Нядоўгі мядовы месяц

- 10:28Інфармацыйная гадзіна

Звычайна новаму ўраду або кіраўніку дзяржавы прынята даваць некаторы час на разварушванне, і апазіцыя, і СМІ стараюцца ў гэтыя “100 дзён” або “мядовы месяц” (у розных краінах па-рознаму), не крытыкаваць іх дзеянні. Аднак ужо другі тыдзень у Румыніі нарастае хваля пратэсту супраць дзеянняў новага ўрада пад кіраўніцтвам Сорына Грындзяну, прадстаўніка сацыял-дэмакратаў (СДП).

Прычынай стаў пакет законаў, які прэм’ер і яго партыя паспрабавалі прыняць.

Сацыял-дэмакраты прыйшлі ва ўладу пасля парламенцкіх выбараў, якія адбыліся 11 снежня мінулага года. Першым кандыдатам у прэм’ер-міністры стаў лідар СДП Лівіу Драгню, але паколькі ў 2015 годзе суд прызнаў яго вінаватым у фальсіфікацыі выбараў (прыгаварыўшы да двух гадоў умоўна), заняць гэтую пасаду яму не ўдалося. У выніку была знойдзена кампрамісная фігура — жанчына-палітык Севіл Шайдэх, якая магла б стаць першай мусульманкай на такой высокай пасадзе.

Аднак Прэзідэнт Румыніі Клаус Ёханіс, прадстаўнік Нацыянальна-ліберальнай партыі (НЛП), выбраны ў 2014 годзе, адмовіўся адобрыць кандыдатуру Севіл Шайдэх і заклікаў знайсці іншага прэтэндэнта. У выніку задача сфарміраваць кабінет дасталася былому міністру сувязі Сорыну Грындзяну. Ужо 4 студзеня 2017 года склад урада быў адобраны парламентам. Новы прэм’ер накіраваў кіраўніку Еўракамісіі Жан-Клоду Юнкеру ліст, у якім пацвердзіў сваю прыхільнасць да барацьбы з карупцыяй.

Трэба адзначыць, што праблема карупцыі для Румыніі доўгі час стаяла вельмі востра, і з-за яе нават было пад пытаннем уваходжанне краіны ў Еўрасаюз. У выніку Бухарэст прыняў на сябе сур’ёзныя абавязкі ў плане барацьбы з гэтай з’явай і рэальна дасягнуў значных поспехаў. Было створана нацыянальнае ўпраўленне па барацьбе з карупцыяй, якое за некалькі гадоў зрабіла вельмі многае. На рахунку кіраўніка ўпраўлення Лаўры Ковешы больш за тысячу асуджаных чыноўнікаў, дэпутатаў, міністраў. У 2015 годзе яе ведамства заняло першае месца ў рэйтынгу народнага даверу, апярэдзіўшы нават царкву. Барацьба з карупцыяй — гэта прадмет гордасці кіруючых колаў Румыніі. Грамадскасць таксама вельмі чуллівая да пытанняў, звязаных з гэтай тэматыкай.

Грындзяну не спатрэбілася і месяца, каб пра яго выбранне пашкадавалі многія. 31 студзеня ўрад пры дапамозе тэрміновай працэдуры, у абход парламента і прэзідэнта, прыняў шэраг нарматыўных актаў аб унясенні паправак у Крымінальны кодэкс, а таксама наконт амністыі, пад якую сярод іншых катэгорый асуджаных траплялі і асуджаныя па справах аб карупцыі, у выпадку, калі сума нанесенага ўрону іх супрацьпраўнымі дзеяннямі не перавышае 200 тысяч румынскіх леяў (каля 48 тысяч долараў).

Рэальная ж мэта, на думку многіх СМІ і выбаршчыкаў, — вызваліць ад крымінальнай адказнасці шэраг абвінавачаных у карупцыі або ўжо асуджаных сацыял-дэмакратаў. У сваю чаргу, СДП сцвярджае, што ў рэальнасці гаворка ідзе пра злоўжыванні органаў правасуддзя, якія выконваюць палітычны заказ прэзідэнта і НЛП.

Пасля гэтых рашэнняў у краіне разгарнуліся маштабныя антыўрадавыя акцыі пратэсту. Спачатку на вуліцы выходзілі тысячы, потым — дзясяткі тысяч. 4 і 5 лютага на вуліцы Бухарэста (насельніцтва 1,8 млн) выйшла больш за 250 тысяч чалавек, па ўсёй астатняй Румыніі — яшчэ столькі ж. Патрабаванні тых, хто пратэставаў, падтрымаў кіраўнік Румынскай Праваслаўнай Царквы Патрыярх Данііл і кронпрынцэса Маргарэта (былы каралеўскі дом карыстаецца ў краіне павагай і пашанай). Прэзідэнт Ёханіс таксама падтрымаў тых, хто пратэстуе, выйшаўшы да іх, а яго памочнікі разлівалі гарачы чай для дэманстрантаў. Ёханіс адзначыў, што ён рады таму, што народ клапоціцца пра будучыню сваёй краіны.

Прэзідэнт не абмежаваўся толькі жэстамі, і накіраваў іск у Канстытуцыйны Суд Румыніі, сцвярджаючы, што змены да КК неабходна ануляваць, таму што “гэта канфлікт паміж урадам з аднаго боку і сістэмай юстыцыі і парламентам з другога”.

У выніку 5 лютага на экстранным пасяджэнні ўрада Грындзяну вымушаны быў аб’явіць пра скасаванне пастаноў урада аб памілаванні і ўнясенні паправак у крымінальнае заканадаўства.

Хаця рэзанансныя ўказы ўжо скасавалі, людзей гэта не супакоіла. Маніфестанты заявілі, што з-за апошніх падзей не могуць дазволіць кабінету міністраў працаваць у ранейшым складзе і патрабуюць правядзення датэрміновых выбараў.

У сваю чаргу румынскі прэм’ер-міністр заявіў, што не мае намеру пакідаць пасаду. У сераду, 8 лютага, у парламенце адбылося галасаванне аб вотуме недаверу ўраду. “За” выказаўся 161 чалавек, у той час як для змены ўрада патрабавалася падтрымка 232 парламентарыяў. Грындзяну, у сваю чаргу, паабяцаў, што яго ўрад больш не будзе зацвярджаць ініцыятывы, “якія могуць выклікаць моцныя эмоцыі ў грамадстве без належнага ўсебаковага абмеркавання”. Тым не менш акцыі пратэсту па ўсёй краіне працягваюцца, і апазіцыя абяцае вывесці на вуліцы ў гэтыя выхадныя больш за мільён прыхільнікаў. Ці ўдасца ўтрымаць сітуацыю ў рамках закона або націск тых, хто мітынгуе, пераможа, пакуль незразумела.

Алег ВЯРЦІНСКІ.