Новыя гарызонты Максіма Багдановіча

Напярэдадні юбілею беларускага класіка ў Мінску сустрэліся багдановічазнаўцы з Беларусі, Расіі і ЗША на міжнароднай навукова-­практычнай канферэнцыі “Максім Багдановіч — новыя гарызонты навуковых даследаванняў”. 

Класік з таямніцамі

І хоць ужо зроблена шмат адкрыццяў, але па-ранейшаму застаецца нямала прабелаў у нашых ведах пра жыццё і творчасць М.Багдановіча.

З біяграфіяй і творчасцю Максіма Багдановіча мы ўпершыню знаёмімся ў сярэдняй школе. Але ў такім юным узросце толькі адзін­кі пачынаюць разумець велічнасць нашага знакамітага паэта, які ўсё сваё кароткае жыццё аддаў служэнню свайму народу. Ён так мала пражыў, але так многа пакінуў пасля сябе, у тым ліку і загадак, якіх хопіць яшчэ не на адно пакаленне даследчыкаў, што будуць расстаўляюць усе кропкі над “і”.

Міхаіл Бараноўскі, загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, на палях якога і прайшла канферэнцыя, нагадаў, што вынікам аналагічнага папярэдняга мерапрыемства стала выданне “М.Горький и А.Богданович. Дружба, рожденная на берегах Волги”. Яно паспрыяла знаходцы невядомага аўтографа паэта, які пасля быў размешчаны ў каталогу “Аўтографы Максіма Багдановіча”, што выйшаў напрыканцы 2020 года.

Міхаіл Бараноўскі: “Лічу важнай работай любога музея ўвядзенне ў навуковы ўжытак тых багаццяў, якімі валодае ўстанова”. 

“Гэта плён працы вялікай колькасці людзей, у тым ліку нашай супрацоўніцы Ірыны Мышкавец, якая шмат працавала над выданнем, прысвечаным А.Багдановічу і М.Горкаму, і над каталогам аўтографаў. Лічу гэта найважнейшай падзеяй, якая адбылася ў багдановічазнаўстве за апошнія гады. Хораша, што зараз мы маем выданне, у якім сабраны ўсе аўтографы, усё, што напісана рукой Максіма Багдановіча з таго, што мы ведаем на цяперашні момант, — падкрэсліў загадчык музея. — Паралельна з гэтым супрацоўнікі музея працавалі ў нашых фондах, у выніку напрыканцы мінулага года свет пабачыла выданне “Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Сшытак 3”. Вельмі прыемна, што атрымалася ўзнавіць гэтае серыйнае выданне, якое было пачата яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў. Для нас гэта важна і таму, што мы ўво­дзім непасрэдныя веды пра Максіма. І зараз магу анансаваць выхад “Сшытка 4”, які хутка будзе выдадзены”.

Дарэчы, сёлета выйшла кніга “Максім Багдановіч” у серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” — своеасаблівае мазаічнае палатно з унікальных звестак пра нашага класіка, прадстаўленых у храналагічным парадку, якія паступова раскрываюць самога паэта і яго акружэнне. Фрагменты ўспамінаў, лістоў, дакументаў, артыкулаў, фотаздымкаў з фондаў музея, іншых устаноў і прыватных калекцый, а таксама мастацкіх твораў — усё гэта дае магчы­масць суаднесці факты, параўнаць версіі і паспрабаваць самім зрабіць тыя ці іншыя высновы. Акрамя таго, у выдавецтве “Мастацкая літаратура” з’явілася кніга “Максім Багдановіч. Выбраныя творы” ў серыі “Народная бібліятэка”. Яе адметнасць у тым, што творы для выдання выбіралі самі беларусы і, як паказала практыка, рабілі гэта вельмі актыўна. У кнізе ёсць і вершы, і апавяданні, і пераклады, а яшчэ адзіная ілюстрацыя ў кнізе — партрэт паэта з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, які захоўваўся ў архіве сям’і, а ў канцы 60-х быў перададзены ў Беларусь.

Алесь Суша: “Сёння мы можам гаварыць, што і Максім Багдановіч — адзін з першых беларускіх букварыстаў”.

