Новыя крокі да развіцця гуманітарных каштоўнасцей

На базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка прайшоў міжнародны навучальны курс па прасоўванні гуманітарных каштоўнасцей і прынцыпаў у адукацыі.

У лістападзе 2017 года БДПУ падпісаў дагавор аб супрацоўніцтве з Педагагічным універсітэтам кантона Цуг (Швейцарыя). Тады швейцарскі бок і выступіў з ініцыятывай запуску магістарскай праграмы “Педагагічныя падыходы да адукацыі ў галіне гуманітарных прынцыпаў і каштоўнасцей”.

З 10 па 18 лютага на базе БДПУ ў межах англамоўнай двухгадовай магістарскай праграмы вучэбны курс прайшлі 38 прадстаўнікоў рэгіянальных офісаў Чырвонага Крыжа, спецыялісты сферы адукацыі з 21 краіны Азіі, Амерыкі, Афрыкі і Еўропы. Праграма накіравана на развіццё гуманітарных каштоўнасцей і прынцыпаў — гуманнасці, эмпатыі, нейтралітэту і незалежнасці — і ўкараненне іх у адукацыю. Адной з галоўных мэт курса стала падрыхтоўка цьютараў, якія будуць вучыць настаўнікаў методыцы фарміравання падобных каштоўнасцей у навучэнцаў. Па словах арганізатараў праекта, прымяненне педагогамі атрыманых кампетэнцый будзе дапамагаць развіццю ўстойлівасці і сацыяльнай з’яднанасці грамадства.

Нягледзячы на тое, што навучанне па магістарскай праграме адбываецца пераважна ў дыстанцыйнай форме, арганізатарамі прадугледжана правядзенне дзвюх вочных сесій (у лютым 2018 года на базе БДПУ і ў ліпені наступнага года ў Ганконгу). Скончыцца праграма ў Жэневе, і па яе выніках будуць абаронены магістарскія дысертацыі.

Стартавая сесія носіць практыка-арыентаваны характар. Заняткі праходзяць па прынцыпе “навучанне ў дзейнасці”. Пры вывучэнні курса выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя метады, трэнінгі, дзелавыя гульні. На занятках, якія праходзяць у нязмушанай, сяброўскай атмасферы, практыкуюцца метады актыўнага навучання: стварэнне праектаў, работа ў вялікіх і малых групах, вэбінары.

Курс у межах першай вочнай сесіі разбіты на 5 модуляў: “Праект чалавецтва”, “Мае каштоўнасці і каштоўнасці іншых людзей”, “Гуманітарныя прынцыпы на практыцы”, “Асабістыя высновы”, “Ад агульнага намеру да асабістага ўкладу”. У першым модулі слухачы вывучаюць гуманітарныя каштоўнасці, у другім маюць справу з іх разнастайнасцю. Трэці модуль уключае гуманітарныя прынцыпы ў кантэксце рэальнасці з двух пунктаў гледжання (абмеркаванне з экспертам). Чацвёрты модуль, “Асабістыя высновы”, змяшчае ў сабе роздум пра вывучанае, практыку дэбатаў і супастаўленне планаў дзеянняў. А апошні модуль фарміруе групы ўдзельнікаў для распрацоўкі і ажыццяўлення асабістага ўкладу ў прасоўванне гуманітарных прынцыпаў.

Слухачы працуюць на сайце праекта ў сістэме MOODLE (віртуальнае навучальнае асяроддзе), у дадатку MAHARA (электроннае партфоліа з функцыямі сацыяльных сетак). Арганізатары адзначаюць, што ўсе прынцыпы работы, вынайдзеныя з калектывам, слухачы прапускаюць праз сябе.

Слухачом праекта змог стаць не кожны. Усе кандыдаты прайшлі папярэдні адбор. Умовамі ўдзелу ў праграме былі наступныя: наяўнасць вышэйшай адукацыі, работа ў педагагічнай сферы, членства ў аб’яднаннях Чырвонага Крыжа, валоданне размоўнай англійскай мовай і магчымасць укараняць вопыт на працоўным месцы.

Удзельнікамі ад Беларусі сталі 5 чалавек, сярод якіх БДПУ імя Максіма Танка прадстаўлялі чацвёра — Юлія Клімовіч (Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ), Таццяна Ніфантава (Інстытут псіхалогіі БДПУ), Кацярына Шасцітка (Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ) і Кацярына Спосаб (Каардынацыйны цэнтр “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця”).

Па словах дырэктара Інстытута міжнароднага супрацоўніцтва ў адукацыі Педагагічнага ўніверсітэта кантона Цуг Эвелін Штэйнгер, самая вялікая работа праекта — індывідуальная, бо ўдзельнікам давядзецца распаўсюджваць свой вопыт. І ў гэтую работу арганізатары хацелі б дадаць разнастайныя педагагічныя тэорыі.

— Тэарэтычных падыходаў да асэнсавання гуманітарных прынцыпаў пакуль няма, і мы спадзяёмся, што праз магістарскія праекты ўдзельнікаў і іх самапазнанне такія падыходы з’явяцца. І паняцце “гуманітарная адукацыя” напоўніцца новым сэнсам, — адзначыла Эвелін Штэйнгер.

Заняткі вучэбнага курса праводзілі выкладчыкі Педагагічнага ўніверсітэта кантона Цуг распрацоўшчыкі праграмы Эвелін Штэйнгер, Андрэа Мёллер і назіральнік ад Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа Карл Захоўбер.

— Уражанняў ад курса вельмі многа, — падзялілася ўдзельніца праграмы выкладчык Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ Кацярына Шасцітка. — Спатрэбіцца шмат часу, каб атрыманыя веды адрэфлексаваць і да канца асэнсаваць. Тое, што мы абмяркоўваем, сапраўды важна для нашай сістэмы адукацыі на ўсіх узроўнях, для навучання дзяцей гуманітарным прынцыпам. І тое, што сваім вопытам дзеляцца людзі з такой колькасці краін, робіць удзел у праекце ўнікальным.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.