Новы стымул для гульні ў футбол

Навучэнцы Новасамацевіцкай сярэдняй школы Касцюковіцкага раёна сур’ёзна захапляюцца фізкультурай і спортам. Асабліва цікавы ім футбол. Ва ўстанове ёсць свая футбольная каманда, якая паспяхова выступае на розных спаборніцтвах.

— Педагагічны калектыў Новасамацевіцкай сярэдняй школы вялікую ўвагу ўдзяляе далучэнню навучэнцаў да здаровага ладу жыцця, заняткаў фізкультурай і спортам. У асноўным гэтай работай займаецца настаўнік фізічнай культуры і здароўя Уладзімір Яўгенавіч Сальнікаў. Пад яго кіраўніцтвам вучні з асаблівай цікавасцю гуляюць у футбол. І трэба сказаць, што школьная каманда вельмі паспяхова выступае на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Школа нават была вызначана ў раёне апорнай пляцоўкай па развіцці гэтага віду спорту, — паведаміла галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі, спорце і турызме Касцюковіцкага райвыканкама С.В.Глушакова.

Паводле яе слоў, нядаўна ў хлопчыкаў і дзяўчынак з Новых Самацевіч з’явіўся новы стымул для ўдасканалення сваёй спартыўнай падрыхтоўкі. Навучальная ўстанова перамагла ў адпаведным конкурсе і была ўключана ў рэспубліканскі спартыўна-масавы сацыяльны праект “Мой школьны футбольны клуб”. Яго арганізатарам выступае Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола”. Мэта праекта — фарміраванне ў навучэнцаў каштоўнасных адносін да заняткаў фізічнай культурай праз гульню ў футбол, развіццё і папулярызацыя дзіцячага футбола ў школе.

— У рамках праекта новасамацевіцкай школе быў перададзены спартыўны інвентар: конусы, фішкі, манішкі, вароты, касцюмы, майкі, камплекты кубкаў, дыпломы, медалі, прызы. Адных толькі футбольных мячоў было перададзена 140 штук, — падкрэсліла Святлана Віктараўна.

Уручэнне спартыўнага інвентару праходзіла ва ўрачыстай абстаноўцы. На мерапрыемстве прысутнічалі старшыня Касцюковіцкага райвыканкама А.В.Гарбачэўскі, начальнік аддзела масавага футбола Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” В.В.Валасюк, кіраўнік праекта “Мой школьны футбольны клуб” В.У.Антоненка. У новасамацевіцкую школу прыехалі таксама трэнеры, якія прайшлі практыку ў футбольным клубе “Мілан” у Барселоне. Яны правялі для дзяцей вучэбныя майстар-класы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Вольгі КРЫВАШЭЕВАЙ.