“Няма больш эфектыўнага падыходу да вучняў, чым любоў і павага”

Музей — гэта не толькі месца захавання прадметаў мінулых эпох, своеасаблівага падарожжа ў часе. Музей можа быць яшчэ і ўтульным домам, дзе жыве вялікая дружная сям’я. Такім з’яўляецца народны комплексны музей “Гісторыя Заронаўскага краю” Віцебскага раёна. Гаспадыня гэтага незвычайнага дома, якую юныя экскурсаводы ласкава называюць “наша музейная матуля”, — Людміла Канстанцінаўна НІКІЦІНА.

Колькі б нам ні было гадоў, куды б ні закінуў лёс і якім бы вірлівым, пакручастым ні было наша жыццё, ёсць на зямлі месца, дзе мы заўсёды можам адпачыць ад штодзённай мітусні, знайсці душэўны спакой. Дзе нас абавязкова сустрэнуць ласкава, прыветліва, з любоўю. Дзе нам шчыра ўсміхнуцца… Бацькоўскім домам для многіх пакаленняў заронаўскіх вучняў з’яўляецца і будынак аднаго з лепшых у краіне музеяў сістэмы адукацыі. Тут былым вучням-экскурсаводам утульна і спакойна, тут яны любяць прыгадваць бесклапотнае дзяцінства і летуценнае юнацтва. Тут іх, як родных дзяцей, сустракае наша ге­раіня.

Заронаўскі музей, яго шматлікія сённяшнія і былыя экскурсаводы — сапраўдная сям’я, якая разам з экспазіцыяй пачала стварацца Людмілай Канстанцінаўнай у 1986 годзе. Першыя экскурсаводы даўно скончылі школу, потым яны прывялі за парты сваіх дзяцей. І ўжо тыя дзеці прывялі сваіх дзяцей. Так што наша гераіня не толькі музейная матуля, але і музейная бабуля. Дарэчы, цяперашнія ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Юныя экскурсаводы” па ўзросце якраз і з’яўляюцца для Людмілы Канстанцінаўны ўнукамі, але ўсё ж называюць яе матуляй, мамай. “Напэўна, яшчэ молада выглядаю”, — з усмешкай гаворыць педагог.

“Кожнае музейнае мерапрыемства — гэта для нас сапраўднае сямейнае свята. Асабліва “Ноч музеяў”, якую мы ладзім напярэдадні Міжнароднага дня музеяў. Абавязкова робім святочную вячэру за вялікім сталом. Усё як у сапраўднай сям’і: нехта з дзяцей абірае бульбу, нехта ў печы падпальвае (у заронаўскім музеі ёсць сапраўдная печ, а не макет. — Заўв.аўт.). Канечне, усё гэта робіцца пад маім кантролем. Потым разам накрываем на стол. У кожнага свае абавязкі. Паелі — старэйшыя дзяўчаткі ведаюць, што ім трэба памыць посуд. Многаму, што тычыцца побыту, дзеці вучацца ў музеі. Тую ж самую бульбу абабраць або нават накапаць яе. Я была здзіўлена, калі заўважыла, што сучасныя вясковыя дзеці не ведаюць, з якога боку падысці да каліва, як яго рваць. ­Паціху мы гэта выправілі. Калі старэйшыя дзяўчаткі абіраюць бульбу, то малыя глядзяць на іх, вучацца. Да мяне ходзяць рознаўзроставыя дзеці. У гэтым годзе прыглядаюся да выхаванцаў дзіцячага сада. Зразумела, яны ўсяму яшчэ вучацца, і не толькі весці экскурсіі. Вось для іх я, як бабуля. Ёсць ­адзін такі Сашка Сокалаў. Ён мяне, як убачыць, адразу радасна крычыць: “Канстанцінаўна! Мая Канстанцінаўна!”, — падзялілася педагог.

У заронаўскім музеі вучні спасцігаюць не толькі майстэрства правядзення экскурсій, вядзення ўліку экспанатаў, папаўнення фондаў. Не менш важным з’яўляецца і… вырошчванне морквы і капусты, праполка бульбы, збор яблыкаў. Не здзіўляйцеся, агародніна і садавіна — гэта не экспанаты. Проста на сапраўднай вясковай сядзібе (тэрыторыя музея ёй якраз і з’яўляецца), як і мае быць, ёсць агарод і сад, а значыць, ёсць і спрадвечны сялянскі клопат. Традыцыя працоўнага выхавання заронаўскіх школьнікаў узнікла яшчэ ў 1961 годзе, калі для вучняў з аддаленых вёсак быў пабудаваны інтэрнат, а пры ім пасаджаны сад і разбіты агарод. У будынку былога інтэрната сёння і знаходзіцца экспазіцыя. У 1996 годзе, калі музею надалі званне народнага, быў зроблены капітальны рамонт. Змяніўся профіль, з’явіліся новыя залы: “Настальгія”, калекцыйная зала, хата-чытальня. У 2014 годзе дабавілі залу беларускай міфалогіі. А ў былой школьнай спартыўнай зале цяпер імправізаваны хлеўчык, дзе захоўваюцца колішнія прылады працы.“У адказ на любоў дзеці не толькі паважаюць мяне, але і любяць тое месца, дзе жывуць, любяць малую радзіму”.

“У адказ на любоў дзеці не толькі паважаюць мяне, але і любяць тое месца, дзе жывуць, любяць малую радзіму”.

“Час ідзе, вучні вырастаюць. Але нават калі праз 10 ці 20 гадоў пасля заканчэння школы яны прыхо­дзяць у музей, я ўспамінаю іх вось такімі: спакойнымі і паслухмянымі, актыўнымі і гарэзлівымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі”.

У Людмілы Канстанцінаўны шмат дасягненняў. Яна прызнавалася чалавекам года Віцебшчыны, неаднаразова перамагала разам з вучнямі на рэспубліканскіх і міжнародных краязнаўчых конкурсах. Але галоўным сваім дасягненнем наша гераіня лічыць вялікую і дружную музейную сям’ю. Сотні яе выхаванцаў самага рознага ўзросту ў любы час могуць завітаць у музейны дом, які для іх з’яўляецца па-сапраўднаму бацькоўскім. Матулінай любоўю Людміла Канстанцінаўна адорыць кожнага. “Няма больш эфектыўнага падыходу да дзяцей, чым любоў і павага. У адказ на любоў дзеці не толькі паважаюць мяне, але і любяць тое месца, дзе жывуць, любяць малую радзіму”, — падзялілася педагог.

Юным экскурсаводам, з якімі Людміла Канстанцінаўна пачынала працаваць у 1986 годзе, сёння ўжо за 40. “Яны не забываюць пра мяне. Калі была прэзентацыя маёй кнігі да 30-годдзя музея “Мой любы край, маё Заронава”, то на яе сабралася шмат маіх былых вучняў. Яны так хораша гаварылі (вядома ж, экскурсаводы, вымаўленне ў іх пастаўлена), успаміналі. Многае прыгадваецца. Быў у мяне такі вучань Андрэй Путаў. Цяпер працуе вадзіцелем. Неяк ён перавозіў рэчы адной сям’і ў новую хату. А ранейшыя гаспадары выкідвалі шмат розных прадметаў. Андрэй ацаніў іх музейную каштоўнасць, загрузіў гэтых прадметаў цэлы кузаў і прывёз мне: “Вось, выбірайце”. Там былі і плеценыя з лазы кашы, і арыгінальны бязмен, і лаўкі, і драбіны, і калаўрот, і прыстасаванні для валення валёнак, — прыгадвае Людміла Канстанцінаўна. — Мае дзеці як прафесіяналы-музейшчыкі. Калі заходзяць у якое-небудзь памяшканне, то адразу вызначаюць, што можа спатрэбіцца ў экспазіцыі”.

У музеі захоўваецца багатая калекцыя капелюшоў.

Як і належыць клапатлівым дзецям, вучні Людмілы Канстанцінаўны не забываюць пра сваю музейную матулю. Напрыклад, у мінулым годзе на яе юбілеі было 70 чалавек, з якіх 22 — гэта былыя юныя музейшчыкі. “Помню, неяк у інтэрнэце пра мяне напісалі: “У нашай музейнай мамы сёння юбілей. Не забудзьце павінша­ваць!”, — смяецца Людміла Канстанцінаўна. — З таго часу, калі я стала маладой музейнай мамай і набрала першую групу экскурсаводаў, многае змянілася ў маіх поглядах на краязнаўчую дзейнасць, выхаванне дзяцей. Тады, у канцы 80-х, у сваіх адносінах да жыцця, светапоглядзе я была практычна на ўзроўні школьніцы. У мяне не было ніякага страху. Помню, пераплылі з дзецьмі на лодцы на супраць­леглы бераг возера. Калі даведаўся пра гэта дырэктар школы Аляксандр Якімавіч, то так адчытаў мяне, што я назаўсёды запомніла: якой бы захапляючай ні была края­знаўчая экспедыцыя, рызыкаваць здароўем дзяцей не варта. З таго часу стала асцярожней працаваць. У паходы ці экспедыцыі адпраўлялася ўжо з вучнямі не адна, абавязкова запрашала каго-небудзь з педагогаў або бацькоў. Сапраўды, у паходзе шмат чаго магло здарыцца. Але, дзякуй богу, небяспека нас мінула. З узростам зразумела, што вучням трэба часцей гаварыць: “Дзеці, я вас так люблю, вы ў мяне самыя лепшыя ў свеце”. Тады яны абавязкова адкажуць: “А мы вас не проста любім. Мы вас а-ба-жа-ем”.

