Няхай жыве фестываль!

- 12:33Сацыяльны ракурс

У 2018 годзе ўпраўленне сацыяльнай і выхаваўчай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праводзіць першы інтэрнэт-фестываль “Аўкцыён педагагічных ідэй педагогаў-псіхолагаў”. Яго мэта — арганізаваць абмен вопытам эфектыўнай псіхолага-педагагічнай дзейнасці і ўкаранення новых псіхолага-педагагічных ідэй і метадычных знаходак, якія могуць удасканаліць сістэму работы педагогаў-псіхолагаў сацыяльна-педагагічных цэнтраў, сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў устаноў адукацыі.

Фестываль праходзіць на адкрытай інтэрнэт-пляцоўцы, дзе аўтары публікавалі свае матэрыялы пра аказанне ўсіх відаў псіхалагічнай дапамогі ва ўстанове адукацыі: кансультавання, карэкцыі, прафілактыкі і асветы. Работы былі прысвечаны абароне правоў і законных інтарэсаў навучэнцаў, прадухіленню магчымых парушэнняў у станаўленні і развіцці асобы і міжасобасных адносін, арганізацыі індывідуальнай прафілактычнай і рэабілітацыйнай работы з непаўналетнімі, фарміраванню здаровага ладу жыця, бяспечных і адказных паводзін. Педагогі-псіхолагі прапаноўвалі распрацоўкі ў галіне развіцця прафесійнай самасвядомасці і псіхалагічнай культуры, камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў і г.д. Усе прысланыя на фестываль матэрыялы размеркаваны па групах, якія адпавядаюць форме, накіраванасці і адраснасці вучэбна-метадычных распрацовак.

У інтэрнэт-фестывалі ўдзельнічаюць метадысты абласных інстытутаў развіцця адукацыі, раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў, якія курыруюць работу педагогаў-псіхолагаў, педагогі-псіхолагі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, сацыяльна-педагагічных устаноў. На першы, завочны, этап фестывалю прадставілі больш за 150 вучэбна-метадычных распрацовак: “Апельсінавы настрой”, “Таблетка ад ПАР”, “Адзін на вуліцы”, “Усміхніся жыццю, ты яму падабаешся!”, “Азбука настрою”, “Гармонія ў сям’і”, “Ад дэбюту да бенефісу”, “Вакзал мары”, “Формула дабра”, “Дыялог са стагоддзем…”, “Я жыву ў сям’і” і інш.

Усе ўдзельнікі завочнага этапу фестывалю адзначаны імяннымі сертыфікатамі, якія сведчаць факт публікацыі матэрыялу на сайце акадэміі. Мы не ставілі перад сабой мэты ацэньваць і параўноўваць пададзеныя матэрыялы — яны вельмі розныя, каб вызначыць фармальныя крытэрыі для іх параўнання. Кожны аўтар — носьбіт пэўнага светапогляду, мае прафесійную сістэму каардынат, стратэгію і тактыку. Таму ацэнка пададзеных вучэбна-метадычных распрацовак будзе ажыццяўляцца падчас адкрытага інтэрнэт-аўкцыёну. Для гэтага доступ да матэрыялаў будзе адкрыты на сайце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў верасні 2018/2019 навучальнага года.

Аўтараў самых запатрабаваных вучэбна-метадычных распрацовак запросяць для правядзення вучэбных семінараў і майстар-класаў на другі, вочны, этап фестывалю, які пройдзе ў рамках VII Рэспубліканскага каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства.

Ганна РАМАШКА,
метадыст упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы
Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.