Народная культура можа быць захавана і працягнута ў стагоддзях, толькі калі ёй зацікавіцца маладое пакаленне. Як дапамагчы дзецям спазнаць і адчуць спадчыну свайго народа? Сёння наша гутарка якраз пра гэта.
Безумоўна, самае галоўнае тут — талент педагога зрабіць традыцыі цікавымі для сучасных дзяцей, яго прафесійныя сакрэты. З мэтай прыадкрыць гэтыя сакрэты, падзяліцца імі з калегамі быў праведзены III Рэспубліканскі педагагічны форум “Фарміраванне этнакультурнага асяроддзя ва ўмовах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: педагагічны вопыт, выхаваўчыя практыкі”. Сёлета ён быў прысвечаны Году гістарычнай памяці.
У імкненні зацікавіць дзяцей сваім аб’яднаннем па інтарэсах педагогі часта ідуць па самым, на іх погляд, лагічным шляху — прапаноўваюць ім новыя кірункі. Пакуль дзеці не даведаюцца на справе, што такое кінусайга ці бодзіпэйнтынг, не навучацца танцаваць тэктонік ці джампстайл, іх увага — ваша. Але што далей? А вось тут і пачынаюцца цяжкасці, бо, як правіла, дзіцячая цікавасць знікае гэтак жа імкліва, як і з’яўляецца. Педагогу застаецца шукаць ці іншых цікаўных навучэнцаў, ці зноў — новыя, пакуль малавядомыя ім кірункі. Не знікаюць з раскладу заняткаў толькі тыя кірункі, якія належаць нашай беларускай культуры амаль на генетычным узроўні, тыя, што перадаюцца ад пакалення да пакалення як самы каштоўны скарб.
Праўда, тут не абысціся без іх сучаснага пераасэнсавання. Гэта адзначыла, пачынаючы форум, і Надзея Васільчанка, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі: “Сучасны этап развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прадугледжвае неабходнасць і магчымасць бесперапыннага развіцця, пошуку і абнаўлення форм і зместу метадычнай дзейнасці, якая грунтуецца, перш за ўсё, на педагагічных інавацыях”.
Так ці інакш на гэта рабіла стаўку большасць выступоўцаў з розных рэгіёнаў. Напрыклад, Алена Меляшчова, кіраўнік фальклорнага ансамбля “Карагод” Абласнога цэнтра творчасці Магілёва, расказала пра выкарыстанне кейс-тэхналогіі ў рабоце аб’яднання па інтарэсах фальклорнага напрамку. У іх аснове — камплектаванне набораў (кейсаў) вучэбна-метадычных матэрыялаў і прадастаўленне іх навучэнцам для самастойнага вывучэння. Гэтая тэхналогія дапамагае дзіцяці разумець і крытычна асэнсоўваць канкрэтныя сітуацыі, у прыватнасці ў абрадавай культуры нашага народа.
Пра сучасную інтэрпрэтацыю традыцыйных побытавых танцаў цікава расказалі кіраўнікі ўзорнага клуба аматараў фальклору “Катрынка” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Высокага Камянецкага раёна. Яны разам з навучэнцамі клуба больш за 20 гадоў займаюцца пошукам і адраджэннем рэгіянальнага фальклору: песень, абрадаў, вуснай творчасці, побытавых танцаў. Камянеччына — гэта прыгранічны рэгіён, дзе адбылося змяшэнне розных культур і традыцый: беларускай, польскай, украінскай і рускай. Аўтэнтычны рэгіянальны фальклор гэтага раёна стаў толькі асновай, канвой для ўпляцення ў яе сучасных харэаграфічных тэндэнцый.
Тэма традыцыйных мастацтваў Беларусі заўсёды знаходзіла жывы водгук у сэрцах навучэнцаў студыі “Фантазія і я” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска. Натхняльным і запамінальным стаў для дзяцей праект “У вобразах таямнічага свету”. Вучні адкрылі для сябе свет беларускай міфалогіі, пра якую, як аказалася, яны ведалі вельмі мала. Зварот да тэмы беларускай міфалогіі адбываўся праз стварэнне калекцыі мастацкіх работ у тэхніцы аб’ёмнай аплікацыі з гофракардону.
Фарміруючы этнакультурную кампетэнтнасць дзяцей, мы павінны рабіць акцэнт на далучэнні іх да прыгажосці і дабра, на жаданні бачыць непаўторнасць роднай культуры, прыроды, удзельнічаць у іх захаванні і прымнажэнні. Якімі вырастуць нашы дзеці, людзі новага пакалення, залежыць ад нас.
Фішка ўстаноў дадатковай адукацыі Гомельскай вобласці — амаль прафесійнае паглыбленне ў культуру. Тут рэалізуецца больш за 400 праграм аб’яднанняў па інтарэсах, у тым ліку і з павышаным узроўнем вывучэння харэаграфіі, музычнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, у цэнтрах творчасці Уваравіч, Рэчыцы, Рагачова, Калінкавіч, а таксама ў цэнтры “Ювента” Светлагорска, Гомельскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. Асвоіўшы праграму пэўнай галіны на павышаным узроўні, навучэнцы атрымліваюць свой першы дакумент аб навучанні — пасведчанне аб дадатковай адукацыі, якое пацвярджае набытыя веды ў выбранай будучай прафесійнай дзейнасці. За тры гады звыш 100 навучэнцаў паступілі ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па профілі аб’яднання па інтарэсах.
Многія педагогі засяродзіліся на вывучэнні і захаванні рэгіянальных традыцый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва праз выкарыстанне тэхналогій праектна-даследчай дзейнасці. Сярод іх і народная студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Чараўніцы” Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна. У рамках інавацыйнага праекта навучэнцы распрацавалі і рэалізавалі наступныя мастацкія праекты: “Мультыплікацыя як сродак далучэння да каштоўнасцей беларускай паэзіі”, “Чароўны свет беларускай казкі”, “Беларуская калыханка”, “Цудоўны свет паданняў” і інш. Асноўнай мэтай мастацкіх праектаў было развіццё дзіцячай творчасці, выяўленне і падтрымка юных талентаў. Над некаторымі мастацкімі праектамі работа праводзілася сумеснымі сіламі гурткоўцаў некалькіх аб’яднанняў па інтарэсах, а над некаторымі іх аўтары працавалі індывідуальна. Напрыклад, праект “Вытокі рамяства — саламяная цацка” дазволіў навучэнцам студыі вывучыць, захаваць і распаўсюдзіць рэгіянальныя традыцыі саломапляцення, удасканаліць майстэрства выканання вырабаў з саломкі, даведацца пра працэс стварэння народнай саламянай цацкі, на падставе традыцыйных вырабіць сучасныя цацкі з саломкі. А індывідуальны праект “Вобразы мілыя роднага краю…” аб’яднаў мастацтва і даследаванні навукоўцаў, рэгіянальную гісторыю беларускай выцінанкі, што вылілася ў адлюстраванне вобразаў жывёл і птушак, распаўсюджаных у рэгіёне.
Завяршыла форум панэльная дыскусія, тэмай якой стала інтэграцыя ідэй этнапедагогікі і сучаснай педагагічнай практыкі ў культурнае станаўленне, а таксама развіццё і фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў. Пра гэта можна даведацца і наглядна ўявіць, завітаўшы на сайт Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Тут размешчана вялікая відэападборка: майстар-класы, творчыя майстэрні, рэканструкцыі абрадаў, відэаагляды метадычных выстаў і выстаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, відэапрэзентацыі творчай дзейнасці і тэматычныя заняткі, відэаролікі з дэманстрацыяй узораў музычнага, харэаграфічнага і гульнявога фальклору.
Святлана НІКІФАРАВА.