Няхай забіваюць за голам гол!

Паказальныя выступленні футбалістаў прайшлі падчас адкрыцця ў Гомелі новага футбольнага манежа. Цяпер ён стане пляцоўкай для трэніровак навучэнцаў гарадской дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 6. Ну а самы першы ўдар па мячы ў новым збудаванні ажыццявіў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. Ён нагадаў, што гэты ўнікальны спартыўны аб’ект пабудаваны па даручэнні кіраўніка дзяржавы за сродкі УЕФА праз Беларускую федэрацыю футбола і абласны бюджэт.

Cтаршыня Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў і старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей.

— Тыя, хто ўважліва сочыць за жыццём Гомельшчыны, звярнулі ўвагу, што на працягу мінулага года мы ўводзілі новыя і рэканструявалі існуючыя спартыўныя аб’екты. Гэта лыжаролерная траса сусветнага ўзроўню ў Гомелі, стадыён у Петрыкаве, басейн у Мазыры, — адзначыў Генадзь Салавей. — У межах комплекснага добраўпарадкавання раённых цэнтраў вобласці абавязковай умовай стала адкрыццё маладзёжных спартыўных пляцовак. Усё гэта пашырае магчымасці для заняткаў спортам для ўсіх аматараў і яшчэ больш актывізуе спартыўнае жыццё рэгіёна. Прычым усё, што стваралася і ствараецца, у роўнай ступені накіравана як на ўмацаванне фізічнага здароўя нашых дзяцей, так і на развіццё спорту высокіх дасягненняў. З адкрыццём гэтай трэніровачнай базы, я ўпэўнены, у нас з’явяцца свае Пеле, Месі і Раналду, а гомельскі футбол парадуе аматараў віртуознай гульнёй і стабільнай прапіскай на першых радках футбольных чэмпіянатаў.

Губернатар пажадаў, каб трэніроўкі і спаборніцтвы, якія можна праводзіць тут зімой і летам, адцягнулі дзяцей ад тэлефонаў і камп’ютараў, вярнулі да рэальнага жыцця і са­праўдных яркіх эмоцый.

Што тычыцца новага збудавання, яго купал плошчай 9200 квадратных метраў зманціраваны спецыялістамі славенскай кампаніі DBSEngineering. Тэнт, зроблены з полі­стыролавага матэрыялу, важыць 18 тон. Бялюткая мембрана над полем накрывае сучасную футбольную пляцоўку са штучным пакрыццём. Цяпер тут паўнацэннае футбольнае поле еўрапейскага стандарту як для трэніровак, так і для спаборніцтваў любога ўзроўню. Магчымасцю арэнды цікавяцца каманды першай і вышэйшай ліг, у тым ліку з суседняй Украіны, каб праводзіць вучэбна-трэніровачныя зборы на гэтым стадыёне.

Між тым для абслугоўвання новага спартыўнага збудавання, якое знаходзіцца ў Савецкім раёне Гомеля, прымяняецца сістэма “Разумны дом”. Усё праграмуецца так, каб максімальна эканоміць газ і электраэнергію. Ноччу на аб’ект будзе падавацца мінімальная колькасць цяпла. Але ж перад пачаткам трэніровак ці спаборніцтваў загадзя ўключыцца сістэма падагрэву, каб тэмпература ўнутры дасягнула нарматыўных +18°С.

У гомельскім манежы агульная плошча пляцоўкі — 115х82, а поля для гульні — 110х75. Ён мае вышыню 22 метры. У адрозненне ад падобных збудаванняў у іншых гарадах нашай краіны, тут усталяваны трыбуны на 500 гледачоў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца тэхніцы бяспекі. У Гомелі не забылі, як паўтара года назад на Рэчыцкім праспекце падчас сеанса катання на людзей пад напорам снегу абрушыўся тэнт. Мембрана, якой накрылі новы манеж, складаецца з двух пластоў, паміж якімі зімой цыркулюе гарачае паветра. Розніца тэмператур не дазволіць снегу затрымлівацца на купале.

Унутры, непасрэдна над месцамі для аматараў спорту — ахоўная сістэма, якая не дазволіць купалу ўпасці да падлогі. Прадугледжаны дадатковыя металічныя канструкцыі, якія абмяжоўваюць тканіну. Праходнасць людзей у мінуту з адных дзвярэй — 32 чалавекі. Дадаткова да трох асноўных ёсць 10 эвакуацыйных выхадаў. Дарэчы, купал пры пашкоджанні здымаецца не раптам, а за 2,5 гадзіны.

Дванаццацігадовы Іван Сцефаненка футболам займаецца палову свайго жыцця. Цяпер ён цэнтральны паў­абаронца ў сваёй камандзе, якая выступае за Гомельскую  дзіцяча-юнацкую спартыўную школу № 8. Хлапчук гаво­рыць, што да спорту яго далучыў тата:

— Я памятаю: тата тлумачыў мне, як гуляць у футбол. Я хацеў бы гуляць у сусветна вядомых камандах і стаць добрым футбалістам. Ну а пакуль рады, што за мяне на новым зручным футбольным полі хварэе не толькі бацька, але і вельмі шмат гледачоў. Калі на трыбунах ёсць гледачы — у гульцоў больш упэўненасці.

У Гомельскай гарадской дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе № 6, на тэрыторыі якой размешчаны новы спартыўны аб’ект, цяпер займаюцца 572 навучэнцы. Працу­юць тры аддзяленні: па плаванні, лёгкай атлетыцы, кулявай стральбе. Са студзеня 2020 года адкрыта аддзяленне па футболе. Каля 200 дзяцей вучацца авалодваць мячом.

Адкрыты ў 70-я гады мінулага стагоддзя стадыён “Прамень” сёння кардынальна абноўлены. Адрамантаваны падтрыбунныя памяшканні, дзе для спартсменаў створаны ўсе неабходныя ўмовы. З футбольным манежам падтрыбунныя памяшканні звязвае крытая галерэя. Дарэчы, тут будуць тры паўнацэнныя футбольныя пляцоўкі. Акрамя закрытай, яшчэ дзве адкрытыя: са штучным пакрыццём і натуральным газонам.

Аналагічныя купалы-мембраны над футбольнымі палямі ўжо ўзведзены ў Мінску, Брэсце і Гродне, а праз пэўны час з’явяцца ў Магілёве і Віцебску.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.