Лад жыцця Людмілы Канстанцінаўны, яе любоў да краязнаўства, музейнай справы не маглі не паўплываць на лад жыцця яе выхаванцаў, а таксама яе сына. Станіслаў Пятровіч паступіў на гістарычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава невыпадкова. У музеі “Гісторыя Заронаўскага краю” ён, можна сказаць, вырас. Будынак музея — гэта яго другі (а можа, нават і першы) бацькоўскі дом. Пасля заканчэння гістфака ён вярнуўся ў роднае Заронава і працуе тут захавальнікам музейных каштоўнасцей. Зараз, напрыклад, вывучае багаты архіў мясцовага краязнаўца Барыса Якаўлевіча Леганькова. У 2018 годзе на тэрыторыі музейнага сада Станіслаў Пятровіч разам з вучнямі Суйкаўскай базавай школы (пасля закрыцця заронаўскай школы мясцовыя школьнікі наведваюць гэтую ўстанову адукацыі) зрабілі рэканструкцыю зямлянкі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Дапамагалі ў гэтай справе і былыя вучні. Напрыклад, Аляксандр Сухараў, Юрый Мяшкоў, Аляксей Яўчанка, Зоя Пека. Такім чынам гістарычная рэканструкцыя стала яшчэ адным напрамкам дзейнасці вялікай музейнай сям’і Людмілы Канстанцінаўны.

З кнігай “Любоў і боль майго Заронава”.

“З узростам зразумела, што вучням трэба часцей гаварыць: “Дзеці, я вас так люблю, вы ў мяне самыя лепшыя ў свеце”. Тады яны абавязкова адкажуць: “А мы вас не проста любім. Мы вас а-ба-жа-ем”.

Каб сям’я была дружная і ў ёй не было непаразуменняў, дзеці не павінны быць абдзелены бацькоўскай любоўю, увагай. У канцы навучальнага года (гэта адбываецца ў Міжнародны дзень музеяў ці на апошні званок) педагог ра­зам з вучнямі падводзіць вынікі краязнаўчай дзейнасці, абавязкова ўручае дзецям падарункі. “А ўжо трэці год я выплачваю ім прэмію свайго імя (смяецца). Са сваёй пенсіі выдзяляю пэўную суму найбольш актыўнаму юнаму края­знаўцу. У гэтым годзе яе атрымае Мікіта Шыбека, які заканчвае 9 класаў. Маю прэмію ўжо атрымлівалі Саша Гвоздзева і Юля Прасалава. Дарэчы, у гэтым годзе мы занялі 3-е месца на рэспубліканскім конкурсе музеяў баявой славы і павінны былі ўдзельнічаць у закладцы капсул у крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых”, — паведаміла Людміла Канстанцінаўна.

Нескладана здагадацца, што ў сям’і, дзе пануе любоў і ўзаемапавага, пытанняў з дысцыплінай у дзяцей не ўзнікае. “На вуліцы, па дарозе ў музей, яны могуць і падурэць, але ў музеі ведаюць, як трэба сябе паводзіць. Я часам дазваляю дзецям пасваволіць у музеі (дзеці ёсць дзеці, і гэта трэба разумець), але яны ведаюць, што трэба паво­дзіць сябе так, каб я не павышала голас, — дзеліцца педагог. — Наогул, час ідзе, вучні вырастаюць. Але нават калі праз 10 ці 20 гадоў пасля заканчэння школы яны прыхо­дзяць у музей, я ўспамінаю іх вось такімі: спакойнымі і паслухмянымі, актыўнымі і гарэзлівымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Мы разам прыгадваем часы, калі праводзілі экскурсіі, збіралі экспанаты, пісалі даследчыя работы. Гэтыя цёплыя ўспаміны аб’ядноўваюць, робяць нашу музейную сям’ю яшчэ больш моцнай”.

Учора, 15 мая, адзначаўся Міжнародны дзень сям’і. Паслязаўтра, 18 мая, — Міжнародны дзень музеяў. З нагоды гэтых дат мы і завіталі ў госці да Людмілы Канстанцінаўны Нікіцінай. Яе вялікая і дружная музейная сям’я з’яўляецца выдатным прыкладам любові і павагі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.