Новыя магчымасці

Падчас уступнай кампаніі з кожным годам узнікае ўсё больш пытанняў аб усвядомленым выбары прафесіі абітурыентамі, асабліва педагагічнай. Было заўважана, што ў педагогіку часта трапляюць выпадковыя маладыя людзі, якія ў будучым не збіраюцца працаваць у гэтай сферы. Як вырашыць такую праблему? Гэтым пытаннем заняліся ў Гродзенскай вобласці і знайшлі адно з рашэнняў.

Сёлета была распрацавана новая праграма факультатыву для навучэнцаў 10 класаў “Прафесія — педагог”. Яе аўтарамі з’яўляюцца спецыялісты Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі І.І.Дарняк, прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце; А.А.Левіта, старшы выкладчык кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі; Л.П.Папенюк, старшы выкладчык кафедры адукацыйных тэхналогій; А.У.Слінко, старшы выкладчык кафедры адукацыйных тэхналогій.
З тым, што праблема існуе, згодны ўсе. Распрацоўшчыкі факультатыву адзначаюць, што сёння неабходна мэтанакіраваная прафарыентацыйная работа з вучнямі па падрыхтоўцы старшакласнікаў да ўсвядомленага выбару педагагічнага профілю, тым больш што ўступілі ў сілу новыя правілы прыёму для атрымання вышэйшай адукацыі І ступені для асобных катэгорый навучэнцаў пры паступленні на педагагічную спецыяльнасць, па якіх цяпер абітурыенту неабходна мець рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі. Таму галоўная задача, якая стаіць і перад стваральнікамі факультатыву, і перад педагогамі, — дапамагчы будучым педагогам разабрацца ў спецыфіцы прафесіі, пазнаёміць іх з новымі тэндэнцыямі ў сучаснай педагогіцы і матываваць вучняў на пазнанне і развіццё сваіх здольнасцей.
Праграма факультатыўных заняткаў пабудавана з улікам узроставых і псіхалагічных асаблівасцей старшакласнікаў. Складаецца яна з 4 модуляў. Першы — “Чалавек і прафесія” — уключае ў сябе адну ўступную тэму, якая раскажа вучням аб самой прафесіі, яе праблемах і перспектывах. Чаму так важна правільна выбраць прафесію? Чым яна важная для чалавека і грамадства? Менавіта такія пытанні будуць ставіцца перад дзецьмі, што адразу, на пачатковых этапах, дазволіць убачыць мэтанакіраванасць школьнікаў.
Другі модуль — “Адукацыя як сацыякультурны феномен” — прадугледжвае вывучэнне праблем сучаснай адукацыі, а таксама дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы, прыярытэтаў, якія яна ставіць. На занятках больш падрабязна будзе разглядацца роля педагога ў сучаснай адукацыі. Немалаважна і тое, што ў рамках другога модуля вельмі падрабязна вывучаецца гісторыя педагогікі, яе выбітныя асобы.
Трэці модуль — “Асновы прафесійнай дзейнасці педагога”, на які выдзяляецца больш за ўсё гадзін. На занятках будуць вучыць, як правільна наладжваць кантакт, размаўляць. Тут шмат псіхалагічных аспектаў, якія трэба знаць будучаму педагогу. Закранаецца і тэма іміджу педагога.
Цікавымі і пазнавальнымі будуць тэмы цыкла “Педагагічная тэхніка”. Педагагічны і акцёрскі талент, прыцягненне ўвагі аўдыторыі, кіраванне сабой, сваім эмацыянальным станам і многае іншае — вось кола акрэсленых праблем.
Чацвёрты модуль — “Асоба і індывідульныя магчымасці. Псіхалогія асобаснага росту”. Вучні будуць разглядаць такія тэмы, як прафесійна значныя якасці сучаснага педагога, развіццё педагагічных здольнасцей, самавыхаванне і яго роля ў станаўленні будучага настаўніка, матывацыя і выбар прафесіі, творчы патэнцыял педагога і г.д.
Акрамя тэарэтычнай часткі, ёсць і практычная. Школьнікі змогуць самастойна ствараць адукацыйную прадукцыю па кожнай тэме. Плануецца і правядзенне прафесійных проб на працягу ўсяго навучальнага года.
Такім чынам, факультатыў прадугледжвае, што школьнікі навучацца папярэджваць і вырашаць канфліктныя сітуацыі, праектаваць праграму самавыхавання будучага педагога, а таксама змогуць сканструяваць свой паспяховы імідж. Для педагогаў гэта магчымасць аб’ектыўна ацаніць прафесійную прыдатнасць вучняў да педагагічнай дзейнасці.

Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.