Загадак хопіць на ўсіх

Кожнае наступнае пакаленне багдановічазнаўцаў адкрывае новую інфармацыю пра паэта. Канечне, часам гэтыя веды менш актуальныя, а часам раптоўна ўзрастае грамадская цікавасць да спадчыны М.Багдановіча. За апошнія ж тры гады былі зроблены значныя знаходкі і адкрыцці.

“Найбольш важнае — гэта творы паэта. Нам пашчасціла знайсці 11 новых публікацый Максіма ў яраслаўскай газеце “Голас”. Каб разумець маштаб знаходкі, прыкладна такі ж аб’ём знаходзілі толькі ў канцы 80-х гадоў. Былі знойдзены вельмі цікавыя звесткі пра хроснага баць­ку паэта, яго стрыечнага брата і ўнесены пэўныя ўдакладненні ў радавод. Зусім нядаўна выяўлены прыжыццёвыя пераклады Максіма Багдановіча на ўкраінскую мову, надрукаваныя ў ЗША. Захоплівае дух ад думкі, што на іншым краі света, хай сабе на ўкраінскай ці англійскай мове, знаёміліся з творчасцю нашага Багдановіча. А таму можна толькі ўявіць
геаграфію багдановічазнаўства і якімі будуць гарызонты нашых даследаванняў у будучыні. Думаю, збор твораў М.Багдановіча мог скласці і 4, і 5 тамоў, калі б уся яго спадчына дайшла да нашага часу. Ён не становіцца менш значнай фігурай, наадварот, чым больш дасканала яе вывучаем, тым больш шматграннай яна бачыцца”, — расказаў Міхаіл Бараноўскі.

А яшчэ хочацца акцэнтаваць вашу ўвагу, што атрымаць найактуальнейшую інфармацыю па багдановічазнаўстве можна, перайшоўшы па спасылцы
#ні_дня_без_адкрыцця. Там размешчаны не проста дробныя ўдакладненні ці ўскосныя веды, а інфармацыя, якая можа паслужыць для працы будучых пакаленняў багдановічазнаўцаў.

Па словах намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алеся Сушы, пошукамі і знаходкамі нярэдка займаюцца бібліятэкі і музеі: “У Інстытуце беларускай культуры знаходзіліся рукапісы, дакументы Максіма Багдановіча. Адна з папак называлася “Матэрыялы да лемантара Максіма Багдановіча”. І, верагодна, гэтыя рукапісы выкарыстоўвалі Сцяпан Некрашэвіч і Мікола Байкоў у 1927 годзе пры падрыхтоўцы лемантара для дарослых. Імя Максіма Багдановіча яны дапісалі сабе ў суаўтары, магчыма, звяртаючыся да яго распрацовак, якія былі ў той час даступны. Хаця на той момант паэта ўжо 10 гадоў як не было ў жывых. Але, дзякуючы гэтаму, сёння мы можам гава­рыць, што і Максім Багдановіч —
адзін з першых беларускіх букварыстаў ра­зам з Цёткай, Коласам, Каганцом. А спадчына Багдановіча жыла, жыве і бу­дзе жыць”.


Хто ж ён — Максім Багдановіч?.. Паэт, гісторык, літаратар, публіцыст, крытык, перакладчык — класік айчыннай літаратуры і адзін са стваральнікаў сучаснай літаратурнай беларускай мовы. Але самае галоўнае — адданы сын Беларусі, Пясняр, які абуджаў сэрцы. Сёння без перабольшання можна сказаць, што ён быў і застаецца адным з самых любімых беларусамі нацыянальных паэтаў. І хочацца запытацца: якія асацыяцыі ўзнікаюць у вас, калі чуеце яго імя? “Слуцкія ткачыхі”, “Зорка Венера”, “Вераніка”, “Мяжы”… Санеты, трыялеты, рандо. Боль за суровае жыццё народа і несправядлі­васць, любоў да роднага краю і яго багатай прыроды, вера ў свой народ і яго шчаслівую будучыню. Каханне, расчараванне і перакананне, што любоў і прыгажосць выратуюць свет. А яшчэ сухоты… Ялта… Назаўсёды 25. І пульсуючае пытанне: “Ну як жа так?.. Чаму ён?..” А як бы вы працягнулі гэты ланцужок?..

Вольга АНТОНЕНКАВА.