Новыя ініцыятывы для вырашэння жыццёвых пытанняў і вучэбных задач

- 10:16Планёрка ў рэгіёне

Не за гарамі канец першай чвэрці бягучага навучальнага года, таму гаворка з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці Валянцінай Віктараўнай Касьянчык насіла падагульняючы характар, тым больш што першыя восеньскія месяцы для сістэмы адукацыі і выхавання рэгіёна аказаліся насычанымі.

— Валянціна Віктараўна, заканчваецца першая чвэрць. Раскажыце, як яна прайшла.
— Сапраўды, час ідзе вельмі хутка, і мы планамерна падыходзім да заканчэння першай чвэрці. Яна была напоўнена яркімі падзеямі. Новаўвядзеннем стала арганізацыя профільнага навучання на трэцяй ступені, таму ў жніўні на першых інструктыўна-метадычных нарадах з дырэктарамі, намеснікамі дырэктараў па вучэбнай рабоце і педагогамі ўсіх катэгорый нароўні з іншымі пытаннямі падрабязна былі вывучаны нарматыўныя дакументы, метадычныя рэкамендацыі Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Самымі яркімі падзеямі гэтай чвэрці сталі штогадовы гарадскі конкурс дзіцячай творчасці “Школа. Настаўнік. Вучань”, раённы этап Рэспубліканскага конкурсу для дашкольнікаў “Я даследчык”, прайшоў Тыдзень спорту і здароўя ва ўстановах агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі. Але ж, напэўна, самым значным стала адкрыццё на базе Калінкавіцкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі сацыяльна-педагагічнай і псіхолага-педагагічнай падтрымкі дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне праз інтэграцыю ўзаемадзеяння: дзіцячы сад — школа — сацыяльна-педагагічны цэнтр” гасцёўні часовага дзённага знаходжання для дзяцей і дарослых, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і маюць патрэбу ў падтрымцы і ўвазе.
Такая гасцёўня — першая падобная ўстанова ў рэспубліцы. З яе адкрыццём у нас з’явілася значна больш магчымасцей для прадукцыйнага ўзаемадзеяння з сям’ёй, якая трапіла ў крызісную сітуацыю. Напрыклад, тут часова змогуць знаходзіцца бацькі і дзеці, якім неабходна пачуць і зразумець адно аднаго, або тыя, у каго здарылася няшчасце. Нам здаецца, што такая работа дапаможа захаванню біялагічнай сям’і. Агульнавядома, што калі дзіця забіраюць з сям’і, то гэта заўсёды прыводзіць да псіхалагічнай траўмы.
Акрамя таго, першая чвэрць прынесла ў скарбонку раёна і першыя ўзнагароды. Так, нашы навучэнцы сталі прызёрамі абласнога і Рэспубліканскага конкурсу “Восеньскі марафон”, абласнога экалагічнага конкурсу “Юны натураліст”.

— Ці папоўніліся шэрагі педагогаў раёна маладымі спецыялістамі і ці закрылі яны патрэбы ў педкадрах вашага рэгіёна? Як вы ацэньваеце педагагічныя здольнасці і веды па прадмеце маладых настаўнікаў?
— У 2015/2016 навучальным годзе калектывы ўстаноў адукацыі Калінкавіцкага раёна папоўніліся 44 маладымі педагогамі, 35 з іх — выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў. На сёння нашы школы ўкамплектаваны кваліфікаванымі кадрамі на 100%. Маладыя спецыялісты прыходзяць з пэўным багажом прадметных ведаў. Натуральна, ім не хапае практычнага вопыту, умення перадаць гэтыя веды вучням. Але імкненне стаць сапраўдным настаўнікам, дапамога калег, метадычнага кабінета даюць свае вынікі. Штогод у кастрычніку аддзел адукацыі, спорту і турызму праводзіць сустрэчу з маладымі педагогамі, падчас якой мы імкнёмся высветліць, наколькі камфортна яны адчуваюць сябе ў калектывах, якія праблемы ў іх узнікаюць, вырашаем спрэчныя пытанні, калі яны ёсць.

— Валянціна Віктараўна, тут жа хочацца спытаць пра ролю раённага метадкабінета ў павышэнні метадычнай граматнасці педагогаў, як маладых, так і са стажам. Наколькі ў вашым раёне запатрабаваны РВМК і якія метадычныя мерапрыемствы былі праведзены ў першай чвэрці?
— Метадысты раённага вучэбна-метадычнага кабінета — вопытныя педагогі, таму заўсёды могуць аказаць дзейсную дапамогу настаўніку ў павышэнні прафесійнага ўзроўню. Метадычная сетка раёна ўключае ў сябе 38 вучэбна-метадычных аб’яднанняў, 7 творчых груп. Працуюць таксама “Школа маладога педагога”, “Савет дырэктараў”, клуб “Настаўнік года”, раённы рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій, інфармацыйна-аналітычны цэнтр.
На першых пасяджэннях гэтых фарміраванняў настаўнікі пазнаёміліся з эфектыўным вопытам работы ў профільных класах, атрымалі метадычныя рэкамендацыі па выкладанні складаных тэм на павышаным узроўні. Пільная ўвага ўдзяляецца станаўленню і развіццю прафесійных якасцей маладых педагогаў. Школа маладога настаўніка не толькі знаёміць з патрабаваннямі да правядзення сучаснага ўрока, але і дае штуршок да праяўлення ініцыятывы і творчасці самімі педагогамі.
Раённы вучэбна-метадычны кабінет з’яўляецца таксама ініцыятарам павышэння кваліфікацыйнага ўзроўню педагогаў. Так, ужо ў гэтым навучальным годзе 14 педагогаў падалі заявы на здачу экзамену на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Раённым вучэбна-метадычным кабінетам выдаецца “Метадычны веснік”, у якім штоквартальна размяшчаюцца рэкамендацыі па актуальных пытаннях. У першым нумары гэтага навучальнага года прадстаўлены матэрыялы псіхолагаў, вопытных педагогаў раёна, метадыстаў па арганізацыі работы з высокаматываванымі дзецьмі.
Акрамя таго, раённы вучэбна-метадычны кабінет з’яўляецца каардынатарам інавацыйнай дзейнасці ў раёне. У 2015/2016 навучальным годзе 7 устаноў адукацыі з’яўляюцца інавацыйнымі пляцоўкамі па чатырох праектах Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

— І апошняе. Не магу не спыніцца на арганізацыі профільных класаў. Якія напрамкі выбралі вашы вучні? Ці ўзнікалі складанасці з бацькамі? Ці ёсць у вас педкласы?
— Профільнае навучанне на трэцяй ступені арганізавана ў 6 установах адукацыі горада. Навучэнцы і іх бацькі выказалі жаданне вывучаць на павышаным узроўні матэматыку, фізіку, хімію, біялогію, рускую, беларускую і англійскую мову. Бацькі з разуменнем паставіліся да таго, што ў адной установе адукацыі не могуць быць рэалізаваны ўсе напрамкі, таму згаджаліся пераводзіць сваіх дзяцей туды, дзе неабходны ім прадмет вывучаецца на павышаным узроўні.
Педагогі раёна ўжо мелі практыку выкладання ў профільных класах і з натхненнем ўзяліся за новую — “незабытую старую” — справу. Нам імпануе ідэя стварэння ў раёне педагагічнага класа. У сувязі з гэтым мы плануем вывучыць вопыт дзейнасці такіх класаў у краіне і прагназуем магчымасць адкрыцця педкласа ў будучыні.

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.