Новы вектар маладзёжнай дружбы

- 11:32Актуально, Апошнія запісы

Геаграфія беларускай міжнароднай дружбы і супрацоўніцтва пашыраецца. У суботу Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Саюз моладзі Узбекістана падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. Гэта стала першым крокам да ўсталявання і развіцця ўзаемавыгадных кантактаў паміж моладдзю дзвюх краін.

Мемарандум прадугледжвае ўдзел прадстаўнікоў Беларусі і Узбекістана ў рабоце міжнародных канферэнцый, круглых сталоў, фестываляў, выстаў, арганізацыю візітаў маладзёжных дэлегацый у гарады Беларусі і Узбекістана, а таксама аказанне ўзаемнай падтрымкі ў правядзенні мерапрыемстваў у галіне навукі, адукацыі, прадпрымальніцтва, занятасці, турызму, інфармацыйных тэхналогій, культуры і спорту.

— БРСМ і Саюз моладзі Узбекістана з 2018 года ўсталявалі партнёрскія адносіны, якія грунтуюцца на прынцыпах дружбы і ўзаемнай павагі. Менавіта такі прыклад падаюць маладзёжным арганізацыям кіраўнікі нашых дзяржаў, якія заклалі і ўмацоўваюць надзейны падмурак узаемаадносін Беларусі і Узбекістана. Нашы прадзеды разам ваявалі ў Вялікую Айчынную вайну, узбекскія сем’і прымалі дзяцей з усяго Савецкага Саюза. І сёння мы, моладзь — нашчадкі гэтых традыцый, працягваем за круглым сталом выпрацоўваць стратэгію супрацоўніцтва, абмяркоўваем пункты ўзаемадзеяння, — сказаў першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк.

Ён адзначыў, што канкрэтныя праекты супрацоўніцтва маладзёжных арганізацый дзвюх краін будуць абмяркоўвацца ў тым ліку падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, які пройдзе ў 2019 годзе. У прыватнасці, перамовы плануюць правесці маладзёжныя арганізацыі Мінскай і Андыжанскай абласцей.

Па словах першага намесніка старшыні Цэнтральнага савета Саюза моладзі Узбекістана Алішэра Садулаева, падпісаны мемарандум дазволіць развіваць маладзёжны турызм, ажыццяўляць студэнцкія абмены, валанцёрскую дзейнасць.

— Мы б хацелі павучыцца ў беларусаў развіваць IT-сферу, чалавечы капітал. Акрамя таго, нам неабходна развіваць і інфармацыйны складнік дзвюх краін, выбудаваць інфармацыйны мост паміж моладдзю Узбекістана і Беларусі. Вельмі важна ведаць, як твае аднагодкі ў іншай краіне робяць карысныя справы для краіны, сваёй сям’і, сябе асабіста, вырашаюць маладзёжныя праблемы. БРСМ — наш стратэгічны партнёр, і напрацаваны Саюзам моладзі вопыт у нас ва Узбекістане вельмі запатрабаваны. Мы ўжо абмеркавалі шэраг патэнцыяльных праектаў, якія маглі б быць карыснымі як беларускаму боку, так і нам. Але не трэба спрабаваць ахапіць адначасова ўсе магчымыя сферы супрацоўніцтва. Хай для пачатку будзе некалькі, але канкрэтных спраў. Напрыклад, з нашага боку мы гатовы падзяліцца напрацоўкамі па лідарскіх праграмах і кіраванні вялікімі маладзёжнымі калектывамі, — зазначыў Алішэр Садулаеў.

Арганізацыі ўжо маюць вопыт удзелу ў сумесных праектах Маладзёжнага савета Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Менавіта на пасяджэнні МС ШАС у Цындаа (КНР) летам гэтага года, дзякуючы ініцыятыве Дзмітрыя Варанюка, быў пакладзены пачатак міжнародным адносінам дзвюх краін у галіне маладзёжнага супрацоўніцтва.

Праграмай гасцявання дэлегацыі Узбекістана было прадугледжана азнаямленне з гістарычнымі і культурнымі аб’ектамі краіны, у прыватнасці, госці наведалі музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік у Нясвіжы, пазнаёміліся з дзейнасцю IT-кампаніі “Гейм-стрым” (Wargaming). Візіт дэлегацыі Саюза моладзі Узбекістана праходзіць у адпаведнасці з рэалізацыяй дарожнай карты развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлена БРСМ.