Новыя трэнды — погляд у заўтра, без аглядкі ва ўчора?

Дадатковая адукацыя Беларусі і Расіі падобная, і тлумачыцца гэта доўгім агульным перыядам развіцця. Каб мець магчымасць і далей дзяліцца і карыстацца лепшым педагагічным вопытам у межах Саюзнай дзяржавы, ужо некалькі гадоў ладзяцца сустрэчы педагогаў абедзвюх краін. Сістэма дадатковай адукацыі Расійскай Федэрацыі адзначае сёлета 100-годдзе, і днямі ў Санкт-Пецярбургу прайшла прымеркаваная да гэтага юбілею Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Дадатковая адукацыя: гістарычная спадчына і перспектывы развіцця”. Арганізатарамі сустрэчы выступілі Палац навучэнскай моладзі Санкт-Пецярбурга, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны інстытут культуры і Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. Удзельнікамі мерапрыемства сталі больш за 350 педагогаў, з якіх 42 — з Мінска.

На працягу двух дзён прадстаўнікі арганізацый дадатковай адукацыі, устаноў культуры, навукі, прафесійных адукацыйных арганізацый і прафесійных арганізацый вышэйшай адукацыі, арганізацый дадатковай прафесійнай адукацыі, студэнты, аспіранты, выкладчыкі прафесійных арганізацый вышэйшай адукацыі Расіі, Беларусі і Казахстана прадстаўлялі лепшыя традыцыі дадатковай адукацыі, расказвалі аб інавацыйных практыках і выніках навуковых даследаванняў, прадстаўлялі інавацыйны вопыт у сферы дадатковай адукацыі, тым самым фарміруючы банк лепшых практык сучаснай сістэмы дадатковай адукацыі.

Толькі ў Санкт-Пецярбургу дзейнічаюць 183 установы дадатковай адукацыі, у якіх займаюцца больш за 410 тысяч дзяцей ад 5 да 18 гадоў. Алена Спаская, начальнік аддзела выхаваўчай работы і дадатковай адукацыі камітэта па адукацыі Санкт-Пецярбурга, адзначыла значнасць выхаваўчага аспекту ў расійскай сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і тое, што яна перайшла ад стратэгіі “толькі б заняць дзіця” да стратэгіі асобасна арыентаванага падыходу.

Ірына Жарская, дырэктар Палаца дзяцей і моладзі “Золак”: “Сістэма дадатковай адукацыі Расійскай Федэрацыі займае велізарную нішу. Ёй удзяляецца вялікая ўвага на самых высокіх узроўнях, адпаведна — іншае фінансаванне. Тым больш што ўстановы дадатковай адукацыі актыўна і вельмі паспяхова працуюць і з той катэгорыяй, якая ў нас адносіцца да ПТВ і ССУ, самастойна займаюцца падрыхтоўкай дзяцей да WorldSkills. На мой погляд, нам таксама неабходна ўключаць у сістэму дадатковай адукацыі гэтых навучэнцаў. Пакуль у нас узаемадзеяння няма: яны цяжка ідуць на кантакт, па прынцыпе “ініцыятыва караецца”, яны чакаюць нейкага дакумента, загаду зверху”.

Аксана Талкачова, прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, вызначыла асаблівасці развіцця сістэмы дадатковай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Ірына Якаўлева, загадчыца Цэнтра сацыяльнага маніторынгу дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінскага гарадскога палаца дзяцей і моладзі, расказала аб інавацыйных трэндах развіцця сацыясферы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Мінску.

Больш адрасна педагагічны вопыт разглядаўся на секцыях. Так, на секцыі “Традыцыйныя і сучасныя інавацыйныя тэхналогіі дадатковай адукацыі” былі прадстаўлены практыкі, якія адлюстроўваюць новыя выклікі. Напрыклад, па ўзаемаінтэграцыі тэхнічнай, прыродазнаўчанавуковай і мастацкай праграмы.

Праект “Музей-макет “Пятроўская акваторыя”, хоць і камерцыйны, паспяхова працуе ў адукацыйнай нішы, дэманструючы, што практыкі фармальнай і нефармальнай дадатковай адукацыі, — годныя канкурэнты, прычым апошнія — больш кліентаарыентаваныя, вольныя ад бар’ераў.

Вопыт інклюзіўнай выхаваўчай работы прадставіла Ганна Рослава, метадыст і педагог Дома дзіцячай творчасці Асташкава (Цвярская вобласць). Яна скончыла факультэт дэфекталогіі Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Герцэна, вярнулася ў родны Асташкаў і сутыкнулася з тым, што ў горадзе няма ніводнай установы, дзе б яе спецыяльнасць спатрэбілася, а дзеці, якім такая дапамога неабходна, ёсць. Таму была створана вакансія і праграма дадатковай адукацыі, і педагог паспяхова займаецца з дзецьмі, аб’ядноўваючы іх і спрыяючы іх сацыялізацыі.

Абмяркоўваліся і праблемы падрыхтоўкі маладых спецыялістаў для дадатковай адукацыі, бо сёння і ў Беларусі, і ў Расіі гэта — галоўная праблема. І, па меркаванні прысутных, яна можа быць вырашана, толькі калі яе вырашэннем будуць займацца ўсе разам.

Менавіта такую мэту — падрыхтаваць сваіх паслядоўнікаў сярод навучэнцаў — ставяць педагогі дадатковай адукацыі Верхнегарадкоўскага дзіцячага цэнтра народных рамёстваў Пермскага краю. Амаль усе яны ў сталым узросце, але менавіта на іх ляжыць уся выхаваўчая работа ў пасёлку і раёне, а для дзяцей цэнтр — адзінае месца, дзе яны могуць развівацца. У гэтым аддаленым пасёлку з усяго толькі 2 тысячамі насельніцтва педагогі на практыцы ажыццяўляюць такія інавацыйныя методыкі, якія не па плячы многім іх калегам з буйных гарадоў.

За распрацоўку і рэалізацыю выхаваўчай сістэмы “Каўчэг” цэнтр стаў дыпламантам апошняга Усерасійскага конкурсу і атрымаў гранты на паляпшэнне інфраструктуры. Паспяхова была рэалізавана інавацыйная праграма творчай лабараторыі Чусоўскага раёна па тэме “Медыйная прастора цэнтра”, у межах якой педагогамі было распрацавана і запісана на відэа 26 майстар-класаў па народных рамёствах. Як расказала дырэктар Жанета Буша, ідэя цэнтра — “Расія — гэта і мы” — рэалізуецца выхаванцамі праз вывучэнне мінулага свайго краю, заняткаў продкаў, духоўна-маральнай культуры, праз засваенне традыцыйных сялянскіх рамёстваў свайго краю. Дзяўчынкі спасцігаюць сакрэты “жаночых” рамёстваў: ручной і машыннай вышыўкі (скразныя швы, манастырская гладзь і інш), ткацтва, абрэзкавага шыцця, народнай лялькі, швейнай справы, карункапляценне на каклюшках і кручком, а хлопчыкі вывучаюць сакрэты пляцення з бяросты і вярбы, бурачнай (выраб посуду, цацак з бяросты) і бандарнай справы, разьбы па дрэве.

Марына Касцюкевіч, загадчыца аддзела інтэлектуальна-тэхнічнай творчасці Палаца дзяцей і моладзі “Золак”: “У Расіі складзены “Атлас будучых прафесій”, якія, па меркаванні складальнікаў, будуць актуальны да 2030 года. І арыенцір — гэтыя будучыя прафесіі, таму педагогі ўжо сёння распрацоўваюць адукацыйныя праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў па гэтых прафесіях. Вопыт Цэнтра турызму Яраслаўля, дзе ўжо “жывуць заўтрашнім днём”, для нас вельмі каштоўны. Пакаленне дзяцей Z, з якім мы працуем і на якіх павінны арыентавацца, — сёння для нас стымул не азірацца, не спыняцца і быць на некалькі крокаў наперадзе”.

Бадай, самай спрэчнай была секцыя “Сучасныя трэнды дадатковай адукацыі: погляд у будучыню”, дзе абмяркоўвалася новая місія дадатковай адукацыі дзяцей у перспектыве наступнага стагоддзя, праблемныя пытанні, звязаныя з новымі прафесійнымі ролямі педагога дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Пакуль мадэратар запэўнівала педагогаў у неабходнасці мяняцца і, не выпускаючы з рук гаджэты, асвойваць трэндвотчынг, бэнчмаркінг, драйверы і шэраг інш. і педагогі, і студэнты вельмі скептычна да гэтага аднесліся, аргументаваўшы тым, што важна не гнацца за новымі кірункамі (не кажучы ўжо пра засмечванне мовы запазычанасцямі), а ўдасканальваць, абнаўляць традыцыйныя. І не варта пасля трагедый замяняць гурток “Знаўцы роднай мовы” на “Асновы бяспекі ў грамадскіх месцах”, хоць гэта, па меркаванні мадэратара, больш мэтазгодна.

Прыкладаў такога абнаўлення традыцый было шмат. Так, Таццяна Кудраўцава, метадыст Палаца дзіцячай творчасці Петраградскага раёна Санкт-Пецярбурга, расказала пра свой вопыт правядзення “прыроднай школы”, у межах якой заняткі (падарожжы, экскурсіі, даследаванні) яна праводзіць выключна на прыродзе. “Калі гэта лагер, то абавязкова на прыродзе, хоць і ў межах горада; калі гэта фестываль ракі, то ён ладзіцца на рацэ. Вельмі палюбіліся дзецям гульні раённага маштабу. Нядаўна мы праводзілі ў Петраградскім раёне квест “Таямніцы Петраградкі”, калі дзеці шукалі расліны і жывёл, якія ўпрыгожваюць дамы, будынкі горада. У нас прыжылася практыка шэфства над дзіцячым садам. Ужо шмат гадоў школьнікі прыходзяць у дзіцячы сад, каб не толькі дапамагаць даглядаць яго тэрыторыю, але і рабіць экалагічны аналіз стану раслін. Напрыклад, садок цэнтра Петраградкі толькі выглядае як зялёная пляцоўка. Ён знаходзіцца на перасячэнні ажыўленых трас, таму экалагічная сітуацыя зусім не аптымістычная. І школьнікі вызначылі ўзровень забруджвання тэрыторыі і далі свае рэкамендацыі па азеляненні.

Прырода — самая лепшая і лабараторыя, і фізкультурная зала. Мы гаворым аб стане адукацыі, сацзаказе, але доўгі час актуальнае перакананне, што чалавек — цар прыроды, прывяло да таго, што мы з вамі жывём ва ўмовах экалагічнага крызісу. І каб далей жыць, нам варта пераходзіць да духоўна-экалагічнай цывілізацыі. Мабыць, паспрыяе гэтаму экалогія менавіта як комплексная навука. І ў нашай адукацыі экалагічны трэнд будзе толькі павялічваць сваю актуальнасць у сувязі з павышэннем тэхнагеннай нагрузкі на прыроду. І нам прыйдзецца распрацоўваць тыя праграмы, якія будуць вучыць дзяцей жыць у гармоніі з прыродай”, — зазначыла выступоўца.

Новы погляд на традыцыі прапанавала і педагог дадатковай адукацыі Дома дзіцячай творчасці Прыморскага раёна Санкт-Пецярбурга Аляксандра Падлеўскіх, прадстаўляючы вопыт работы турыстычнага клуба СКІФ: “Турыстычна-краязнаўчая работа — зусім не інавацыя і вельмі далёкая ад інфармацыйнай і віртуальнай прасторы. Наадварот, паходы, спаборніцтвы, святы, падарожжы, вывучэнне сваёй краіны і самога сябе, рэальныя зносіны, выхаванне, жывая педагогіка не маюць нічога агульнага з лічбавай прасторай. Але нельга не ўлічваць захапленне дзяцей віртуальнымі зносінамі замест рэальных, іх friends — замест сяброў. І наша задача як педагогаў — навучыць сучаснага падлетка правільна працаваць з інфармацыйнай прасторай: арыентавацца ў ёй, выкарыстоўваць інфармацыйную прастору як інструмент адлюстравання свайго рэальнага жыцця, а не сваё жыццё аддаваць у ахвяру віртуальнасці. Нашай тэрыторыяй сталі сацыяльныя сеткі і мэсэджэры, сайт арганізацыі, сайт аб’яднання, канал на YouTube, віртуальныя сховішчы, “аблокі”. Усё гэта — сродкі навучання і выхавання, спосаб інфармацыйнага суправаджэння жыццядзейнасці дзіцячага аб’яднання. У сетках адміністратарамі выступаюць самі дзеці. Гэта не толькі сродак абмену інфармацыяй, фотасправаздачамі з паходаў, але і магчымасць праявіць сябе, стварыць уласнае інфармацыйнае суправаджэнне, напісаць анонс ці агляд, зняць відэапрэзентацыю ці фільм для ўласных відэаблогаў. Усё гэта можа дазволіць не быць у трэндзе, а быць трэндам, каб нехта выпадкова не палічыў кірунак састарэлым”.

Сваё бачанне турызму ў будучыні прадставілі педагогі Цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму і экскурсій Яраслаўля, які ўжо некалькі гадоў з’яўляецца рэсурсным цэнтрам у сферы турызму і краязнаўства вобласці. Яны прэзентавалі вопыт работы па прафарыентацыі і па пачатковай падрыхтоўцы дзяцей па новых прафесіях. Тут рыхтуюць не толькі юных археолагаў, геолагаў, турыстаў-праваднікоў, інструктараў турызму, суддзяў спартыўных спаборніцтваў, але і рэжысёраў індывідуальных тураў, брэнд-менеджараў тэрыторыі і інш.

Ніна Захожая, начальнік упраўлення каардынацыі павышэння кваліфікацыі спецыялістаў выхаваўчай, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў МГІРА: “Мы ўжо не першы раз бачым, што ў Расіі сістэма дадатковай адукацыі актыўна займаецца вельмі ранняй прафарыентацыяй. Прычым нават размовы пра ўзаемадзеянне з установамі агульнай сярэдняй адукацыі не ідзе — установы дадатковай адукацыі ўзялі гэты кірунак выключна на сябе. Школа вучыць, сістэма дадатковай адукацыі — арыентуе”.

Менавіта гэтыя кірункі былі найбольш цікавыя беларускім калегам, бо менавіта іх развіццё ў Беларусі актуальнае. А вось што да мастацкага профілю, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, беларусы пасля канцэртаў, аглядаў творчасці і выстаў сказалі, што могуць даць фору расійскім калегам.

Падводзячы вынікі канферэнцыі, удзельнікі прыйшлі да высновы, што паспяховае вырашэнне праблем дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі немагчыма без сеткавага ўзаемадзеяння паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, партнёрства паміж установамі розных ведамстваў, вывучэння інавацыйнага вопыту розных рэгіёнаў і краін, апрабацыі сучасных адукацыйных методык практыка-арыентаванай накіраванасці. Таму было вырашана сфарміраваць інфармацыйную прастору для эфектыўнага прафесійнага ўзаемадзеяння педагагічнай супольнасці і пабудаваць эфектыўную сістэму суправаджэння адукацыйных устаноў, якая ўключала б у сябе ў першую чаргу майстар-класы, канферэнцыі, кансультацыі і г.д.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены ўстановамі дадатковай адукацыі Расійскай Федэрацыі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *