Новы імпульс выхаванню

Адна з прыярытэтных задач устаноў адукацыі Магілёўшчыны на бягучы навучальны год — павысіць далучанасць бацькоў да выхавання дзяцей.

—Сёння ідзе своеасаблівая барацьба за розумы і душы маладога пакалення. Разбуральнаму інфармацыйнаму ўздзеянню падвяргаюцца базавыя маральныя і культурныя нормы, інстытут шлюбу, сямейныя каштоўнасці. Абсалютызуюцца свабода асобы, ажыццяўляецца актыўная прапаганда ўсёдазволенасці, амаральнасці і эгаізму. Мы сутыкаемся з пагрозай страты моладдзю традыцыйных духоўных арыенціраў, устойлівых маральных прынцыпаў. Паўплываць на сітуацыю можна толькі агульнымі намаганнямі. Намаганнямі грамадства, устаноў адукацыі і сям’і. Прычым актыўны ўдзел у гэтай рабоце бацькоў — неабходнасць. Бо выхаванне дзіцяці пачынаецца ў сям’і. Менавіта сям’я з’яўляецца для маленькага чалавека мікрамадэллю грамадства. Аднак у некаторых сем’ях пытанні выхавання патрыятызму, грамадзянскасці не лічацца важнымі і часта выклікаюць толькі здзіўленне. Таму ўзаемадзеянне сям’і, школы і грамадскіх інстытутаў у цяперашні час набывае асаблівую актуальнасць, патрабуе вялікага такту і цярпення, — лічыць намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама І.М.Кускова.

Па яе словах, у гэтым навучальным годзе перад установамі адукацыі рэгіёна пастаўлена задача павысіць матывацыю бацькоў у іх сацыяльнай адказнасці па выхаванні дзяцей. У навучальных установах перагледжаны арганізацыйная структура і формы работы Бацькоўскага ўніверсітэта.

— Перш за ўсё, работа будзе нацэлена на пабудову бесперапыннага педагагічнага дыялогу ў навучанні і выхаванні дзяцей. Гэта дапаможа бацькам зразумець ключавыя кампетэнцыі супрацоўніцтва са школай. Важна, што галоўным рэсурсам у наладжванні ўзаемадзеяння павінен стаць давер бацькоў да школы, да настаўніка. Таму ў бягучым навучальным годзе ўсюды будзе ўве­дзена ацэначная шкала супрацоўніцтва сям’і і ўстановы адукацыі. Гэтая сістэма зваротнай сувязі дазволіць вызначаць актуальны ўзровень узаемадзеяння і планаваць шляхі ўключэння бацькоўскай грамадскасці ў школьнае жыццё, забяспечыўшы ўзаемакарысны саюз, у цэнтры ўвагі якога будуць знаходзіцца інтарэсы дзяцей, — расказала І.М.Кускова. — Гэта стане залогам паспяховага станаўлення асобы, якая любіць сваю краіну і паважае яе законы. Нашы дзеці павінны дакладна ведаць: чым мы валодаем, чаго гэта каштуе і як гэта здабывалася. Мірнае неба, магчымасць спакойна гуляць па вуліцах гарадоў і пасёлкаў, вучыцца і проста радавацца жыццю — гэта дасягнута болем, гераізмам і адзінствам беларускага народа. Данесці гэты пасыл — абавязак педагогаў, — дадала Ірына Міхайлаўна.

Адметна, што сёлета ва ўстановах адукацыі вобласці дадуць новы імпульс рэалізацыі праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. Да ўдзелу ў мерапрыемствах у рамках праекта больш актыўна стануць падключаць прадстаўнікоў дзяржаўных органаў кіравання, дэпутатаў, аўтарытэтных грамадзян, заслужаных людзей рэгіёна і краіны. Таксама інфармацыйныя гадзіны будуць напоўнены выступленнямі школьных прапагандысцкіх груп, якія пабудуюць па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”.

— Усё гэта дазволіць навучыць падлеткаў выразна аналізаваць інфармацыю пра сацыяльныя з’явы і працэсы. Маладыя людзі павінны ўмець правільна ўспрымаць фэйкі, якія яны часта атрымліваюць з сацыяльных сетак, умець супрацьстаяць уключэнню сябе ў дэструктыўную ці супрацьпраўную дзейнасць, — адзначыла І.М.Кускова.

Паводле яе слоў, з мэтай узмацнення ў свядомасці моладзі ролі традыцыйных духоўна-маральных і культурна-гістарычных каштоўнасцей усюды будзе прадоўжана рэалізацыя абласнога праекта “#Мая_Зямля_Пры­дняпроўе”. Гэтая ініцыятыва ўжо аб’яднала ў імкненні да вывучэння здабыткаў роднага краю тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту — ад дашкольнікаў да навучэнцаў каледжаў. Вывучэнне знакавых аб’ектаў малой радзімы дазволіла дзецям стаць нават не краязнаўцамі, а сапраўднымі краялюбамі, адчуць сваю датычнасць да гераічнай гісторыі, духоўна-маральных рэліквій і традыцый беларускага народа.

— Адзін з яркіх прыкладаў юных краялюбаў — навучэнцы Ленінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Горацкага раёна. Разам з педагогамі яны стварылі інтэрактыўную гісторыю “Памяці нашай сцежкі”, якая змяшчае 31 QR-код. Дзеці падрабязна даследавалі абеліскі, воінскія пахаванні, мемарыялы, населеныя пункты, якія спынілі сваё існаванне, былі знішчаны фашызмам. Зараз любы, хто жыве нават за тысячы кіламетраў ад аграгарадка Леніна, можа віртуальна наведаць яго знакавыя месцы. З верасня экскурсійныя маршруты пашырацца. Навучэнцаў чакае знаёмства і даследаванне багатай спадчыны ўсёй нашай вобласці. Значна, што праект “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе” не мае часавых рамак. Яго развіццё — у дзецях, якія прыйшлі ў гэты праект, у людзях, якія жывуць побач, у будучых дасягненнях Магілёўшчыны, — падкрэсліла Ірына Міхайлаўна.

Дарэчы, у новым навучальным годзе ў рэгіёне рэалізуюць яшчэ адну важную ў плане выхавання моладзі ініцыятыву. На базе Магілёўскага кадэцкага вучылішча імя Я.М.Нікалаенкі стварылі абласны патрыятычны цэнтр. Ужо ў верасні яго пач­нуць наведваць юнакі 8—10 класаў школ вобласці, у тым ліку ў шосты школьны дзень. Са студзеня плануецца арганізаваць у патрыятычным цэнтры навучанне і выхаванне вучняў 10-х класаў з усіх раёнаў. Юнакі змо­гуць паспрабаваць кадэцкае жыццё. Абавязковым для іх будзе вывучэнне асноў ваеннай справы, страявыя заняткі, наведванне воінскіх часцей, экскурсіі патрыятычнай накіраванасці. У прафарыентацыйнай рабоце бу­дуць задзейнічаны і навучэнцы 5—8 класаў. Патрыятычны цэнтр таксама забяспечыць метадычнае суправаджэнне кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні ўсіх школ вобласці.

— Запланавана шмат новаўвядзенняў, якія павінны паспрыяць таму, каб работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі выйшла на новы, больш якасны ўзровень. Аднак вельмі важна, каб у гэтым былі зацікаўлены самі педагогі. Менавіта настаўнік — апора, правадыр ідэй і палітыкі дзяржавы. Якія б ні былі створаны ва ўстановах адукацыі матэрыяльныя ўмовы, укаранёны новыя тэхналогіі — без настаўніка школа нішто, — пераканана І.М.Кускова.

Па гэтай прычыне павышаная ўвага будзе ўдзяляцца ўдасканаленню прафесійнага майстэрства настаўнікаў, іх асобаснаму развіццю. Бо ўносіць свой пасільны ўклад у агульную справу выхавання, гадаваць годнае маладое пакаленне беларусаў — першасная задача кожнага педагога.

НА ЗДЫМКУ: юныя краялюбы з Ленінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Горацкага раёна з энтузіязмам даследуюць сваю малую радзіму. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі.