Нягледзячы на неспрыяльныя знешнія фактары, аб’ём узаемнага гандлю краін узрос

- 11:00Інфармацыйная гадзіна

Эксперты завяршаюць прапрацоўку праекта пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі ў СНД, заявіў першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта — выканаўчага сакратара СНД Віктар Гумінскі на адкрыцці ў Мінску кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў, прысвечаных узаемадзеянню ў Садружнасці. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Выканкама СНД.

Віктар Гумінскі праінфармаваў удзельнікаў кансультацый, што “актыўная экспертная прапрацоўка дакумента выйшла на фінішную прамую і ўжо на найбліжэйшым пасяджэнні Эканамічнага савета СНД плануецца разгледзець пытанне аб стварэнні групы высокага ўзроўню для яго канчатковага ўзгаднення”. Ён заклікаў прадстаўнікоў знешнепалітычных ведамстваў садзейнічаць актывізацыі работы сваіх дзяржаў па больш хуткім завяршэнні працэсу ўзгаднення і падпісання пагаднення.

Першы намеснік старшыні Выканкама СНД нагадаў, што неабходнасць аператыўнай дапрацоўкі праекта пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі ў рамках СНД падкрэслівалася на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД, якое адбылося ў лістападзе 2017 года ў Ташкенце. Дакумент прызначаны садзейнічаць далейшаму збліжэнню эканомік, іх кааперацыі, нарошчванню ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных сувязей.

Характарызуючы супрацоўніцтва ў эканоміцы ў цэлым, Віктар Гумінскі адзначыў, што сумесныя дзеянні краін Садружнасці накіраваны на паэтапнае ажыццяўленне стратэгіі эканамічнага развіцця СНД і міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД да 2020 года. Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на неспрыяльныя знешнія фактары па выніках 2017 года, аб’ём узаемнага гандлю краін СНД узрос на 25 працэнтаў.

Закранаючы перспектывы супрацоўніцтва, Віктар Гумінскі падкрэсліў, што “прыярытэтнай задачай, як і раней, застаецца павышэнне эфектыўнасці СНД, рост яе аўтарытэту на міжнароднай арэне, умацаванне інтэграцыі дзяржаў-удзельніц у мэтах забеспячэння міру, добрасуседства і прагрэсу на прасторы Садружнасці”. У 2018 годзе ў СНД старшынствуе Таджыкістан. Першы намеснік старшыні Выканкама СНД пажадаў таджыкскаму боку поспехаў у далейшым умацаванні і развіцці ўзаемадзеяння ў СНД. Віктар Гумінскі таксама выказаў удзячнасць Расіі за паспяховае старшынства ў СНД у 2017 годзе.