Новым годам.

Прэзентацыя свята суправаджалася відэаролікамі, дэманстрацыяй самастойна створаных калажаў і плакатаў. Члены савета музея ўдзельнічалі ў прапанаваных конкурсах і сумеснай фотасесіі, а таксама сваімі рукамі зрабілі віншавальную паштоўку ад беларусаў іншым народам, выказваючы талерантнасць, павагу і сяброўскія адносіны. Музейны Новы год закончыўся інтэрнацыянальным чаяпіццем і салодкім сталом.

Таццяна ЛОЙША,
настаўніца сярэдняй школы № 8 Гродна.