Новыя ідэі для творчасці

- 16:11Нам пішуць

Каб адцягнуць сучасную моладзь ад гаджэтаў, выхавальнікам даводзіцца прыдумваць новыя формы работы. Як заваяваць увагу школьнікаў ХХІ стагоддзя, распавялі ў Чачэрскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

— На базе цэнтра развіваецца восем кірункаў: мастацкі, тэхнічны, турыстычны і іншыя, — распавёў яго дырэктар Антон Марозаў. — Адным з самых папулярных лічыцца інтэрнэт-тэлебачанне, якое дазваляе дзецям здымаць відэаролікі ў выглядзе навін адукацыі Чачэрскага раёна, манціраваць іх і выкладаць на YouTube-канал. Летась яны занялі другое месца ў намінацыі “Відэаматэрыялы” рэспубліканскага конкурсу “Ты ў эфіры”.

Заняткі маюць грамадскую значнасць. У шосты школьны дзень у рамках праекта “Азбука бяспекі жыццядзейнасці” (сумесна з Чачэрскім РАНС) ладзяцца лекцыі і практычныя заняткі. Для гэтага абсталяваны спецыяльны кабінет, у якім ёсць усё: ад стэндаў з правіламі першай дапамогі да манекенаў для асваення масажу сэрца.

Яшчэ адзін прадмет гонару Антона Леанідавіча — арыгінальны праект па фінансавай граматнасці:

— На працягу цэлага месяца дзеці ў летнім лагеры будуць удасканальваць веды ў галіне фінансаў. Усіх ахвотных мы падзелім на тры ўзроставыя групы, у залежнасці ад гэтага будзе ўскладняцца праграма навучання. Самых маленькіх навучым правільна разлічваць свой бюджэт, старэйшых — разбірацца ў паслугах крэдытавання.

Яшчэ адна альтэрнатыва традыцыйнаму саломка- і бісерапляценню — робататэхніка. Адна назва гуртка прыцягнула нямала зацікаўленых. Раённы выканаўчы камітэт падтрымаў цікавасць і закупіў камп’ютары, наборы робатаў і абсталяванне. Але і пра класічныя заняткі ў Чачэрску не забыліся. Вакальная студыя “Дзеці сонца” лічыцца ўзорнай і рэгулярна пацвярджае гэта званне на конкурсах і фестывалях. А мастацкі гурток набірае новых Айвазоўскіх пачынаючы з садка. Турысцка-прыкладное мнагабор’е таксама вельмі папулярнае. Для дзяцей тут поўнае раздолле: хадзі ў паходы, лазь па дрэвах, катайся на ровары…

У цэнтры займаецца больш за 500 дзяцей, некаторыя праз шмат гадоў вяртаюцца ўжо ў якасці выкладчыкаў. А адукаваны і зацікаўлены настаўнік заўсёды зможа ісці ў нагу з часам і заахвочваць дзяцей да творчасці.

Лізавета САЎЧУК.