Новы імпульс патрыятычнага выхавання

- 11:37Навіны рэгіёнаў

Патрыятычнае выхаванне навучэнцаў павінна быць адным з галоўных прыярытэтаў дзейнасці ўстаноў адукацыі. Такога меркавання прытрымліваюцца педагагічныя калектывы навучальных устаноў Глускага раёна. Па ініцыятыве аддзела па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама дзейнасці па прывіцці падрастаючаму пакаленню асноў грамадзянскасці і патрыятызму ў раёне ўдзяляюць асаблівую ўвагу.

За трыяду Года малой радзімы ў Глускім раёне вялікая работа была праведзена па добра­ўпарадкаванні ўстаноў адукацыі.

— Прывіццё моладзі любові да роднага краю, да сваёй Радзімы заў­сёды было адным з галоўных кірункаў работы ўстаноў адукацыі Глушчыны. Новы імпульс дзейнасці па патрыятычным выхаванні надала трыяда Года малой радзімы. Нашы педагогі прыйшлі да думкі, што Год малой радзімы мае два асноўныя складнікі. Гэта найперш вяртанне да сваіх вытокаў, вывучэнне гісторыі сваёй школы, свайго дзіцячага сада, захаванне памяці пра настаўнікаў, выхавальнікаў, пра тое, як яны працавалі, вучылі дзяцей. Акрамя гэтага, немалую ролю мае стварэнне камфортнага адукацыйнага асяроддзя, канкрэтныя справы і дзеянні, якія зробяць будынкі навучальных устаноў, іх тэрыторыі прывабнымі, утульнымі, сучаснымі. Па двух гэтых кірунках мы актыўна працавалі на працягу трох гадоў, — паведаміла начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме Глускага райвыканкама С.М.Лісіца.

Па яе словах, за гэты час была праведзена сапраўды значная работа. Адно з найбольш важкіх дасягненняў — істотнае абнаўленне знешняга выгляду навучальных устаноў. Раён трапіў у Дзяржаўную праграму мадэрнізацыі ўстаноў адукацыі. Дзякуючы гэтай фінансавай падтрымцы, капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі быў праведзены ў гімназіі Глуска, сярэдняй школе № 2 райцэнтра. Рамонтныя работы прайшлі і ў сярэдняй шко­ле № 1, і ў гарадскіх дзіцячых садках.

— Не забываліся мы і пра сельскія ўстановы. Маштабны рамонт адбыўся ў Заеліцкім вучэбна-педагагічным комплексе. Па рэспубліканскай праграме перааснашчэння ўстаноў адукацыі практычна ва ўсе сельскія школы (у Клятнянскую, Усцярхоўскую, Заеліцкую, Завалочыцкую) былі пастаўлены мультыборды. Цяпер установы адукацыі раёна маюць усе магчымасці для ўкаранення інавацыйных метадаў навучання. Але работа па абнаўленні навучальных устаноў будзе працягвацца, — адзначыла Святлана Мікалаеўна.

Акрамя абнаўлення і добраўпарадкавання навучальных устаноў, педагагічныя калектывы Глушчыны імкнуліся вывесці на новы ўзровень патрыятычнае выхаванне моладзі.

— Звыклыя формы, што выкарыстоўваліся доўгі час, сталі дзесьці ўжо фармальнымі. Гэта трэба прызнаць, а работу ажыўляць. Пры змене пакаленняў павінны мяняцца, а таксама з’яўляцца новыя формы работы. Але новае не можа з’явіцца на абсалютна пустым месцы, ні на чым не грунтуючыся. Чалавек моцны сваімі каранямі, самы надзейны з якіх — памяць. Каб упэўнена ісці наперад, трэба ведаць сваю гісторыю. Гісторыю сваёй краіны дзеці вывучаюць у школе, таму мы паставілі перад сабой лакальную задачу — даведацца пра больш блізкае, роднае, тое, што знаходзіцца побач, і вырашылі больш увагі ўдзяляць гісторыі сваіх устаноў адукацыі, — расказала С.М.Лісіца.

У гэтым напрамку ў раёне ў новым ключы ўзнавілі такую форму работы, як сустрэчы са славутымі землякамі. Зараз яны рэгулярна праходзяць ва ўсіх школах раёна. І гэта дае чаканыя вынікі, бо ніякія кнігі, фільмы не заменяць тых размоў, тых сустрэч у школе з рэальнымі знаёмымі людзьмі, бабулямі, дзядулямі, якім ёсць што расказаць і ўспомніць. 

— Каб яшчэ больш выклікаць цікавасць да гістарычнага мінулага, паміж установамі адукацыі мы аб’явілі конкурс куткоў малой ра­дзімы. Гэтая творчая работа атрымалася ва ўсіх па-рознаму: у адных куткі створаны ў выглядзе стэндаў, у другіх атрымалася экспазіцыя, а трэція выдзелілі асобнае месца і дапоўнілі школьны музей. Дарэчы, гэты конкурс стаў штуршком да стварэння ў першай школе райцэнтра музея Сяргея Грахоўскага, які мы імкнёмся адкрыць да 110-годдзя паэта. Летась у нас ішла вялікая работа па стварэнні летапісаў усіх без выключэння існуючых сёння ў раёне ўстаноў адукацыі. Вынікі таксама атрымаліся значнымі і гамадска патрэбнымі. Нельга не сказаць і пра тое, што было зроблена ў рамках акцыі “Беларусь памятае”. Усе актыўна ўключыліся ў гэтую работу — ад настаўнікаў да вучняў, бо ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны ёсць у кожнай сям’і і памяць пра іх трэба захоўваць, — падкрэсліла Святлана Мікалаеўна.

Сустракаючыся з канкрэтнымі людзьмі, вывучаючы гісторыю сваёй сям’і, школы, глускія школьнікі быццам дакранаюцца да гісторыі свайго раёна, сваёй краіны. Кіраўніцтва сістэмы адукацыі раёна ўпэўнена: толькі так, на прыкладах з жыцця, праз размовы, праз пошук, вывучэнне мінулага малой радзімы, можна выхаваць моладзь высокамаральнай і патрыятычнай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена аддзелам па адукацыі, спорце і турызме Глускага райвыканкама.