Новы вопыт — праз супрацоўніцтва

Гасцей з Расіі і Польшчы сустракалі ў сярэдняй школе № 16 Гродна. Тут адбыўся міжнародны семінар-практыкум “Адукацыйнае асяроддзе як фактар паспяховай адаптацыі і сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”.

Гэтая гродзенская школа мае свае адметнасці — тут дзейнічаюць класы інтэграванага навучання і выхавання, у якіх вучацца дзеці з праблемамі слыху і якім былі зроблены аперацыі па ўжыўленні кахлеарных імплантаў. Некалькі гадоў назад тут зрабілі яшчэ адзін важны крок у інклюзіўнай адукацыі — пачалі навучанне дзяцей з аўтызмам.

— У нашай школе амаль 4% асаблівых дзяцей, мы хочам навучыць іх жыць самастойна, адаптаваць да жыцця ў грамадстве, — гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 16 Гродна Наталля Сачэўка. — Увесь адукацыйны і выхаваўчы працэс арганізаваны так, каб гэтыя дзеці былі ўцягнуты ў жыццё школы, удзельнічалі ў мерапрыемствах, а іх аднакласнікі ўспрымалі іх як роўных сабе. Мы лічым, што так ідзе гуманізацыя выхавання праз інтэграцыю. Нашы спецыялісты пастаянна шукаюць новыя методыкі, асвойваюць новыя прыёмы работы. Таму супрацоўніцтва з іншымі навучальнымі ўстановамі — гэта новы вопыт і новыя магчымасці.

Даговорныя адносіны наладжаны з муніцыпальнай бюджэтнай агульнаадукацыйнай установай “Замішаўская сярэдняя агульнаадукацыйная школа” Навазыбкаўскага раёна Бранскай вобласці (Расійская Федэрацыя) і сярэдняй школай з інтэграцыйнымі аддзеламі № 2 Сакулкі (Польшча). Іх прадстаўнікі прынялі ўдзел у семінары-практыкуме.

Па традыцыі хлебам-соллю гасцей віталі дырэктар і першакласніцы спецыяльнага класа Кіра Іванова і Ганна Кельнік, якіх добра ведаюць у школе Сакулкі — дзяўчынкі ўдзельнічалі там у песенным фестывалі.

Дарослыя пабывалі на адкрытых уроках: настаўніца пачатковых класаў Ганна Раманчук правяла заняткі ў 3 класе па прынцыпах педагагічнай эрганомікі; намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўнік-дэфектолаг Вольга Саўчык — карэкцыйныя заняткі ў 4 класе “Развіццё вуснай мовы і слыхавога ўспрымання”; настаўнік-дэфектолаг Вольга Рыбінская — заняткі ў 2 класе з выкарыстаннем элементаў пескаграфіі; заняткі па ментальнай арыфметыцы правялі настаўнікі Людміла Смачак і Надзея Ашурка.

— Дзеці з аўтызмам вельмі любяць заняткі з пяском — гэта іх заспакойвае, рэлаксіруе, развівае. Пасля такіх заняткаў яны сталі браць у рукі мел, спрабуюць самастойна пісаць на дошцы, — расказвае настаўнік-дэфектолаг Вольга Зянонаўна Рыбінская.

А потым дарослыя ператварыліся ў вучняў і сталі ўдзельнікамі майстар-класаў “Каменная казка”. Менавіта арт-тэрапія актыўна выкарыстоўваецца ў сярэдняй школе № 16, якая мае мастацкі кірунак, для інклюзіўнай адукацыі. Госці пад кіраўніцтвам настаўнікаў выяўленчага мастацтва Таццяны Сердзюковай і Алены Захарэвіч зрабілі паштоўку “Вясновыя кветкі” ў тэхніцы малявання драблёнымі мінераламі і сувенір “Кветкі і матылі” — размалявалі акрылавымі фарбамі каменьчыкі. Майстар-клас па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве “Развіццё дробнай маторыкі, творчых здольнасцей дзяцей малодшага школьнага ўзросту” правяла настаўніца пачатковых класаў Замішаўскай школы Таццяна Маўчанава.

Падчас круглага стала абмяркоўваліся пытанні навучання, выхавання, карэкцыі ў дзяцей з парушэннямі слыху, кампенсаванага кахлеарнымі імплантамі, дзяцей з аўтыстычнымі парушэннямі. Быў прадстаўлены праект “Сацыяльная інтэграцыя ў школьнае асяроддзе дзяцей з асаблівасцямі развіцця з актыўным удзелам бацькоў і валанцёраў”, які рэалізоўваецца ў сярэдняй школе № 16 Гродна.

— У нашых сістэм інклюзіўнай адукацыі ёсць свае асаблівасці, таму так карысна даведацца пра новы вопыт, — гаворыць дырэктар Замішаўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Галіна Банадыкава. — Такое супрацоўніцтва ідзе на карысць нашым дзецям.

А са школай з Сакулкі гродзенцы намецілі новы праект — правядзенне дыстанцыйных урокаў па рускай мове, каб дзеці маглі ўдасканальваць моўныя навыкі непасрэдна ў зносінах са сваімі равеснікамі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.