Новыя магчымасці вучэбных заняткаў

- 15:11Якасць адукацыі

У студзені бягучага года ў Мінску па ініцыятыве Міністэрства адукацыі і пры ўдзеле Беларускага педагагічнага таварыства Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі быў паспяхова праведзены ІІ Рэспубліканскі калядны фестываль педагагічнага майстэрства. 10 красавіка ў працяг гэтага форуму Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі арганізаваў фестываль педагагічнага майстэрства і творчасці “Вучэбныя заняткі сёння: новыя магчымасці павышэння эфектыўнасці”.

Педагог-тэхнолаг, даследчык, наватар

У ліку ганаровых гасцей фестывалю былі намеснік міністра адукацыі В.А.Будкевіч, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Л.М.Сцяпанаў, першы прарэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава В.В.Маліноўскі.
Адкрываючы фестываль, В.А.Будкевіч, у прыватнасці, адзначыў: “Беларускае грамадства вызначаецца высокім узроўнем адукаванасці. Гэта перш за ўсё заслуга прафесійнай супольнасці нашых педагогаў. Сярод дастойных прадстаўнікоў прафесіі ёсць тыя, каго можна з упэўненасцю назваць лепшымі з лепшых. Яны ў сваю чаргу па традыцыі вучаць не толькі сваіх навучэнцаў, але і — праз сістэму дадатковай адукацыі — дарослых — сваіх калег, шчодра дзелячыся вопытам, назапашанымі матэрыяламі, дасягненнямі па выкарыстанні ў практыцы эфектыўных педагагічных тэхналогій.

Для таго каб стаць прафесіяналам-майстрам, педагогу неабходна пастаянна вучыцца, у тым ліку і ў сваіх калег. І лепшы спосаб для гэтага — узаемаабмен прафесійным вопытам, узаеманавучанне, узаемаўдасканаленне адукацыйнай дзейнасці на прынцыпах “роўны вучыць роўнага”. Азначэнне “ўзаемна” тут асабліва важнае, бо простае ўзнаўленне, механічнае паўтарэнне дасягненняў іншага бесперспектыўнае, яно не дае належнага эфекту ў прафесійным развіцці, не забяспечвае прыросту ў ведах і ўменнях ні для таго, хто дэманструе вопыт, ні для таго, хто яго пераймае. Патрэбна прадуманасць у асваенні тэхналогій, методык, метадаў пераносу іх з адных умоў прафесійнай дзейнасці ў другія”.
У рамках праграмы ўдзельнікі і госці фестывалю змаглі акунуцца ў самабытнасць нацыянальнай беларускай музыкі і танца дзякуючы выступленням узорнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Перапёлачка” віцебскай гімназіі № 3 імя А.С.Пушкіна і ўзорнага цымбальнага аркестра Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, паўдзельнічаць у прэзентацыі творчых пляцовак цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі Кастрычніцкага і Першамайскага раёнаў Віцебска і Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, гімназіі № 4 Віцебска. На вачах у гледачоў нараджаліся цудоўныя вырабы, і было поўнае адчуванне прысутнасці ў сапраўдным “Горадзе майстроў”.
Надзвычай яркай была панарама майстар-класаў членаў Віцебскага абласнога клуба “Прызнанне”: Г.А.Сухавай, старшыні клуба, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска; Д.Г.Мацкевіча, настаўніка матэматыкі Браслаўскай гімназіі; С.П.Емяльянавай, настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 19 Оршы; І.Я.Касцянка, намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, настаўніцы хіміі сярэдняй школы № 4 Чашнікаў.
На адным дыханні прайшлі ўсе чатыры майстар-класы на сцэне актавай залы інстытута развіцця адукацыі, дзе ў якасці навучэнцаў сядзелі за партамі студэнты ВДУ. І.Я.Касцянка дапамагла на аснове ведаў па хіміі адчуць сябе даследчыкамі. Выступленне Д.Г.Мацкевіча “Ад мэтавызначэння — да выніку” было цікавае не толькі тэарэтычна: тэорыя базіравалася на актуальнай практыцы — і як вынік, якога, дарэчы, чакае любы настаўнік, — асаблівая цікавасць да матэматыкі. С.П.Емяльянава пакарыла сваімі актыўнымі метадамі развіцця пазнавальных інтарэсаў малодшых школьнікаў. Актыўная ацэнка дзейнасці навучэнцаў на ўроках беларускай літаратуры, прадэманстраваная Г.А.Сухавай, стала адкрыццём новага спосабу ўзаемадзеяння з навучэнцамі.
Кожнага з аўтараў майстар-класаў можна назваць не проста майстрам, але і педагогам-тэхнолагам, таму што ўсе яны валодаюць творчым падыходам і дасягаюць стабільна высокіх вынікаў дзейнасці; педагогам-наватарам — ім усім уласцівы бесперапыннае самаўдасканаленне, пошук новых форм, метадаў, сродкаў і прагрэсіўных навінак, якія павышаюць эфектыўнасць адукацыйнага працэсу; педагогам-даследчыкам, бо ўсе яны займаюцца мэтанакіраванай навукова-даследчай дзейнасцю, праектаваннем і мадэляваннем педагагічных сістэм.

Ад прыЗВАння — да прыЗНання

Прэзентацыю гісторыі стварэння клуба, зместу яго дзейнасці і развіцця конкурснага руху на Віцебшчыне прадставіла ўдзельнікам фестывалю куратар клуба “Прызнанне”, метадыст вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі аддзела інавацыйнага развіцця ўстаноў адукацыі ВАІРА Л.В.Віленчык. Яна падкрэсліла: “Усе члены клуба — гэта згуртаваная каманда, якая, прайшоўшы шэраг сур’ёзных спаборніцтваў, нарошчваючы прафесійныя кампетэнцыі, набыла вялікі творчы вопыт, прызнанне асабістых якасцей. Акрамя гэтага, члены клуба як лідары педагагічнага таварыства выконваюць сёння асаблівую місію: аказваюць падтрымку, метадычную кансультацыйную дапамогу, актыўна распаўсюджваюць аўтарскі інавацыйны вопыт, праводзяць адкрытыя ўрокі і майстар-класы па перадачы новых ідэй і прадукцыйных методык”.

Ініцыятарам стварэння рэгіянальнага клуба ў 2010 годзе выступіў Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі. За гэтыя гады конкурсны рух сярод педагогаў Віцебшчыны набірае ўсё большую папулярнасць і прадстаўляе інавацыйную форму павышэння прафесійнага майстэрства. Важна адзначыць, што ў пабудове сваёй прафесійнай кар’еры ўдзельнікі-лаўрэаты і пераможцы конкурсаў сёння сталі метадыстамі ВМК, намеснікамі дырэктараў устаноў адукацыі, выкладчыкамі УВА, абаранілі дысертацыі па педагогіцы, а многія, працуючы педагогамі, якасна ўдасканальваюць уласную дзейнасць, становяцца аўтарамі новых методык, праграм факультатыўных заняткаў, вучэбна-метадычных комплексаў, публікацый у рэспубліканскіх педагагічных выданнях, удзельнічаюць у навукова-даследчай дзейнасці і праводзяць экспертызу па ацэнцы вучэбна-метадычных праграм і падручнікаў па даручэнні Міністэрства адукацыі і заяўляюць грамадскасці аб сваёй актыўнай сацыяльнай і грамадзянскай пазіцыі. Адсюль — сэнс назвы і дэвіз клуба “Ад прыЗВАння — да прыЗНання”.
Геаграфія выязных пасяджэнняў абласнога клуба па заяўках гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці шырокая. Фестываль педагагічных ідэй “Сучасны эфектыўны ўрок” быў праведзены разам з настаўнікамі Расонскага раёна, у рамках яго актыўна абмяркоўваліся і вырашаліся актуальныя праблемы.
Вучэбны семінар “Настаўнік-прафесіянал: які ён?” праходзіў на базе сярэдняй школы № 11 Віцебска, дзе члены абласнога клуба правялі панараму конкурсных урокаў у працэсе падрыхтоўкі каманды да мерапрыемстваў ІІІ (абласнога) этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў. Пасяджэнне клуба “Адукацыйныя сістэмы, мадэлі як метад абагульнення ўласнага вопыту” прайшло ў рамках сустрэчы з камандай “Жураўлік” у Оршы. У Лепелі ў 2012 годзе пасяджэнне клуба было прысвечана аптымальнай форме арганізацыі ўзаеманавучання — майстар-класу.
Запамінальным было сумеснае пасяджэнне двух клубаў: сталічнага “Вялікі перапынак” і віцебскага абласнога “Прызнанне”. Тэма пасяджэння “Вопыт лепшых — здабытак усіх” найлепш адлюстроўвае работу двух калектываў па распаўсюджанні педагагічнага вопыту, абмене новымі ідэямі, накіраванымі на новую якасць адукацыйнага працэсу.
Такім чынам, можна з упэўненасцю сказаць, што ў рэгіянальнай сістэме адукацыі абласны клуб “Прызнанне” — значная з’ява.

Для паспяховага  асобаснага развіцця

Акрамя ўжо згаданых майстар-класаў, у рамках фестывалю былі прадстаўлены педагагічныя майстэрні па секцыях сацыяльна-гуманітарнай, мастацка-эстэтычнай, прыродазнаўча-матэматычнай і пачатковай адукацыі. У рабоце чатырох секцый прынялі ўдзел 320 педагогаў. У педагагічнай майстэрні пачатковай адукацыі выступіла Н.І.Уласава, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы №2 Гарадка, лаўрэат абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2009”, і пазнаёміла з “Сістэмай узаемадзеяння “педагог — дзіця — бацькі” на аснове метаду праекта”. Удзельнікі майстар-класа распрацавалі алгарытм узаемадзеяння педагогаў і бацькоў для паспяховага асобаснага развіцця дзіцяці на аснове метаду праектаў, пазнаёміліся з інтэрактыўнымі формамі работы з сям’ёй. Цікава прайшло абмеркаванне наступных праблем: “Арганізацыя мэтавызначальнай дзейнасці на ўроках у пачатковай школе” (С.Э.Лукашэнка, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 8 Барані); “Методыка пастаноўкі вучэбнай задачы на ўроку” (С.А.Астроўская, настаўніца пачатковых класаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 15 Барані); “Індывідуальны падыход да навучэнцаў, якія стаяць на ўліку ў пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі” (В.В.Малашанка, настаўнік-дэфектолаг Мазолаўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна).

