Новыя праекты — новыя кантакты

У пачатку мінулага года 16 дзевяцікласнікаў і дзесяцікласнікаў з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава далучыліся да міжнароднага праекта G.L.E.A.N (Global Learning Exchange of All Nation “Глабальны вучэбны абмен усіх нацый”), ініцыіраванага амерыканскім настаўнікам Амірам Доктры і яго выхаванцамі. У праекце ўдзельнічаюць вучні з ЗША, Расіі, Японіі, Бразіліі, В’етнама і Беларусі, якія ўзаемадзейнічаюць у рамках дасягнення Мэты № 4 устойлівага развіцця ААН па забеспячэнні ўсеагульнай справядлівай і якаснай адукацыі.

— З дапамогай адукацыйных платформ Flipgrid, GoogleMeet і Zoom хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з замежнымі равеснікамі, культурай і сістэмай адукацыі іх краін, — расказвае настаўніца англійскай мовы 20-й школы Ю.А.Козіна. — Спачатку дзеці публікуюць тэматычныя відэаролікі на платформе Flipgrid і адпраўляюць кароткія відэаадказы адно аднаму. Пасля такога знаёмства вучні пераходзяць да анлайн-сустрэч. Асноўная ідэя праекта — арганізаваць зносіны і тэматычныя дыскусіі школьнікаў без актыўнага ўдзелу дарослых. Настаўнікі знаходзяцца ў сесіённых залах з выключанымі камерамі і мікрафонамі і толькі назіраюць за працэсам. Інтэрнацыянальныя міні-групы сфарміраваны такім чынам, каб у кожнай з іх былі прадстаўнікі розных краін. Паміж дзецьмі падзелены абавязкі: мадэратары арганізоўваюць зносіны, рэдактары запісваюць галоўныя ідэі ўдзельнікаў, якія выкарыстоўваюцца ў наступных праектах.

Спачатку зносіны ажыццяўляліся толькі па-англійску, але потым з-за рознага ўзросту ўдзельнікаў і рознага ўзроўню валодання замежнай мовай з’явіўся перакладчык. Паралельна з гутаркай школьнікі перакладаюць у чаце асноўныя думкі выступоўцы на розныя мовы. Педагогі, назіраючы за гэтым, час ад часу падказваюць мадэратарам у чаце, што рабіць пры ўзнікненні цяжкасцей і замінак. 

— Пры абмеркаванні адной з тэм, якая тычылася сістэмы адукацыі, вучні паглядзелі відэаролік пра школу ў Танзаніі, дзе ў дзяцей няма элементарных умоў для атрымання якаснай адукацыі: электрычнасці, парт, падручнікаў, пісьмовых прылад. Тым не менш каля 90% наведвальнікаў такой школы паспяхова здаюць выпускныя экзамены. Вучні з розных краін настолькі ўразіліся ўбачаным, што захацелі дапамагчы сваім равеснікам. Так удзельнікі праекта далучыліся да філантропнага руху. Дабрачыннасць стала адной з задач праекта. З дапамогай фонду развіцця адукацыі ЗША быў адкрыты дабрачынны рахунак на платформе BooksforAfrica. Хлопчыкі і дзяўчынкі пішуць лісты ў розныя міжнародныя арганізацыі (напрыклад, у ЮНІСЕФ) і вядомым філантропам, расказваючы аб праекце і праблемах школы. Дзякуючы іх намаганням, удалося сабраць больш за 5 тысяч долараў і адправіць кантэйнер з кнігамі і канцылярскімі прыладамі ў Танзанію, — гаворыць Ю.А.Козіна.

З цягам часу геаграфія ўдзельнікаў праекта пашырылася. Да яго далучыліся М’янма і Індыя. Ад брэсцкай школы дабавіліся 12 сямікласнікаў.  

Цікава, што да ўдзельнікаў праекта прыходзяць у анлайн-госці прадстаўнікі розных прафесій (у залежнасці ад тэмы сустрэчы). На адной з іх прысутнічала намеснік дырэктара фонду BooksForAfrica Кэрал Патрыкакас, якая расказала пра дзейнасць сваёй арганізацыі і ўзнагародзіла самых актыўных удзельнікаў фірменнымі футболкамі. 

Па словах Ю.А.Козінай, вучні ў рамках праекта вылучаюць ініцыятывы, удзельнічаюць у розных конкурсах, ствараюць святочныя відэаролікі, дэманструюць і развіваюць свае таленты. Усе падыходзяць да справы адказна і з душой. Педагогаў радуе, што ў дзяцей развіваюцца навыкі каманднай работы і арганізатарскія якасці, умацоўваюцца сяброўскія сувязі паміж вучнямі розных краін у духу міралюбства і талерантнасці. Дзякуючы праекту, моладзь цікавіцца важнымі праблемамі і тэндэнцыямі развіцця сучаснай адукацыі, вучыцца адказнасці за будучыню, авалодвае неабходнымі ведамі для паспяховага вырашэння задач у пэўных сферах дзейнасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.