16 мая 1992 года “Настаўніцкая газета” ўпершыню надрукавала матэрыял пра музей “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А.А.Шаўчук Дзятлаўскага раёна. З таго часу публікацыі пра музей і яго кіраўніка Тамару Крывеню неаднаразова з’яўляліся на старонках выдання. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Пачатак шляху
Тамара Уладзіміраўна беражліва захоўвае нумары “Настаўніцкай”, якія сталі каштоўнымі экспанатамі школьнага музея, створанага ў верасні 1988 года.
Педагог практычна кожны дзень у музеі і гатова кожнаму наведвальніку расказаць пра трагічны лёс дзяцей з розных краін свету, якія напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны апынуліся на дзятлаўскай зямлі.
“17 чэрвеня 1941 года, на Беларускім вакзале ў Маскве сабраліся дзеці, якія ехалі адпачываць на летнія канікулы ў піянерскі летнік у Наваельню. Тут былі дзеці рэвалюцыянераў, вядомых дзеячаў камуністычных партый і антыфашысцкага падполля Італіі, Германіі, Аўстрыі, Чэхаславакіі, Балгарыі, Кітая, Карэі і іншых краін. Вайна іх застала на беларускай зямлі”, — расказваецца ў матэрыяле “Доўгі шлях у Наваельню”.
Пра трагедыю беларускага “Артэка” і лёс яго выхаванцаў Тамара Уладзіміраўна можа расказваць гадзінамі.
Вайна застала хлопчыкаў і дзяўчынак далёка ад дома. Адны апынуліся ў канцлагеры, другія — у дзіцячым прытулку ці ў гета і там загінулі. Даследчая работа і сабраная па крупінках інфармацыя ляглі ў аснову музейнай экспазіцыі “Вайной апаленае дзяцінства”. Пра лёс хлопчыкаў і дзяўчынак даведаліся ва ўсёй краіне, а некаторыя выхаванцы піянерскага лагера ўжо ў сталым узросце па запрашэнні школы пабывалі на адкрыцці музея ў Наваельні, прыязджалі сюды і ў іншыя гады.
— У маі 1984 года мы запрасілі на раённы семінар бібліятэкараў выпускніка нашай школы пісьменніка Вячаслава Адамчыка. Да сустрэчы рыхтаваліся, шукалі цікавыя гістарычныя звесткі. Тады і звярнулі ўвагу на матэрыял у часопісе “Подзвіг” за 1976 год пад назвай “Наваельня: пачатак шляху”, — успамінае Тамара Уладзіміраўна. — З гэтага і пачаўся пошук выхаванцаў інтэрнацыянальнага лагера ў Наваельні. У маі 1985 года на сустрэчу прыехалі 20 чалавек. Убачыўшы, што мы збіраем матэрыялы пра дзіцячы лагер, яны звярнуліся ў райкам партыі з просьбай адкрыць музей. Дазвол быў атрыманы. А ў верасні 1988 года створана экспазіцыя. Другая сустрэча прайшла ў 1988 годзе, трэцяя — у 1998-м і была прымеркавана да юбілею Дзятлава, прыехалі 10 чалавек. Потым вялася актыўная перапіска, час ад часу ў школу наведваліся госці.
На той час Тамара Крывеня працавала настаўніцай геаграфіі, вяла раённае метадычнае аб’яднанне, яе навучэнцы ўдзельнічалі ў раённых, рэспубліканскіх і нават саюзных алімпіядах. Падрыхтоўку да семінара бібліятэкараў яна вяла са сваім 10 класам, навучэнец якога і знайшоў той артыкул, што стаў зыходным пунктам у стварэнні музея.
Захапіўшыся гэтай работай, педагог пачала весці гурток. Сёння з ліку тых вучняў, якія першымі сталі займацца пошукавай работай, у Новаяльнянскай школе працуюць педагог-арганізатар Людміла Мікалаеўна Нагорная і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Людміла Аркадзьеўна Баброўская (у дзявоцтве Жых). Менавіта яны стаялі ля вытокаў стварэння музея, былі першымі экскурсаводамі.
Экспазіцыя “Вайной апаленае дзяцінства” натхніла педагогаў і навучэнцаў на вывучэнне гісторыі Наваельні ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут сабраны ўнікальны матэрыял. Пастаянная экспазіцыя “Настаўнік, перад імем тваім” прысвечана Аляксандры Артамонаўне Шаўчук, заслужанаму настаўніку БССР, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, імя якой з 17 ліпеня 2024 года носіць установа адукацыі. Частка выстаў прымеркавана да пэўных падзей ці этапаў у жыцці краіны. Адна з іх — “Генацыд на Дзятлаўшчыне”, створаная па прапанове ваенкамата і пракуратуры Дзятлаўскага раёна. Выстава “Вялікі подзвіг не забыты” прысвечана ваеннай гісторыі, а “Нязгаснае святло памяці” падрыхтавана да юбілею вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Хутка з’явіцца яшчэ адна, прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі.
Даследаванні працягваюцца
Тамара Крывеня імкнецца раскрыць як мага больш фактаў з біяграфій выхаванцаў піянерлагера, звязваецца з іх дзецьмі, каб высветліць, ці запісаў хто-небудзь свае ўспаміны. Складаюцца новыя экскурсіі. Часта Тамара Уладзіміраўна вядзе іх сама.
Педагог стараецца не проста называць гістарычныя факты, а будаваць дыялог з наведвальнікамі музея, уцягваць іх у размову. Тады ўспрыманне інфармацыі зусім іншае.
Ды і экскурсія, заснаваная на атрыманых ад мясцовых жыхароў звестках, успамінах ветэранаў вайны і сваіх, пачутых ад бацькоў, дарагога каштуе. Такога ў падручніку не прачытаеш. Не дзіўна, што школьнікі з розных куткоў Гродзеншчыны і ўсёй Беларусі з задавальненнем наведваюць музей Новаяльнянскай школы нават па некалькі разоў. А потым прызнаюцца сваім педагогам, што кожны раз даведваюцца штосьці новае.
Школьны музей — не проста месца захоўвання экспанатаў. Цікава тут праходзяць урокі літаратуры, гісторыі і нават малявання, бо ўсё вакол дапамагае раскрыць тэму ўрока, садзейнічае выхаванню патрыятызму. Традыцыйна хвалююча праходзяць прыём у піянеры, уручэнне пашпартоў. Сумесна са школьнай бібліятэкай на базе музея арганізоўваюцца значныя мерапрыемствы раённага і абласнога ўзроўняў, семінары кіраўнікоў устаноў адукацыі вобласці, школьных музеяў.
— Некалі геаграфія была маім жыццём, увесь час ёй прысвячала, а цяпер лаўлю сябе на думцы, што здала прадмет без бою, бо знайшла для сябе яшчэ адну справу жыцця і ўсю сябе прысвячаю музею, — прызналася Тамара Уладзіміраўна. — У мяне няма часу сумаваць, трэба, каб былі планы наперад. Люблю распрацоўваць новую тэму. Вось вывучылі 46 помнікаў на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, зрабілі мабільны дадатак. А потым гэта выліваецца ў іншае: ужо каталог склалі. Цяпер дабаўляю электронны матэрыял, каб інфармацыя была інтэрактыўнай.
Мару зрабіць у музеі галерэю ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Адшукала больш за 200 чалавек, сярод якіх франтавікі, партызаны, медсёстры. Займаюся складаннем картатэкі. Увесь час ёсць работа…
Дзякуючы такім людзям, як Тамара Уладзіміраўна Крывеня, маладое пакаленне ведае гісторыю роднага краю, выхоўваецца ў духу патрыятызму, любові да сваёй Радзімы і гатоўнасці абараняць яе інтарэсы. Аповеды пра такіх адданых сваёй справе людзей ужо на працягу 80 гадоў знаходзяць пачэснае месца на старонках “Настаўніцкай газеты”.
У якіх нумарах “Настаўніцкая газета” пісала пра музей Новаяльнянскай сярэдняй школы “Дзеці ліхалецця”:
- “Доўгі шлях у Наваельню” (16 мая 1992 года, І.Заяц);
- “Сакрэты музейнай педагогікі” (31 сакавіка 2007 года, Т.Міхайлава);
- “Шапочуць рабіны ля школы” (24 лістапада 2007 года, І.Грэчка);
- “Шлях да матулі даўжынёй у дзяцінства” (24 красавіка 2010 года, Т.Крывеня);
- “Мінулае па крупінках” (5 верасня 2020 года, Т.Крывеня);
- “Адзінай сям’ёй” (18 верасня 2021 года, І.Грэчка);
- “Заставацца сучасным” (14 кастрычніка 2021 года, І.Грэчка);
- “Паўстагоддзя ў прафесіі” (15 снежня 2023 года, К.Мацевіч);
- “Пуцяводная зорка” (29 снежня 2023 года, К.Мацевіч).
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара