Новыя тэндэнцыі выкладання рускай мовы

На працягу чатырох дзён Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны быў пляцоўкай для шэрага метадычных мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне якаснай адукацыі на рускай мове, вывучэнне сучасных тэндэнцый у развіцці рускай мовы і літаратуры, а таксама на выкарыстанне новых форм і метадаў выкладання рускай мовы як замежнай.

Фота да матэрыяла: Новыя тэндэнцыі выкладання рускай мовы.Арганізатарам такога мерапрыемства выступала Рассупрацоўніцтва, а ГДУ імя Францыска Скарыны быў абраны невыпадкова: установа даўно падтрымлівае цесныя кантакты з Расійскім цэнтрам навукі і культуры ў Гомелі. Да таго ж сёлета на філалагічным факультэце ўніверсітэта з’явілася новая спецыяльнасць “Руская мова як замежная”. Яна аказалася запатрабаванай сярод юнакоў і дзяўчат з Кітая і Туркменістана, якія, атрымаўшы адукацыю, вернуцца на радзіму, каб выкладаць рускую мову сваім суайчыннікам. Зразумела, для выкладчыкаў філфака, якія працуюць з такімі студэнтамі, вельмі каштоўным -быў удзел у метадычных мерапрыемствах. Наогул, цікавасць да іх была вялікай, амаль паўсотні выкладчыкаў-філолагаў выказалі жаданне стаць удзельнікамі чатырох-дзённай адукацыйнай праграмы.

Фармат мерапрыемстваў аказаўся даволі разнастайным: семінары, майстар-класы, трэнінгі, круглыя сталы па абмене прафесійным вопытам і лекцыі.

Ужо ўрачыстае адкрыццё метадычных мерапрыемстваў абяцала многа цікавага, што тычыцца атрымання новых ведаў у выкладанні рускай мовы і знаёмства з выдатнымі метадычнымі распрацоўкамі расійскіх калег. Перад удзельнікамі выступілі лепшыя спецыялісты ў галіне рускай славеснасці, міжкультурнай камунікацыі, лінгварыторыкі і псіхалінгвістыкі вядучых расійскіх устаноў вышэйшай адукацыі.

Фота да матэрыяла: Новыя тэндэнцыі выкладання рускай мовы.Цікава, што тэматычны план уключаў у сябе не толькі даклады навукоўцаў, але і практычныя заняткі, самастойную работу. Такім чынам, выкладчыкі, атрымаўшы новыя веды, маглі знайсці ім практычнае прымяненне і, што важна, задаць удакладняльныя пытанні. Напрыклад, падчас самастойнай работы слухачам неабходна было правесці аналіз тэкставага матэрыялу, пасля чаго ішоў самааналіз вынікаў. Ці, калі разглядаліся вучэбныя экскурсіі ў выкладанні рускай мовы як замежнай, была задача распрацаваць навучальную экскурсію новага тыпу. Прайшлі і такія дзіўныя заняткі, як вывучэнне тэатральнай тэхналогіі, на якіх беларускія педагогі не проста знаёміліся з яе элементамі, але і засвойвалі складанне сцэнарыяў і спосабы работы з імі.

Тыя, хто прыняў удзел у метадычных мерапрыемствах, бясспрэчна атрымалі вялікі практычны вопыт. Беларускія выкладчыкі адзначылі, што менавіта фарматы семінараў ці майстар-класаў з’яўляюцца найлепшымі кірункамі ў павышэнні кваліфікацыі педагогаў, паколькі спрыяюць практычнаму навучанню.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.