Новыя ўстановы да працы гатовы

- 11:23Навіны рэгіёнаў

Новы навучальны год стане першым для дзвюх устаноў адукацыі на Міншчыне. Школа і дзіцячы сад сталі падарункам для юных жыхароў Мінскага і Дзяржынскага раёнаў.

У Мінскім раёне радуюцца новай школе. Бараўлянская сярэдняя школа № 3 пабудавана ў вёсцы Ляскоўка і вельмі патрэбна ўсім, хто жыве побач. На тэрыторыі Бараўлянскага сельсавета актыўна вядзецца будаўніцтва жылых дамоў і год ад году тут становіцца ўсё больш дзяцей. Трох школ, якія ўжо дзейнічалі на тэрыторыі сельсавета, не хапала. Новая дапаможа разгрузіць існуючыя ўстановы. Вучыцца тут будуць 780 хлопчыкаў і дзяўчынак, у тым ліку 150 першакласнікаў.

Бараўлянская сярэдняя школа № 3 мае чатыры паверхі, на якіх размясціліся вучэбныя кабінеты, лабараторыі і майстэрні, бібліятэка, басейн, актавая зала, спартыўныя і трэнажорныя залы, кабінет кулінарыі, студыя харэаграфіі, сталовая, медыцынскія кабінеты. Самыя маленькія школьнікі — навучэнцы пачатковай школы — будуць займацца ў асобным блоку, дзе ёсць не толькі кабінеты, але і спальні, і гульнявыя пакоі. На тэрыторыі ўстановы дзесяць разнастайных пляцовак: футбольнае поле, бегавая дарожка, пляцоўкі для валейбола, баскетбола, спартыўных гульняў, хакейная каробка, гульнявыя і гімнастычныя пляцоўкі, а таксама пляцоўка для вывучэння школьнікамі правіл дарожнага руху. Каб бацькі не перажывалі за бяспеку сваіх дзяцей, прадугледжана электронная прапускная сістэма, устаноўлена відэаназіранне.

Адметна, што пры будаўніцтве паклапаціліся пра дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі: ва ўстанове створана ўніверсальнае безбар’ернае асяроддзе — абсталяваны адмысловы ліфт, гусенічныя пад’ёмнікі для руху па лесвіцы, пандусы і спецыяльныя санітарныя пакоі.

Што такое хуткі прырост насельніцтва і павелічэнне колькасці дзяцей, добра ведаюць і ў Фаніпалі. Гэты горад у Дзяржынскім раёне таксама перажывае будаўнічы бум, і з’яўленне новага дзіцячага сада было доўгачаканым.

Установа дашкольнай адукацыі, якая з’явілася ў Фаніпалі, разлічана на 240 выхаванцаў. Іх чакаюць 12 груп, у тым ліку спецыяльная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы. Для заняткаў спортам у дзіцячым садзе ёсць басейн і спартыўная зала, для творчага развіцця — музычная зала і студыя выяўленчага мастацтва, для інтэлектуальнага развіцця працуе смарт-цэнтр. Аказаць неабходную дапамогу гатовы ў медыцынскім блоку, які ўключае працэдурны, фізіятэрапеўтычны і масажны кабінеты.

Цудоўныя ўмовы створаны і на тэрыторыі сада — тут абсталяваны гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі, пляцоўка для вывучэння правіл дарожнага руху.

Словам, новыя ўстановы да працы гатовы і з задавальненнем прымаюць дзяцей.

Дар’я РЭВА.
Фота Паўла АРЛОЎСКАГА.