Новыя гарызонты супрацоўніцтва

У межах знаёмства з сістэмай адукацыі Ленінскага раёна сталіцы дэлегацыя з Кітайскай Народнай Рэспублікі (раёна Січэн Пекіна) наведала сталічную гімназію № 40. У сустрэчы з педагогамі і навучэнцамі ўстановы прынялі ўдзел намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Віктар Доўнар, кіраўнік спраў адміністрацыі Вікторыя Свентаноўская, начальнік упраўлення па адукацыі Наталля Кучынская.

Дырэктар гімназіі Ігар Бабкоў пазнаёміў гасцей з дзейнасцю ўстановы, расказаў пра асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу і мерапрыемствы шостага школьнага дня. Таксама кіраўнік навучальнай установы паведаміў, што з 3 класа навучэнцы маюць права выбіраць для вывучэння ў якасці асноўнай замежнай мовы англійскую ці кітайскую.

Інфарматызацыя ўстановы прадугледжвае ўкараненне комплексу праграм кіравання адукацыяй гімназіі, стварэнне адзінай інфармацыйнай адукацыйнай прасторы, прымяненне ІКТ у выкладанні вучэбных дысцыплін, распрацоўку інтэграваных урокаў, праектную дзейнасць, актыўнае выкарыстанне рэсурсаў інтэрнэту і інш.

Гасцей гімназіі зацікавіла арганізацыя профільнага навучання ва ўстанове (на старшай ступені ў гімназіі адкрыты тры профілі: фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, гуманітарны (на павышаным узроўні вывучаецца руская і англійская мовы), а таксама сістэма прафарыентацыйнай работы (ва ўстанове трэці год дзейнічаюць групы педагагічнай накіраванасці, навучэнцы якіх наведваюць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”).

Дэлегацыя з Кітая пазнаёмілася з асаблівасцямі рэалізацыі ў гімназіі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага цэнтра спартыўнай прафарыентацыі як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы ва ўстановах адукацыі”, даведалася пра работу рэсурснага цэнтра па кіраўніцкай дзейнасці, а таксама сістэму павышэння педагагічнага майстэрства, у тым ліку праз лінгвістычныя стажыроўкі.

Члены кітайскай дэлегацыі ацанілі матэрыяльна-тэхнічную базу гімназіі, наведалі спартыўныя, трэнажорную залы, пабывалі на занятках па беларускай мове, хіміі, занятках па рукадзеллі, наведалі хобі-цэнтр гімназіі. Зацікавілі гасцей фрагменты ўрокаў па кітайскай мове, якія правялі настаўніцы Яўгенія Карповіч і Кацярына Астапковіч.

Падчас візіту абмяркоўваліся пытанні перспектыў супрацоўніцтва. Так, разглядаліся магчымасці падключэння кітайскіх дзяцей да інтэрнэт-праекта “Інтэлектуальны марафон па матэматыцы “Школа геніяў” з міжнародным удзелам, арганізатарам якога выступае гімназія, паездак беларускіх дзяцей у Кітай і кітайскіх — у Беларусь, стажыроўкі айчынных педагогаў у Паднябеснай.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота з сайта ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска.