Новыя спецыяльнасці і англамоўная падрыхтоўка

У Беларускім дзяржаўным універсітэце прайшла прэс-канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка, адказны сакратар прыёмнай камісіі Людміла Хухлындзіна і дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі Вячаслаў Малафееў. Яны пракаменціравалі новыя правілы прыёму і паведамілі пра асаблівасці сёлетняй уступнай кампаніі ў БДУ.

Калі арыентавацца на статыстыку мінулага года, то дэмаграфічны крызіс, які катком прайшоўся па многіх навучальных установах, БДУ амаль не закрануў. Летась усе бюджэтныя месцы ва ўніверсітэце былі запоўнены, а на платнае навучанне было залічана нават больш абітурыентаў, чым у папярэднім, 2012 годзе.
Гэтаму ў многім спрыяла ўдасканаленне структуры падрыхтоўкі кадраў у БДУ. Як паведаміў Сяргей Уладзіміравіч Абламейка, за апошніх 5 гадоў пералік універсітэцкіх спецыяльнасцей быў абноўлены на трэць (адкрыта падрыхтоўка па 22 спецыяльнасцях і 33 напрамках). У прыватнасці, з’явіліся такія сучасныя і запатрабаваныя спецыяльнасці, як “Прыкладная крыптаграфія”, “Аэракасмічныя і інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”, “Фізіка нанаматэрыялаў і нанатэхналогій”, “Космааэракартаграфія”, “Хімія лекавых злучэнняў”, “Хімія высокіх энергій” і іншыя.
Дарэчы, сёлета ў БДУ адкрыты два новыя напрамкі спецыяльнасці “Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі” — гэта “Вэб-праграмаванне і інтэрнэт-тэхналогіі” і “Матэматычнае і праграмнае забеспячэнне мабільных устройстваў”.

Што да кантрольных лічбаў прыёму ў БДУ, то яны ў параўнанні з мінулым годам практычна не змяніліся. Так, на дзённую бюджэтную форму навучання ва ўніверсітэт плануецца прыняць 2045 студэнтаў (летась — 2048), на завочную бюджэтную — 350 студэнтаў (было 337).
Лічбы прыёму на платную форму ўніверсітэты звычайна вызначаюць “з запасам”. Нават калі яны і не будуць выкананы, нічога страшнага не адбудзецца. Горш, калі жадаючых шмат, а месцаў выдзелена недастаткова. Такім чынам, на платную дзённую форму ў БДУ заяўлена 2723 месцы (летась было 2514), а на завочную — 1925 (летась — 1931).
Павялічаны план прыёму на скарочаную форму навучання выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Так, на бюджэтную форму плануецца залічыць 86 студэнтаў (летась было прынята 70). Сяргей Уладзіміравіч адзначыў, што колькасць ССНУ, з якімі заключаны адпаведныя дагаворы на падрыхтоўку, у гэтым годзе павялічылася, і прыём абітурыентаў па інтэграваных вучэбных планах з установамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе ажыццяўляцца па 9 спецыяльнасцях.
Ёсць навіны і для будучых абітурыентаў Інстытута журналістыкі БДУ. Так, у сувязі са змяненнем кваліфікацыі па спецыяльнасці “Інфармацыя і камунікацыя” змяняюцца ўступныя выпрабаванні. Цяпер пры паступленні на згаданую спецыяльнасць трэба будзе здаваць ЦТ па беларускай (рускай) мове, гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве.
Навінкай сёлетняй уступнай кампаніі з’яўляецца і тое, што ў Інстытуце бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ навучанне па спецыяльнасці вышэйшай адукацыі “Бізнес-адміністраванне” будзе весціся на англійскай мове. Гэта інавацыйны праект, які мае на мэце падрыхтоўку кіраўнікоў не толькі для айчыннай, але і для англамоўнай сферы бізнесу.
“Па ўмовах прыёму, у англамоўную групу могуць быць залічаны першакурснікі дзённай платнай формы навучання, якія пройдуць субяседаванне па англійскай мове. Гэтае субяседаванне будзе арганізавана ў верасні”, — паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Людміла Міхайлаўна Хухлындзіна.
Дарэчы, адкрыццё англамоўнай групы ў БДУ — гэта навінка толькі для першай ступені вышэйшай адукацыі. Тут ужо даўно існуе практыка выкладання па-англійску на ўзроўні магістратуры. А Інстытут бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ мае багаты вопыт выкладання бізнес-дысцыплін на англійскай мове па праграме МВА. Для чытання лекцый і правядзення практычных семінараў сюды прыцягваюцца выкладчыкі з навучальных устаноў ЗША і Еўропы. Цяпер гэтая практыка будзе распаўсюджвацца і на першую ступень вышэйшай адукацыі.
Што да паступлення ў юрыдычны каледж БДУ, то, згодна з новымі правіламі прыёму, абітурыенты, якія паступаюць на базе 9 класаў, будуць залічвацца па выніках дакументаў аб адукацыі (раней яны здавалі ўступныя выпрабаванні). Улічваючы, што летась конкурс у юрыдычны каледж БДУ перавысіў 5 чалавек на месца, сярэднія балы дакументаў аб адукацыі ў паступаючых, верагодна, павінны быць вельмі высокімі.

