Новыя кампетэнцыі — праз факультатыў

- 11:07Навіны рэгіёнаў

Аб прафесійнай мабільнасці будучых рабочых ішла размова на абласным семінары-практыкуме, які арганізавала ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Удзел у семінары прынялі намеснікі дырэктараў па вучэбнай і вучэбна-вытворчай рабоце ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Прафесійная мабільнасць — адна з умоў паспяховай рэалізацыі чалавека ў нашым хутка зменлівым часе. Падрыхтаваць да такіх умоў будучага рабочага-спецыяліста можна і праз сістэму факультатыўных заняткаў. Аб задачах і магчымасцях дадатковых заняткаў гаварыла ў сваім выступленні намеснік начальніка цэнтра прафесійнай адукацыі ГрАІРА Марыя Бразінская. Марыя Сяргееўна адзначыла, што факультатыўныя заняткі — гэта не толькі магчымасць атрымання дадатковых ведаў і прафесійных кампетэнцый, але і важны элемент выхаваўчай работы, магчымасць культурнага развіцця навучэнца, арганізацыі вольнага часу.

Добры вопыт забеспячэння прафесійнай мабільнасці будучых рабочых праз арганізацыю факультатыўных заняткаў назапашаны ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў № 1, дзе і праводзіўся семінар. 22 факультатывы рознай накіраванасці наведваюць 75 працэнтаў навучэнцаў будаўнічага ліцэя. Дырэктар ліцэя Алена Жалезняковіч прадставіла работу педагагічнага калектыву па фарміраванні дадатковых прафесійных кампетэнцый, а таксама матэрыяльную базу, на якой ажыццяўляецца гэтая дзейнасць. Алена Іванаўна падкрэсліла, якая вялікая роля надаецца матэрыяльна-тэхнічнай базе і аснашчанасці вучэбных кабінетаў і майстэрань у матывацыі навучэнцаў да заняткаў у пазаўрочны час.

Тэму працягнула метадыст ліцэя Жанна Палякова, якая ў сваім выступленні прадставіла стаўленне навучэнцаў да факультатыўных заняткаў. Апытанне, у якім прынялі ўдзел 250 навучэнцаў, паказала, што 85 працэнтаў наведваюць факультатыўныя заняткі з інтарэсам, амаль палова разумее ролю такіх заняткаў у будучай прафесійнай дзейнасці, 59 працэнтаў лічаць факультатывы больш цікавымі, чым заняткі. Важным для навучэнцаў з’яўляецца і тое, што адзнакі тут не выстаўляюцца.

— Пытанні арганізацыі і кантролю за работай факультатыўных заняткаў, выкарыстаннем сучасных форм і метадаў іх правядзення ажыццяўляецца на педагагічных саветах, саветах кіраўніцтва, — расказала Жанна Міхайлаўна. — Напрыклад, абмяркоўваліся такія тэмы, як “Удасканаленне пазакласнай работы з навучэнцамі — адна з умоў павышэння якасці адукацыйнага працэсу”, “Дадатковая адукацыя як фактар самарэалізацыі і прафесійнай кампетэнтнасці асобы навучэнца”, “Значэнне вучэбна-доследнай дзейнасці навучэнца і педагога ў адукацыйным працэсе”.

Завяршыўся семінар круглым сталом “Актуальныя пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах прафесійнай адукацыі”. Удзел у ім прынялі намеснік начальніка ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мацюшонак і начальнік Цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аляксандра Пятрова.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.