Нумар 1 беларускага снукера

Падчас знаёмства чэмпіён Беларусі па снукеры чацвёртакурснік факультэта маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва БНТУ Уладзіслаў Раманоўскі здаецца сур’ёзным і стрыманым. Але ветлівая ўсмешка хлопца адразу ж настройвае на пазітыўны лад, і ў суразмоўцы ствараецца ўражанне, што яны знаёмы доўгі час.

Cам Уладзіслаў характарызуе сябе як пунктуальнага, мэтанакіраванага і вернага чалавека — калі ўжо выбраў нешта, ніколі не здрадзіць справе. Студэнт прызнаецца, што гэтыя якасці з’явіліся ў многім дзякуючы спорту.

З шасці гадоў хлопец займаўся вялікім тэнісам: шмат трэніраваўся, ез­дзіў на турніры. А пасля здарылася траўма — парваліся каленныя звязкі. У школьніка была гадавая паўза, падчас якой яго вельмі падтрымлівалі бацькі. Пасля Уладзіслаў неаднойчы падкрэсліць, што менавіта Юрый Васільевіч і Таццяна Міхайлаўна заклалі падмурак, на якім грунтуецца яго спартыўны і жыццёвы поспех.

— Недзе ў 2008 годзе па “Еўраспорце” ўбачыў гульню Роні О’Салівана, пасля пачаў уключаць гэты канал пастаянна. Мне падабалася назіраць, як забіваюц­ь шары. Хацелася ўбачыць, як чалавек робіць памылку, што здаралася вельмі рэдка, — успамінае Улад. — У канцы 2012 года матуля, бачачы, што мне гэта цікава, прапанавала паспрабаваць сябе ў снукеры. Я пачаў займацца ў школе Сяргея Генадзьевіча Васільева, які і зараз з’яўляецца маім трэнерам.

Першай значнай перамогай Ула­дзіслава Раманоўскага стала першынство Беларусі сярод гульцоў да 16 гадоў, дзе ён апынуўся на найвышэйшай прыступцы. Хоць гульня юнаку не спадабалася, самым каштоўным вопытам таго турніру стаў вынік. Пасля былі 3-е месца на міжнародным турніры ў Санкт-Пецярбургу (на той момант Улад займаўся менш чым год), “серабро” на юніёрскім чэмпіянаце ў Літве, перамога на Кубку Беларусі — 2019, першы радок у афіцыйным беларускім рэйтынгу па снукеры… Аднак самай знакавай для хлопца стала перамога на чэмпіянаце Беларусі (Уладзіслаў стаў чэмпіёнам краіны ў 18 гадоў, чаго раней не дасягаў ніводзін спартсмен).

— На першых этапах, калі нешта атрымлівалася, я, як і многія ў снукеры, “лавіў зорку”. Але калі падобнае адчуванне зацягваецца, ты перастаеш расці, развівацца. Таму ў такіх выпадках стараўся асадзіць сябе, даваў большую нагрузку, праводзіў больш часу за сталом. Самая вялікая памылка спартсменаў “з зоркай” — тое, што яны перастаюць трэніравацца, — гаворыць чацвёртакурс­нік.

У пачатку шляху падлетак сачыў за гульнямі Роні О’Салівана (падабалася харызма спартсмена, відовішчнасць яго выступленняў), Шона Мёрфі (прыцягвала культура паводзін ля стала), Джона Хігінса (імпанаваў яго падыход да гульні). Уладзіслаў гаворыць, што ў кожным снукерысце можна вылучыць пэўныя рысы, вартыя пераймання. Таксама хлопец раўняўся на трэнера Сяргея Васільева — як у чалавечых, так і ў кіраўніцкіх якасцях.

Зараз Улад Раманоўскі прыслухоўваецца да свайго трэнера не толькі як вучань, але і як калега: малады чалавек і сам перадае ўласны вопыт падлеткам. Трэніруе ўжо тры гады: паспрабаваць сябе ў гэтым напрамку яму таксама прапанаваў Сяргей Генадзьевіч. Праўда, хлопец згадзіўся не адразу, думаў: “Чаму я магу іх навучыць?” Некалькі разоў Ула­дзіслаў прыходзіў да дзяцей на заняткі, спрабаваў працаваць з імі і зацікавіўся. 

— Зносіны — гэта самае каштоўнае ў рабоце з дзецьмі. З цягам часу яны становяцца роднымі і ты, быццам бацька, хочаш зрабіць для іх нешта добрае, стараешся навучыць. Калі пачынаеш узаемадзейнічаць, чалавек становіцца табе больш, чым вучань. У пэўных момантах, зразумела, трэба праяўляць цвёрдасц­ь. Вось яе мне, мабыць, і не хапае, — прызнаецца чацвёртакурснік. — Да ўсіх адношуся аднолькава, але паводзіць сябе стараюся ў залежнасці ад патрэб канкрэтнага дзіцяці.

Па словах Уладзіслава, важным кампанентам поспеху ў снукеры з’яўляецца працавітасць. Без яе, нават калі чалавек вельмі таленавіты, у гэтым спорце нікуды. Але найбольш выйгрышным хлопец лічыць спалучэнне мэтанакіраванасці, таленту, працавітасці і ўмення чуць устаноўкі трэнера.

— Калі спартсмен спрачаецца — гэта і добра, і вельмі дрэнна, бо ў спрэчцы нікога не разумееш, знаходзішся ў стане афекту. Я таксама раней часта спрачаўся — з Сяргеем Генадзьевічам, з татам. Бывае такое і зараз. Але, як паказвае практыка, тата і трэнер маюць рацыю, — заўважае чэмпіён Беларусі.   

Зараз Уладзіслаў мэтанакіравана не трэніруецца: час, праведзены за сталом, вар’іруецца ад 1,5 да 3 гадзін у дзень. Раней жа юнак мог займацца 10—11 гадзін без перапынку.

— Калі быў меншы, мне вельмі хацелася, каб запіс з маёй гульнёй трапіў на “Еўраспорт”, таму шмат трэніраваўся, — успамінае Уладзіслаў. — Праз паўгода пасля пачатку заняткаў тата купіў мне снукерны стол, які паставілі ў бабулі. Улетку я прыязджаў да яе на тры месяцы і мог днямі не адыходзіць ад яго.

Студэнт прызнаецца, што ў яго няма алгарытму дзеянняў, якія абавязкова трэба выканаць перад адказнай гульнёй. Адзінае, што дазваляў сабе хлопец, — адпачыць некалькі дзён перад турнірам. Гэта патрэбна для таго, каб у снукерыста гарэлі вочы, каб ён прагнуў гуляць.

Улад гаворыць, што ідэй і планаў на будучыню ў яго шмат. Адзінае, што ён ведае дакладна, — абавязкова аб’яднае будучую спецыяльнасць са снукерам. Пасля заканчэння ўніверсітэта спартсмен хоча ўліцца ў прафесію, а пасля — працаваць над тым, каб магчымасці для снукера ў Беларусі сталі больш спрыяльнымі.

— Мара ў снукеры — гэта яшчэ не ўсё. Неабходна шмат працаваць і ўкладвацца матэрыяльна. Таксама важна верыць у сябе і свае магчымасці, не здавацца і слухаць парады старэйшых, хоць гэта даецца з цяжкасцю, — усміхаецца Улад. — Адзіны, хто можа перашкодзіць рэалізавацца ў гэтым спорце, — ты сам.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.