Новымі правіламі прыёму зняты абмежаванні на спецыяльнасці, па якіх можа ажыццяўляцца мэтавы набор. Напрыклад, у папярэднія гады ў БДУ набіралі мэтавікаў толькі на некаторыя спецыяльнасці педагагічнага профілю, а таксама на факультэт журналістыкі. Цяпер жа мэтавы набор можа ажыццяўляцца на любыя спецыяльнасці ў аб’ёме да 40% ад кантрольных лічбаў прыёму. Акрамя таго, на мэтавыя месцы могуць прэтэндаваць усе абітурыенты (незалежна ад месца жыхарства і адзнак у дакументах аб адукацыі).
Тым не менш пакуль цяжка сказаць, у якіх маштабах гэтая норма будзе рэалізавана на практыцы, бо колькасць мэтавых месцаў у навучальных установах на гэты год яшчэ не вызначана.
“Не трэба думаць, што мэтавая падрыхтоўка зараз захлісне вышэйшую школу, — заўважыў на гэты конт дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі БДУ Вячаслаў Міхайлавіч Малафееў. — Колькасць мэтавых месцаў будзе зацверджана па спецыяльнасцях заснавальнікамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. І наўрад ці план мэтавай падрыхтоўкі будзе велізарным. Перш за ўсё ён павінен улічваць рэальныя патрэбы тых рэгіёнаў, дзе мае месца дэфіцыт кадраў. І тое, што, напрыклад, на “Міжнародныя адносіны”, “Міжнароднае права” і іншыя падобныя спецыяльнасці цяпер масава стануць паступаць мэтавікі, малаверагодна”.

Трэба адзначыць, што ў БДУ станоўча паставіліся да новай нормы правіл прыёму, якая дазваляе медалістам паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без уступных выпрабаванняў. “Ва ўніверсітэце ёсць цэлы шэраг напрамкаў спецыяльнасцей, якія адносяцца да навукова-педагагічнага профілю, — заўважыла Людміла Хухлындзіна. — І калі Міністэрства адукацыі ўнясе гэтыя спецыяльнасці ў пералік тых, куды медалісты могуць паступаць без экзаменаў, то мы будзем гэта толькі вітаць”.
Вячаслаў Малафееў дадаў, што ўзровень паспяховасці медалістаў заўсёды вышэйшы за сярэдні ўзровень па ўсіх спецыяльнасцях. “На першым месцы пераможцы алімпіяд, на другім — медалісты, потым ужо — выпускнікі ліцэяў і гімназій. Таму мы медалістаў прымем з радасцю”, — адзначыў Вячаслаў Міхайлавіч.
Удзельнікі прэс-канферэнцыі паведамілі, што леташняе павышэнне мінімальнага станоўчага бала цэнтралізаванага тэсціравання прывяло ва ўніверсітэт больш моцных абітурыентаў. Па выніках першай сесіі сярэдні бал першакурснікаў аказаўся вышэйшым, чым у мінулым годзе.
З другога боку, уступілі ў дзеянне новыя правілы правядзення бягучай і выніковай атэстацыі, якія ўзмацнілі патрабаванні да студэнтаў. У выніку, нягледзячы на тое, што моладзь прыйшла больш падрыхтаваная, колькасць адлічэнняў застаецца высокай. Таму абітурыентам трэба памятаць: рыхтавацца трэба не толькі да паступлення, але і да вучобы ва ўніверсітэце.

 

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУ.