Новыя ідэі чакаюць увасаблення

2017 год стаў адметным у гісторыі адукацыі Ганцаўшчыны: ён папоўніў скарбонку дасягненняў новымі перамогамі навучэнцаў і педагогаў, натхніў на падрыхтоўку і рэалізацыю сацыяльна-педагагічных і творча-гульнявых праектаў. Падрабязней пра гэта — наша гутарка з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Ганцавіцкага райвыканкама Брэсцкай вобласці Надзеяй Уладзіміраўнай ЗДРОК.

— Адным са значных дасягненняў мы лічым перамогу выхаванкі Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці Кацярыны Бараноўскай у Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (кіраўнік Н.А.Петручэня), за што дзяўчына ўдастоена гонару быць стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Дапытлівасць і мэтанакіраванасць навучэнцаў аб’яднання “Юны рэпарцёр” гэтай жа ўстановы сталі перадумовай іх перамогі на Рэспубліканскім конкурсе дзіцячых СМІ “Свежы вецер” (кіраўнік С.Г.Хорашава). Неардынарнае бачанне свету і нястомны творчы пошук прынеслі перамогу Кацярыне Дамарацкай на Рэспубліканскім конкурсе “Прывітанне, свет!” (кіраўнік В.М.Дзікляева), калектывам гімназіі і цэнтра творчасці на абласным конкурсе Brest Junior Fashion (кіраўнікі Н.Г.Задружная, Л.А.Анісімава). Высокі ўзровень падрыхтоўкі і вытрымкі прадэманстравала каманда “Патрыёт” сярэдняй школы № 3 Ганцавіч на абласным конкурсе “Арляня”, што дазволіла атрымаць вучням упэўненую перамогу (кіраўнік У.А.Худніцкі).

У 2017 годзе лаўрэатам абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” стала настаўніца фізікі гімназіі Ганцавіч Таццяна Анатольеўна Гурман.

Прыемна ўсведамляць, што перадавы вопыт педагогаў раёна распаўсюджваецца і дастойна ацэньваецца не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Так, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 4 Ганцавіч Святлана Іванаўна Багрова стала пераможцай Міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый краін СНД “Майстэрства без межаў” у Санкт-Пецярбургу.

— Над якімі адметнымі адукацыйнымі праектамі працуюць педагагічныя калектывы Ганцаўшчыны ў бягучым навучальным годзе?

— Нашы педагогі не спыняюцца ў развіцці, добра разумеючы, што ў сучасным свеце без пастаяннай самаадукацыі і спасціжэння перадавых тэхналогій немагчыма будучыня. У 2017/2018 навучальным годзе 4 педагагічныя калектывы ўдзельнічаюць у рэалізацыі інавацыйных праектаў, зацверджаных Міністэрствам адукацыі. У гімназіі Ганцавіч на высокім узроўні арганізавана метадычная работа, ва ўстанове другі год дзейнічае інавацыйная пляцоўка па ўкараненні індывідуальных траекторый прафесійнага росту педагогаў. У гарадскіх школах № 1 і № 3 педагагічныя калектывы працуюць над фарміраваннем у навучэнцаў маральных каштоўнасцей праз арганізацыю валанцёрскага руху. У самай вялікай сельскай Хатыніцкай сярэдняй школе педагогі ўдзельнічаюць у праекце, які дае магчымасць будучым выпускнікам самастойна вызначыцца ў прафесіі.

Вялікай папулярнасцю сярод навучэнцаў карыстаецца “Англійскі клуб” сярэдняй школы № 1 Ганцавіч. Пад умелым кіраўніцтвам настаўніцы англійскай мовы Юліі Васільеўны Забароўскай вучні ўдасканальваюць камунікатыўныя навыкі, узбагачаюць слоўнікавы запас, вядуць перапіску з равеснікамі з іншых краін, удзельнічаюць у рэалізацыі праектаў, з карысцю праводзяць вольны час.

У бягучым навучальным годзе для актывізацыі дзейнасці органаў вучнёўскага самакіравання ў раёне рэалізоўваецца мнагаэтапны праект “Дзіцячая і маладзёжная ініцыятыва ў дзеянні”. У межах праекта творчыя каманды ўстаноў прадстаўляюць сваю сістэму самакіравання, сродкі масавай інфармацыі, абгрунтоўваюць актуальнасць уласных сацыяльна значных ініцыятыў. Завяршальным этапам праекта стане выязны семінар-практыкум для лепшых каманд.

Штогод у межах аздараўленчай кампаніі раённы лагер “Лідар” ажыццяўляе сацыяльна-педагагічны праект, накіраваны на развіццё лідарскіх якасцей, творчага патэнцыялу дзяцей і падлеткаў. Летась па выніках абласнога конкурсу праект “10 лідарскіх вяршынь” удастоены дыплома І ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. І ў 2018 годзе новыя ідэі чакаюць свайго ўвасаблення ад юных актывістаў раёна.

— Надзея Уладзіміраўна, якая работа ва ўстановах адукацыі раёна вядзецца з адоранымі дзецьмі? Як арганізавана профільнае навучанне?

— Работа з адоранымі дзецьмі ва ўстановах адукацыі арганізавана праз сістэму дадатковай адукацыі, факультатыўных і стымулюючых заняткаў, прадметных тыдняў, алімпіяд, пазакласных мерапрыемстваў. З 2004 года дзейнічаюць міжшкольныя факультатывы для навучэнцаў 9—11 класаў. З мэтай выяўлення творчага патэнцыялу і падтрымкі адораных навучэнцаў праводзяцца раённыя фестывалі і конкурсы выхаваўчай накіраванасці.

Навучэнцы і калектывы, якія дасягнулі высокіх вынікаў за навучальны год, атрымліваюць граматы аддзела адукацыі падчас штогадовай цырымоніі ўзнагароджання “Школьныя надзеі”. Адзінаццацікласнікі, якія сталі пераможцамі рэспубліканскіх і абласных конкурсаў, спаборніцтваў і праявілі высокі ўзровень сацыяльнай актыўнасці за гады навучання, прымаюць удзел у калядных сустрэчах з кіраўніцтвам раёна.

Што тычыцца профільнага навучання, то яно арганізавана па запытах навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў у 11 установах агульнай сярэдняй адукацыі з 15 для 123 навучэнцаў 10-х класаў і 97 навучэнцаў 11-х класаў. На павышаным узроўні вывучаюцца руская, беларуская і англійская мовы, беларуская літаратура, матэматыка, фізіка, біялогія, хімія, гісторыя Беларусі і грамадазнаўства. На базе сярэдняй школы № 3 Ганцавіч адкрыта профільная група педагагічнай накіраванасці. З навучэнцамі працуюць вопытныя педагогі першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.

— Як задзейнічаны навучэнцы ў шосты школьны дзень?

— Шосты школьны дзень у раёне мае свае традыцыі і асаблівасці. Кожную трэцюю суботу ва ўстановах праводзіцца бацькоўскі дзень, кожную чацвёртую — дзень прафарыентацыі і працоўнага выхавання. У межах выхавання культуры здаровага ладу жыцця традыцыйнымі сталі раённыя спартыўныя святы з удзелам дзіцяча-бацькоўскіх каманд і выступленнем чырлідараў. Сапраўднай культурнай падзеяй з’яўляюцца фестывалі-конкурсы “Арт-подыум”, “Мінута славы”, “Рытм. Рух. Самавыяўленне”, якія аб’ядноўваюць лепшыя ідэі юных крэатыўшчыкаў пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў. Папулярызацыі інтэлектуальнага руху сярод школьнікаў садзейнічае дзейнасць клуба “Шанс” раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці. З мэтай прафарыентацыі праводзяцца сумесныя мерапрыемствы ў ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці для вучняў 8—9 класаў.

Безумоўна, у шосты дзень вучні маюць магчымасць наведваць аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі, факультатыўныя заняткі, атрымліваць псіхолага-педагагічную кансультацыю, удзельнічаюць у мерапрыемствах дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, прыводзяць у парадак прышкольную тэрыторыю.

— Якія задачы стаяць перад педагогамі раёна на новы каляндарны год?

— У 2018 годзе плануем працягваць работу па павышэнні матывацыі педагогаў да ўдасканалення свайго майстэрства, па прафесійнай падрыхтоўцы выпускнікоў з улікам патрэб рынку працы, асаблівасцей сацыяльна-эканамічных умоў, па павышэнні ўзроўню бацькоўскай адказнасці за бяспеку дзяцей, кантроль за вольным часам і занятасцю дзяцей, асабліва навучэнцаў 5—8 класаў. Будзем таксама працягваць умацоўваць матэрыяльную базу ўстаноў адукацыі, аснашчаць іх сучаснымі сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем. Пільная ўвага — бяспецы адукацыйнага працэсу.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *