Новыя школьныя падручнікі: распрацоўваем, укараняем, ацэньваем

Падрыхтоўка да новага навучальнага года ўключае ў сябе папаўненне школьных бібліятэк вучэбнай літаратурай. Вучняў ужо чакаюць іх падручнікі. Па абноўленых праграмах і новых вучэбных дапаможніках сёлета пачнуць вучыцца дзесяцікласнікі. Пра асаблівасці новай лінейкі падручнікаў для 10-х класаў і агульныя тэндэнцыі работы аўтарскіх калектываў расказвае намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па метадычнай рабоце Людміла РАМАНОЎСКАЯ.

— Людміла Анатольеўна, пачнём з новага: што чакае навучэнцаў 10-х класаў?

Як вы ведаеце, новыя вучэбныя праграмы і вучэбныя дапаможнікі ўкараняюцца ў адукацыйны працэс паэтапна. З 2020/2021 навучальнага года будуць выкарыстоўвацца абноўленыя вучэбныя праграмы для 10-х класаў, у адпаведнасці з якімі распрацавана 17 новых вучэбных дапаможнікаў. Іх асаблівасцю з’яўляецца наяўнасць электронных дадаткаў, якія забяспечваюць засваенне зместу вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. Электронныя дадаткі размешчаны на інтэрнэт-рэсурсе “Профільнае навучанне” (profil.adu.by), які пачне функцыянаваць з 1 верасня 2020 года.

Пры падрыхтоўцы падручнікаў для 10 класа ў нас з’явілася дадатковая магчымасць для ўдасканалення іх зместу. Выдавецкія арыгіналы гэтых вучэбных дапаможнікаў былі падрыхтаваны да 1 верасня 2019 года. З улікам таго, што выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе яны будуць з 1 верасня 2020 года, была праведзена дадатковая педагагічная экспертыза гэтых дапаможнікаў. Удзельнікамі педагагічнай экспертызы сталі 155 кампетэнтных спецыялістаў з усіх рэгіёнаў краіны: 123 настаўнікі (з іх 69 у кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”); 19 спецыя­лістаў устаноў дадатковай адукацыі дарослых; 13 супрацоўнікаў На­цыянальнага інстытута адукацыі (каардынатары экспертных груп).

— На чым рабілі акцэнт у­дзельнікі экспертызы?

Мы іх прасілі сфакусіраваць увагу на наступных аспектах:

наколькі рэалізаваны прынцып даступнасці (ці адпавядае матэрыял узроўню папярэдняй падрыхтоўкі навучэнцаў);

наколькі рэалізаваны прынцып сістэматычнасці і паслядоўнасці (ці паслядоўна ўводзяцца новыя тэрміны, ці лагічна выкладзены матэрыял, ці выконваюцца прычынна-выніковыя сувязі);

ці рэалізаваны прынцыпы практыкаарыентаванасці, нагляднасці, ці прасочваюцца міжпрадметныя сувязі.

Эксперты даволі высока ацанілі выдавецкія арыгіналы, разам з тым падрыхтавалі дэталёвыя заключэнні з прапановамі і заўвагамі, якія былі ўлічаны пры дапрацоўцы.

Неабходна адзначыць, што зваротная сувязь у важны фактар, які спрыяе павышэнню якасці навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу. Найважнейшымі каналамі зваротнай сувязі для нас з’яўляюцца: мерапрыемствы для педагагічных работнікаў з удзелам аўтараў вучэбных дапаможнікаў і метадыстаў Нацыянальнага інстытута адукацыі (семінары, практыкумы, круглыя сталы); пастаянна дзеючыя рубрыкі на Нацыя­нальным адукацыйным партале “Новыя праграмы: вывучаем, абмяркоўваем”, “Новыя падручнікі: вывучаем, абмяркоўваем”, “Пытанне аўтару”; звароты грамадзян; анлайн-анкетаванні.

— З пачатку гэтага года Нацыянальным інстытутам адукацыі было праведзена некалькі анлайн-анкетаванняў. Якія вынікі вы атрымалі?

У лютым 2020 года НІА было праведзена ананімнае анлайн-анкетаванне педагагічных работнікаў, навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў з мэтай вывучэння меркаванняў аб якасці новых вучэбных дапаможнікаў для 5–8-х класаў. У анкетаванні ўзялі ўдзел 33 253 рэспандэнты, у тым ліку: навучэнцы — 16 588, педагогі — 9 762; законныя прадстаўнікі навучэнцаў — 6 903.

Аналіз вынікаў анлайн-анкетавання паказаў, што педагогі даволі высока ацэньваюць ступень адпаведнасці новых вучэбных дапаможнікаў асноўным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да новых падручнікаў, а менавіта: даступнасць выкладу вучэбнага матэрыялу; выкарыстанне розных форм прадстаўлення інфармацыі (дыяграмы, графікі, табліцы і г.д.); наяўнасць практыкаарыентаваных заданняў, заданняў з выкарыстаннем дадатковых крыніц інфармацыі; сучасны дызайн.

Педагогі адзначаюць, што новыя вучэбныя дапаможнікі ўключаюць удала падабраныя практыкаванні і заданні, якія адпавядаюць узроставым асаблівасцям навучэнцаў, утрымліваюць цікавыя вучням сучасныя тэксты. Большасць рэспандэнтаў (педагогі, навучэнцы, бацькі) у каля 80% у характарызуюць новыя вучэбныя дапаможнікі наступным чынам: вучэбны матэрыял выкладзены даступна і зразумела; у вучэбныя дапаможнікі ўключаны дакладныя, выразныя фармулёўкі правілаў і азначэнняў; шмат цікавай інфармацыі; вялікая колькасць нагляднага матэрыялу. Усе групы рэспандэнтаў (95% ад агульнай колькасці, якія прынялі ўдзел у анкетаванні) высока ацанілі падбор ілюстрацыйнага матэрыялу ў вучэбных дапаможніках.

У красавіку-маі 2020 года было праведзена ананімнае анлайн-анкетаванне педагогаў і навучэнцаў з мэтай вывучэння іх меркаванняў аб якасці новых вучэбных дапаможнікаў для 9 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. На Нацыянальным адукацыйным партале былі размешчаны анкеты па 21 вучэбным дапаможніку. Дадзеныя дапаможнікі пачалі выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе з 1 верасня 2019 года. У анкетаванні прынялі ўдзел 8 529 педагогаў, 20 197 навучэнцаў.

Удзельнікі анкетавання адзначылі, што ў новых вучэбных дапаможніках рэалізаваны асноўныя патрабаванні, што прад’яўляюцца да сучаснага школьнага падручніка. Заўвагі, прапановы, атрыманыя ў ходзе анкетавання, будуць улічаны пры перавыданні вучэбных дапаможнікаў. Праца над удасканаленнем дадзеных выданняў будзе працягнута ў ходзе доследнай праверкі.

З 2015 года ў нашай краіне ажыццяўляецца працэс абнаўлення зместу агульнай сярэдняй адукацыі. За перыяд з 2015 па 2019 год выдадзена 217 новых вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У склад аўтарскіх калектываў новых школьных падручнікаў увайшлі высокакваліфікаваныя спецыялісты, сярод якіх 18 дактароў навук, 169 кандыдатаў навук, 38 метадыстаў, 52 настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі і кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”.

Усе вучэбныя дапаможнікі прайшлі працэдуру рэцэнзавання навукоўцамі, метадыстамі і настаўнікамі-практыкамі, псіхолага-педагагічную экспертызу, дапрацаваны ў адпаведнасці з атрыманымі заўвагамі і прапановамі рэцэнзентаў, разгледжаны навукова-метадычным саветам пры Міністэрстве адукацыі і рэкамендаваны да выпуску з прысваеннем грыфа “дапушчана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

— Людміла Анатольеўна, ці будзе працягнута такая праца ў новым навучальным годзе?

У 2020/2021 навучальным го­дзе запланавана правядзенне анлайн-анкетавання з мэтай вывучэння меркаванняў удзельнікаў адукацыйнага працэсу аб якасці новых вучэбных дапаможнікаў для 10 класа.

У адпаведнасці з загадам міністра адукацыі ад 15.06.2020 № 478 “Аб арганізацыі і правядзенні доследнай праверкі вучэбных выданняў для ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, у 2020/2021 навучальным годзе” будзе праведзена доследная праверка 34 вучэбных дапаможнікаў (з іх 26 у для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі).

Акрамя таго, у новым навучальным годзе будзе працягнута практыка арганізацыі сустрэч а­ўтараў падручнікаў з педагогамі. Метадысты Нацыянальнага інстытута адукацыі сумесна з аўтарскімі калектывамі рыхтуюць рэкамендацыі па выкарыстанні новых вучэбных дапаможнікаў у адукацыйным працэсе. Дадзеныя матэрыялы размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале adu.by, публікуюцца ў часопісе “Веснік адукацыі”.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.