Новыя веды, яркія ўражанні

- 12:21Навіны рэгіёнаў

Больш за 200 навучэнцаў устаноў адукацыі Віцебска і Шуміліна сталі ўдзельнікамі незвычайнага займальнага падарожжа.

Марафон “Жывыя ўрокі” — новы спецыяльны праект, які рэалізуецца па ініцыятыве турыстычна-інфармацыйнага цэнтра “ІЛВА” пры падтрымцы аддзела па адукацыі Віцебскага гарвыканкама ў рамках Года малой ра­дзімы і прысвечаны 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча. Старт восеньскай літаратурна-краязнаўчай вандроўцы быў да­дзены ля помніка пісьменніку ў Віцебску, дзе падарожнікаў чакала анімацыйная праграма “Зямля пад белымі крыламі” з удзелам вядучых акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Далей навучэнцы адправіліся аўтацягніком па маршруце Віцебск — Орша — Ляўкі — Віцебск.

— Наша галоўная ідэя адлюстравана ў назве “Жывыя ўрокі”, — расказала куратар праекта Алена Паднябеснава. — Плануючы паездку на радзіму Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча і экскурсію ў яго музей, мы не маглі абмі­нуць увагай яшчэ адну знакавую постаць у беларускай літаратуры, чый лёс непарыўна звязаны з Аршаншчынай, — і ў выніку завіталі ў Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Ляўкі”. Зыходзілі з таго, што знаёмства з Оршай і гісторыяй рэгіёна, у тым ліку яе літаратурнымі старонкамі, бу­дзе няпоўным без наведвання шэрага памятных мясцін, сярод якіх — мемарыяльны комплекс “За нашу Савецкую Ра­дзіму!” (яго больш веда­юць як “Кацюшу”) і этнаграфічны музей “Млын” — і таксама ўключылі іх у маршрут. Разам з экскурсійнымі праграмамі праект прадугледжваў шырокае выкарыстанне інтэрактыўных форм і метадаў работы, далучэнне школьнікаў да творчага працэсу. Ля помнікаў Уладзіміру Караткевічу ў Віцебску і Янку Купалу ў Ляўках удзельнікі чыталі на памяць вершы, урыўкі з прозы і драматургіі, вывучаныя спецыяльна да творчага марафону. Мы былі ўражаны, наколькі многа аказалася жадаючых далучыцца — прычым ініцыятыву падтрымалі не толькі навучэнцы, але і іх бацькі. Гэта было вельмі прыемна, вельмі шчыра. Па шляху руху для ўдзельнікаў былі арганізаваны тэматычныя віктарыны і конкурсы. Нават музычнае суправаджэнне адпавядала тэматыцы падарожжа, што дазволіла закрануць у хо­дзе “Жывых урокаў” яшчэ і пэўны пласт нацыянальнай музычнай спадчыны: напрыклад, мы зрабілі падборку песень на вершы Янкі Купалы. У цэлым праект атрымаўся, мы пераканаліся ў яго запатрабаванасці і, думаю, у перспектыве гэтую практыку працягнем.

Найбольш актыўна ў праекце праявілі сябе навучэнцы гімназіі № 3 імя А.С.Пушкіна, гімназіі № 4, сярэдніх школ №№ 7, 17, 23 і 41 абласнога цэнтра, Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната. Зараз сярод удзельнікаў марафону “Жывыя ўрокі” арганізаваны конкурс на лепшае асвятленне яго мерапрыемстваў у сацыяльных сетках, тэматычныя конкурсы малюнкаў і школьных сачыненняў. Плануецца, што ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца ў пачатку лістапада ў турыстычна-інфармацыйным цэнтры “ІЛВА”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена турыстычна-інфармацыйным цэнтрам “ІЛВА”.