Новыя санкцыі выклічуць найбольш балючыя наступствы для Ірана

- 11:18Інфармацыйная гадзіна

ЗША часова вывелі з-пад іранскіх “нафтавых” санкцый Грэцыю, Індыю, Італію, Кітай, Турцыю, Рэспубліку Карэя і Японію. Пра гэта заявіў на брыфінгу дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа.

Паводле слоў Майкла Пампеа, ЗША таксама вывелі атамную электрастанцыю “Бушэр” і яшчэ два ядзерныя праекты ў Іране з-пад дзеяння сваіх санкцый адносна Тэгерана.

Прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс адзначыла, што Адміністрацыя Прэзідэнта ЗША разлічвае, што новыя санкцыі выклічуць найбольш балючыя наступствы для Ірана. “Гэта адны з самых жорсткіх санкцый. Мы прадоўжым аказваць націск на Іран да таго часу, пакуль не пераканаемся, што ён змяніў свае паводзіны. У мінулым мы гэтага так і не ўбачылі”, — адзначыла Сара Сандэрс.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 8 мая аб’явіў аб выхадзе Вашынгтона з Сумеснага ўсёабдымнага плана дзеянняў (СУПД) — здзелкі, якая была заключана ў 2015 годзе і абмяжоўвала ядзерныя распрацоўкі Тэгерана ў абмен на адмену санкцый Савета Бяспекі ААН і аднабаковых абмежавальных мер, уведзеных ЗША і ЕС.

Дональд Трамп паабяцаў не толькі вярнуць ранейшыя санкцыі, але і ўвесці новыя, а Дзярждэпартамент ЗША ў сувязі з гэтым паведаміў пра намер Вашынгтона звесці да нуля даходы Ірана ад экспарту нафты. Дональд Трамп таксама заявіў, што прадпрымальнікі, якія працуюць з Іранам, не змогуць адначасова весці бізнес са Злучанымі Штатамі пасля аднаўлення Вашынгтонам санкцый супраць Тэгерана.

Першая частка амерыканскіх санкцый аднавіла дзеянне ў ноч на 7 жніўня. Гэтыя абмежавальныя меры ахапілі аўтамабілебудаўнічы сектар Ірана, гандаль золатам і шэрагам металаў.

Другая частка санкцый, у тым ліку супраць іранскага нафтавага сектара, уступіла ў сілу 5 лістапада. Паводле даных Міністэрства фінансаў ЗША, санкцыі ўведзены супраць больш як 700 юрыдычных і фізічных асоб, марскіх і паветраных суднаў Ірана. Сярод унесеных у санкцыйны спіс арганізацый лічыцца нацыянальная авіякампанія Iran Air, Арганізацыя па атамнай энергіі і Цэнтрабанк Ірана.

Краіны Еўрасаюза, нягледзячы на санкцыі ЗША, заявілі пра рашучасць прадаўжаць работу па пашырэнні эканамічных кантактаў еўрапейскіх кампаній з Іранам і стварыць механізм фінансавых разлікаў з Тэгеранам для абходу гэтых санкцый.