Новыя сучасныя школы і дзіцячыя сады — радасць для ўсіх

- 11:42Суразмоўца

У кампетэнцыю дзейнасці намесніка міністра адукацыі С.В.Рудага ўваходзяць самыя розныя пытанні. Сярод іх — забеспячэнне вучэбна­матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі, будаўніцтва новых аб’ектаў, рамонт навучальных устаноў, эканамічны складнік, арганізацыя харчавання, ахова працы і многія іншыя. У размове з Сяргеем Валянцінавічам сёння гаворым пра будаўніцтва новых школ і дзіцячых садоў.

— Сяргей Валянцінавіч, напярэдадні Новага года хочацца гаварыць аб прыемным, чуць добрыя навіны і строіць планы. Для многіх гэтыя планы ўжо рэалізаваліся ў літаральным сэнсе. Сёлета многія педагогі і іх выхаванцы сустрэнуць навагодняе свята ў новых школах і садах.

— Гэты год быў вельмі шчодрым для нашай адукацыйнай галіны на будаўніцтва новых аб’ектаў. Адкрылася шмат сучасных школ і дзіцячых садоў, якія з задавальненнем наведваюць нашы дзеці. Безумоўна, гэта ра­дасць і для настаўнікаў, выхавальнікаў, бацькоў. Звернемся да статыстыкі, якая яскрава прадставіць нам карціну будаўніцтва новых адукацыйных аб’ектаў у нашай краіне. Возьмем перыяд за апошнія тры гады. Па выніках будаўнічых работ на аб’ектах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2019 годзе былі ўведзены ў эксплуатацыю 8 навучальных устаноў на 7288 месцаў. У Брэсце былі пабудаваны 2 школы на 471 і 1480 месцаў. У Гродне — 1 навучальная ўстанова на 1020 месцаў; у Астраўцы Гродзенскай вобласці — 1 школа на 765 месцаў; у Барысаве Мінскай вобласці — 1 школа на 720 месцаў; у Магілёве — 1 навучальная ўстанова на 1020 месцаў; у Мінску — 2 школы на 1020 і 792 месцы. У 2020 го­дзе пабудаваны 4 навучальныя ўстановы на 3930 месцаў: па адной школе ў Віцебску на 1020 месцаў; у Гомелі — на 870 месцаў; у Копішчы (Мінскі раён, Мінскай вобласці) — на 1020 месцаў; у Мінску — на 1020 месцаў. У гэтым годзе атрыманы ключы ад 7 нова­будоўляў на 6095 месцаў. Сярод іх — школа на 1020 месцаў у Баранавічах Брэсц­кай вобласці, школа ў Гомелі на 845 месцаў, школа на 720 месцаў у Калодзішчах Мінскай вобласці. Такія ж па напаўняльнасці школы адкрыты ў Стоўбцах Мінскай вобласці і Бабруйску Магілёўскай вобласці. Уведзены ў строй 2 навучальныя ўстановы ў Мінску на 1020 і 750 месцаў. Як бачна, геаграфія новабудоўляў даволі разнастайная, і аб’ектаў у сетцы сістэмы адукацыі істотна прыбавілася.

— А як вырасла Студэнцкая вёска і ці будзе яна расці далей?

— У комплексе “Студэнцкая вёска” пабудавана 9 інтэрнатаў на 10 тысяч месцаў з адпаведнай інфраструктурай. Студэнты з радасцю абжываюць новае месца. Блокі ў інтэрнаце амаль нічым не адрозніваюцца ад двухпакаёвых кватэр: складаюцца з прыхожай, двух пакояў, ваннай і туалета, ёсць кухня з электраплітой. Пакоі ўкамплектаваны новай сучаснай мэбляй. Згодна з распараджэннем Прэзідэнта краіны, у 2021—2024 гадах запланавана будаўніцтва 4 інтэрнатаў на 3790 месцаў для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.

Праверка гатоўнасці

— Наколькі задаволены патрэбы баць­коў увядзеннем новых дзіцячых дашкольных устаноў?

— У сельскай мясцовасці існуе меншая патрэбнасць у дзіцячых садках, але ў буйных гарадах, сталіцы, асабліва ў новых мікрараёнах, адчуваецца недахоп устаноў дашкольнай адукацыі крокавай даступнасці. Улічваючы гэтую сітуацыю, запланавана да канца 2025 года пабудаваць каля сотні дашкольных устаноў. Акрамя гэтага, у развіцці сеткі дашкольных устаноў неабходна разглядаць і іншыя варыянты. Гэта можа быць адкрыццё сямейных дзіцячых садоў, размяшчэнне дашкольных устаноў або асобных дзіцячых груп у жылых дамах. Хацелася б прыцяг­нуць больш інвестараў, каб яны дапамагалі ў будаўніцтве дашкольных устаноў, у іх аснашчэнні новым абсталяваннем, нагляднымі дапаможнікамі, гульнявымі комплексамі. Да пачатку гэтага навучальнага года ўстановы дашкольнай адукацыі праходзілі праверку гатоўнасці, аналагічную той, якая праводзіцца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

— Такая праверка гатоўнасці право­дзілася ўпершыню?

— Так, упершыню, але ў далейшым будзе праводзіцца рэгулярна перад пачаткам навучальнага года. Загадам міністра адукацыі № 288 ад 20.04.2021 “Аб асобных пытаннях арганізацыі адукацыйнага пра­цэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі” зацверджаны сертыфікат гатоўнасці ўстановы дашкольнай адукацыі да арганізацыі адукацыйнага працэсу, акт аб стане спраў і неабходных мерапрыемствах па падрыхтоўцы ўстановы дашкольнай адукацыі да арганізацыі адукацыйнага працэсу і парадак падрыхтоўкі да гэтага. У акце адзначаецца гатоўнасць персаналу да пачатку новага навучальнага года, стан матэрыяльна-тэхнічнай базы, навукова-метадычнага забеспячэння, будынкаў, збудаванняў, тэрыторыі, іншых аб’ектаў, а таксама як арганізавана бяспечнае знаходжанне дзяцей ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Персанальная адказнасць за належную штогадовую падрыхтоўку ўстаноў дашкольнай адукацыі да арганізацыі адукацыйнага працэсу ўскладзена загадам міністра адукацыі на кіраўнікоў органаў кіравання адукацыяй рэгіёнаў і Мінска. Такія ж крытэрыі ўваходзяць у сертыфікаты гатоўнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі да новага навучальнага года. Праверка гатоўнасці вучэбна-матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі больш пашырана з улікам разнастайнасці структурных падраздзяленняў. Эксплуатацыя будынкаў і збудаванняў, перыядычнасць правядзення капітальнага рамонту ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з будаўнічымі нормамі, зацверджанымі Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва. Устаноўлены патрабаванні да парадку абследавання, рэкамендацыі аб тэрмінах эксплуатацыі асобных канструктыўных элементаў. У рамках гэтай работы штогод праводзяцца вясновы і восеньскі агляды агульнага тэхнічнага стану будынкаў і збудаванняў, на падставе якіх распрацоўваюцца гадавыя планы бягучага і капітальнага рамонтаў. Бягучы рамонт будынкаў і памяшканняў арганізуецца на пастаяннай аснове па меры неабходнасці.

У рамках дзяржаўных праграм

— Немалаважным пытаннем з’яўляецца аснашчэнне навучальных устаноў.

— Новае вучэбнае абсталяванне і сучасныя сродкі навучання павінны ажывіць урок у школе, дапамагчы настаўніку зра­біць яго не толькі максімальна інфармацыйным, але і цікавым для кожнага вучня. Таму пытанне аснашчанасці навучальных устаноў заўсёды ў прыярытэце.

У рамках Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады ажыццяўлялася цэнтралізаваная пастаўка ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі вучэбнага абсталявання і сродкаў навучання для кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі, а таксама сэнсарных сістэм (мультыбордаў).

За гэты перыяд у навучальныя ўстановы пастаўлена вучэбнае абсталяванне для 852 вучэбных кабінетаў (фізікі, хіміі, бія­логіі), а таксама 2902 інтэрактыўныя сэнсарныя сістэмы (панэлі). Усяго да 2021 года вучэбнае абсталяванне і сродкі навучання для кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі, а таксама сэнсарныя сістэмы (мультыборды) пастаўлены ў 74% устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У наступнай пяцігодцы запланавана завяршыць пастаўку абсталявання для кабінетаў біялогіі і пачаць цэнтралізаванае аснашчэнне кабінетаў працоўнага навучання, ажыццявіць пастаўку 3D-прынтараў, іншага абсталявання. У гэтым годзе ў мэтах укаранення STEM-падыходаў у адукацыйны працэс у кожным раёне краіны вызначана адна ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі, якая стане рэсурсным цэнтрам для рэалізацыі STEM-падыходаў (усяго — 150 устаноў). Міністэрства адукацыі ў мэтах умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы рэсурсных цэнтраў у 2021 годзе праводзіць закупку вучэбнага абсталявання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. У пералік абсталявання ўключаны 3D-прынтар, інтэрактыўная сэнсарная сістэма (па­нэль), робататэхнічны канструктар і інш. Закупляецца сучаснае абсталяванне для 380 кабінетаў біялогіі.

— Як і з якіх крыніц ажыццяўляецца фінансавая падтрымка вучэбна-матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі?

— У адпаведнасці з заканадаўствам заснавальнікі ўстаноў адукацыі забяспечваюць фарміраванне, абнаўленне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, у тым ліку аснашчэнне ўстаноў адукацыі сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем. Так, у 2020 годзе на набыццё абсталявання для ўстаноў адукацыі камунальнай уласнасці са сродкаў мясцовых бюджэтаў было накіравана 28,4 млн рублёў. Акрамя таго, у адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Адукацыя і маладзёжная палітыка” Міністэрствам адукацыі з крыніц рэспубліканскага бюджэту набыты сродкі навучання і вучэбнае абсталяванне для прадметных кабінетаў біялогіі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, рэсурсных цэнтраў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, інтэрактыўныя сэнсарныя сістэмы (панэлі) на суму 13,9 млн рублёў.

Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.