Няма мяжы ў мастацтва

- 11:13World Skills

Па ўсіх рэгіёнах краіны праходзяць абласныя этапы Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “WorldSkills Belarus — 2018” для вызначэння лепшых канкурсантаў, якія выступяць на заключным этапе нацыянальнага чэмпіянату ў Мінску. У многіх прафесійных кампетэнцыях, якія будуць сёлета прадстаўлены на рэспубліканскім спаборніцтве, лідары ўжо вызначаны. Нядаўна ў Слуцкім дзяржаўным каледжы праходзіў абласны этап па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”. У ім прынялі ўдзел 12 навучэнцаў з 12 устаноў адукацыі Мінскай вобласці.

Удзельнікі конкурсу на працягу трох гадзін выконвалі заданне, якое складалася з двух модуляў: “Халодная закуска” і “Гарачая страва са свініны” з гарнірам і соусам. Пры ацэньванні страў улічваліся арганізацыйныя навыкі ўдзельніка, выкананне тэхналогіі гатавання, валоданне кулінарнай тэхнікай, тэхналагічнымі прыёмамі, захаванне часу прэзентацыі модуляў, выкарыстанне абавязковых інгрэдыентаў. Немалаважную ролю мелі суб’ектыўныя крытэрыі ацэньвання: візуальная прывабнасць, стыль і крэатыўнасць падачы стравы, адпаведнасць сучасным тэндэнцыям, ступень складанасці і майстэрства, гармонія і спалучэнне смакаў кампанентаў.

Заданні на конкурсе былі даволі складанымі, ды і час гатавання быў абмежаваны. Аднак удзельнікі з натхненнем і энтузіязмам уключыліся ў барацьбу, імкнуліся паказаць сябе з самага лепшага боку, прадэманстраваць усё сваё прафесійнае майстэрства, на якое былі здольныя. А ўмовы правядзення конкурсу спрыялі гэтаму.

Спаборніцтва праходзіла ў рэсурсным цэнтры вытворчага навучання каледжа, які з’яўляецца ўзорам арганізацыі і правядзення прафесійнага навучання і дзе створаны ўсе ўмовы для асваення сучаснага высокапрадукцыйнага абсталявання, перадавых вытворчых прыёмаў і метадаў, якія выкарыстоўваюцца ў сучаснай перапрацоўчай прамысловасці. Як паведаміў дырэктар каледжа Барыс Браніслававіч Блахін, за час існавання рэсурсны цэнтр наведалі сотні навучэнцаў і педагогаў з аднапрофільных устаноў Мінскай вобласці, Беларусі і нават іншых краін. Цэнтр абсталяваны па апошнім слове тэхнікі, методыка выкладання прафесій перапрацоўчай прамысловасці носіць інавацыйную накіраванасць з выкарыстаннем ІТ-тэхналогій і новых педагагічных падыходаў.

Па выніках конкурсу пераможцай стала Святлана Лаўрыновіч, навучэнка Слуцкага дзяржаўнага каледжа. Другое месца заняў Віталь Бабіцкі, навучэнец Барысаўскага дзяржаўнага каледжа. “Бронзы” спаборніцтва ўдастоены Мікіта Пытко, навучэнец Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, і Алена Ерашкова, навучэнка Смалявіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя.

Па словах галоўнага эксперта конкурсу, з кожным годам канкурсанты ў гэтай кампетэнцыі выступаюць усё больш прафесійна, упэўнена, смела эксперыментуючы над смакавымі якасцямі страў, праяўляючы арыгінальнасць у іх творчым афармленні. Таму ўсё больш складана становіцца вызначыць найлепшага.

Лідар абласнога этапу WorldSkills у кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” Святлана Лаўрыновіч будзе прадстаўляць Мінскую вобласць на рэспубліканскім конкурсе.

Калі запыталі ў Святланы, чаму яна выбрала прафесію кулінара, то аказалася, што гэты выбар ёй быў наканаваны лёсам. Уся яе сям’я, нават бацька і дзядуля, вельмі любіць кулінарыць, падыходзіць да гэтай справы вельмі творча і нават можа скласці сваю рэцэптуру. Любоў да гэтай прафесіі Святлана ўвабрала з самага ранняга дзяцінства.

Па меркаванні дзяўчыны, ёй вельмі пашанцавала з паступленнем у Слуцкі дзяржаўны каледж. Гэта менавіта тая ўстанова, дзе створана творчая атмасфера і дзе можна развівацца бясконца не толькі ў галіне кулінарыі, але і ўсебакова.

У Святланы выдатныя педагогі, якія шчыра любяць сваю работу і сваіх выхаванцаў. Гэта Вольга Барысаўна Канапелькіна, Ірына Сяргееўна Леус, Аляўціна Мікалаеўна Ляхавец. Менавіта яны паспрыялі фарміраванню ў Святланы майстэрства кулінарыі самай высокай якасці, байцоўскага характару, упартасці, няўрымслівасці і адказнасці за даручаную справу.

Цяпер Святлана праходзіць вытворчую практыку ў адным з рэстаранаў Мінскай вобласці. Яна марыць стаць сапраўдным прафесіяналам і плануе прадоўжыць вучобу ва ўніверсітэце.

— У маім уяўленні сапраўдны кулінар — гэта вельмі адукаваны, культурны, творчы чалавек з фундаментальнымі ведамі, — расказала дзяўчына. — Яму павінны быць уласцівы мастацкі падыход да справы, творчае натхненне. Невыпадкова ж кажуць — “кулінарнае мастацтва”. Але няма межаў яго ўдасканалення, таму трэба расці і расці, заўсёды заставацца ў тэме сучаснай гастраноміі.

Мяркуючы па мэтанакіраванасці і працавітасці Святланы, можна не сумнявацца, што яна дасягне сваёй мэты.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.