 Пра разнастайнасць відаў і тэм праектнага метаду ў выкладанні рускай літаратуры расказала С.А.Фляганава, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Віцебска. Калегі пагадзіліся, што ў працэсе сумеснай работы з навучэнцамі ў рамках праекта можна вырашыць мноства педагагічных задач: павысіць якасць школьнай літаратурнай адукацыі, заахвоціць навучэнцаў да творчай, даследчай дзейнасці. Эўрыстычныя прыёмы развіцця мыслядзейнасці навучэнцаў актыўна асвойвалі ўдзельнікі секцыі ў сумеснай рабоце з І.М.Выхадцавай, намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Мазолаўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна, лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2009”, на аснове створаных ёю дыдактычных матэрыялаў, сістэмы творчых і праблемных заданняў навучэнцам. У разнастайных формах правядзення ўрокаў, пазакласных мерапрыемстваў, стварэння музейных праектаў быў прадстаўлены вопыт настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 1 Віцебска Г.В.Жукавай па праблеме “Інтэрактыўнае навучанне на ўроках гісторыі і грамадазнаўства”. Работа секцыі завяршылася прэзентацыяй мультымедыйнага праекта па рускай літаратуры “Па старонках рускай літаратуры”, прадстаўленага метадыстам вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Цэнтра дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі АІРА В.І.Майсеенка.
Удзельнічаючы ў рабоце секцыі, С.А.Габелева, настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Віцебскага раёна, лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2006”, пазнаёміла з прыёмамі самастойнага навучання школьнікаў на ўроках геаграфіі. Пазнавальнымі аказаліся выступленні Л.І.Бурынскай, настаўніцы матэматыкі Мазолаўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна, па праблеме “Тэсціраванне як метад педагагічнага кантролю на ўроках матэматыкі” і В.М.Купава, настаўніцы матэматыкі Бабініцкай сярэдняй школы Аршанскага раёна, па праблеме “Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у выкладанні матэматыкі”.
Работа педагагічнай майстэрні мастацка-эстэтычнай адукацыі пачалася з адкрыцця персанальнай выставы “Чароўны свет выцінанкі” І.Б.Кавалеўскай, настаўніцы выяўленчага мастацтва гімназіі № 4 Віцебска. Актуальныя і надзённыя пытанні, звязаныя з арганізацыяй праектнай дзейнасці на факультатыўных занятках па працоўным навучанні, закранула М.У.Ганіна, настаўніца працоўнага навучання Ветрынскай сярэдняй школы імя Д.В.Цябута Полацкага раёна.
Работа педагагічнай майстэрні мастацка-эстэтычнай адукацыі прайшла пад дэвізам “Ад цудоўных думак — да цудоўных вобразаў”. Былі прадстаўлены сучасныя напрамкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: батык і дэкаратыўны роспіс. Асаблівую цікавасць выклікалі творчыя пляцоўкі “Аб’ёмная паперапластыка” (кіраўнік Т.М.Даргель, настаўніца выяўленчага мастацтва гімназіі № 4 Віцебска) і “Нетрадыцыйныя матэрыялы і тэхнікі” (кіраўнік І.Б.Кавалеўская, настаўніца выяўленчага мастацтва гімназіі № 4 Віцебска).
Праводзячы прамежкавую рэфлексію панарамы майстар-класаў, рэктар інстытута ВАІРА Л.Ю.Сляпцова адзначыла: “Усе ўдзельнікі метадычнага форуму змаглі сёння адкрыць для сябе шлях, які прайшлі члены абласнога клуба “Прызнанне”, і зразумець, што іх ініцыятывы, жаданне ўдасканальвацца і прадстаўляць свой вопыт у сто разоў акупляюцца праз магчымасць педагогаў вобласці атрымаць неабходную інфармацыю і навыкі для актыўнага ўзыходжання па шляху бесперапыннага прафесійнага росту і ўдасканалення”.
Падзвіжніцкая дзейнасць лепшых настаўнікаў Віцебшчыны стала новай хваляй у развіцці рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Абласны фестываль з’явіўся магутным імпульсам для збліжэння педагогаў, яшчэ адной пляцоўкай для ўзаемаўзбагачэння прафесійным вопытам.

Таццяна АРЭХАВА,

начальнік Цэнтра падтрымкі
і развіцця інавацыйнай практыкі
Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.