Новыя алімпіядныя вяршыні

- 13:03Навіны рэгіёнаў

Імя навучэнца сярэдняй школы № 17 Ліды Сяргея Лазы і яго настаўніка Дзмітрыя Цежыка ўжо знаёма чытачам “Настаўніцкай газеты”. Пра тое, што хлопец у мінулым годзе заваяваў сярэбраны медаль на XXV Міжнароднай алімпіядзе па фізіцы ў Рэспубліцы Саха Расійскай Федэрацыі, мы паведамлялі.

Ізноў з’явілася падстава расказаць пра новыя дасягненні школьніка і яго настаўніка: Сяргей заваяваў бронзавы медаль на ХV Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе па матэматыцы і фізіцы ў Казахстане. Удзел у алімпіядзе прымала больш за 150 навучэнцаў з дваццаці краін.

Значныя дасягненні паказалі навучэнцы школы і па выніках абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. 15 навучэнцаў адзначаны дыпломамі і граматамі: Ксенія Бароўская (інфарматыка), Вераніка Шашко, Юлія Юркевіч, Настасся Шатохіна, Юлія Какошка, Вольга Гейштаўт (хімія), Мікіта Кардаш і Данііл Лемантовіч (працоўнае навучанне), Паліна Паўленка, Ульяна Каравайка, Кацярына Раманцэвіч, Ульяна Бальцэвіч (біялогія), Настасся Аўраменка (беларуская мова і літаратура), Якаў Бакуновіч і Ясенія Лушко (фізіка). Дарэчы, падрыхтаваў Якава і Ясенію да паспяховага выступлення на алімпіядзе Дзмітрый Аляксандравіч Цежык.

Данііл Лемантовіч і Настасся Аўраменка атрымалі дыпломы І ступені.

Як расказалі ў 17-й школе, за гады работы Д.А.Цежыка яго навучэнцы атрымалі 94 дыпломы па фізіцы і астраноміі, сярод іх дзевяць — рэспубліканскага ўзроўню і тры — міжнароднага.

Да поспеху сваіх вучняў прывялі таксама настаўнікі Анжэла Уладзіміраўна Цярэшчанкава, Жанна Сцяпанаўна Лябецкая, Святлана Андрэеўна Губейка, Казімір Казіміравіч Лемантовіч, Святлана Пятроўна Кашко, Ганна Чаславаўна Апанас, Яніна Эдмундаўна Санюк. Дарэчы, у Ж.С.Лябецкай і Я.Э.Санюк на абласным этапе алімпіяды адзначыліся па тры вучні.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.