Няма трэнера — няма спорту!

- 10:53Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнту Беларусі быў прадстаўлены даклад аб пытаннях падрыхтоўкі трэнерскіх кадраў і развіцця дзіцяча-юнацкага футбола.

На справаздачу былі запрошаны старшыня праўлення Банка развіцця Беларусі, старшыня Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Румас, яго намеснік у АБФФ Юрый Курбыка, а таксама аўтарытэтныя беларускія трэнеры Сяргей Бароўскі, Эдуард Малафееў і Людас Румбуціс.

“Я проста хачу пабудаваць нашу размову з пытання, ці сорамна вам за той стан футбола, які мы сёння маем у краіне. Напэўна, павінна быць сорамна”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што дзяржава робіць усё для развіцця гэтага віду спорту. Курыруе гэты напрамак кіраўнік лепшага ў краіне банка, які паспяхова рэалізоўвае розныя праекты. “Адзін праект, правалены ім, — гэта футбол. А вы дзе былі? Ён жа, груба кажучы, у вас “крыша” — падстрахаваць, арганізаваць, яшчэ нешта. А вырашаць праблемы ёсць каму”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што няўдачна выступае не толькі асноўная дружына Беларусі, але і маладзёжныя зборныя. “Усюды правал. Самы масавы, самы любімы від спорту, для якога, па вялікім рахунку, каб навучыцца гуляць, нічога не трэба”, — канстатаваў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў часы яго юнацтва вельмі любіў футбол, хварэў за гэты від спорту і імкнуўся гуляць у яго. Справа даходзіла да таго, што яму па начах даводзілася зашываць мячы: магчымасці рэгулярна набываць новыя не было. “Калі б так спартсмены ставіліся да спорту, мы чэмпіёнамі свету былі б, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — Хто ў нас так ставіцца сёння? І я не адзін тады такім быў, такі час быў”.

Многія беларускія футбалісты ў той час былі легендамі, адзначыў кіраўнік дзяржавы. “Дзе яно ўсё цяпер? Яго няма, таму што няма трэнера — няма спорту. Ды і арганізоўваць трэба, і пытацца: колькі ты выкрышталізаваў у грамадстве такіх хлапчукоў, у школьным узросце? Шчэрбу (савецкі і беларускі гімнаст, шматразовы алімпійскі чэмпіён. — Заўвага БелТА) дзе знайшлі? У дзіцячым садзе”, — звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт упэўнены: вопытны трэнер зможа разгледзець у дзіцяці будучага спартсмена. Аднак потым з ім трэба працаваць, трэніраваць — і будзе толк. “Вось чаго нам не хапае”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, неабходна рэарганізаваць Беларускую федэрацыю футбола, дадаў кіраўнік дзяржавы. “Трэба знайсці талковых людзей, стварыць добрую федэрацыю, якая будзе дапамагаць, кантраляваць, падтрымліваць, і ўзяць на кантроль трэнераў”, — паставіў задачу ён.

Нарада стала працягам размовы, што адбылася паміж Аляксандрам Лукашэнкам і вядомымі футбольнымі настаўнікамі Беларусі на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды прыбыцця ў Мінск Кубка свету ФІФА. Як паведамлялася, тады знакамітыя спецыялісты расказалі кіраўніку дзяржавы пра сваё бачанне праблем у гэтым відзе спорту. І прэзідэнт паабяцаў у найбліжэйшы час удзяліць тэме неабходную ўвагу.

На сённяшні дзень асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” падрыхтавала каля 500 трэнераў (на 2011 — 247), у тым ліку 44 — катэгорыі Pro. Беларускія трэнеры — выпускнікі АБФФ працуюць у футбольных лігах Расіі, Украіны і Казахстана. З 2015 года федэрацыя ўвяла навучанне па праграмах “В-дыплом УЕФА” для трэнераў варатароў, “В-дыплом УЕФА” ў міні-футболе. У 2018 годзе плануецца ўвесці навучанне па праграмах “Нацыянальная ліцэнзія С” для масавага футбола і “Нацыянальная ліцэнзія D” для настаўнікаў фізічнай культуры.

Метады, формы і падыходы да правядзення адукацыйнага працэсу на трэнерскіх курсах былі кардынальна зменены з 2017 года. Так, значна павялічаны аб’ём практычнай работы, уведзены міжмодульнае навучанне ў выглядзе семінараў у мікрагрупах і інтэрактыўная форма заняткаў. Працягласць адукацыйных праграм павялічана прыкладна на 25 працэнтаў, таксама зроблены больш строгімі патрабаванні да атэстацыі і пераатэстацыі трэнераў. Усе гэтыя змяненні атрымалі высокую ацэнку з боку УЕФА.

Адным з прыярытэтных напрамкаў у дзейнасці АБФФ з’яўляецца развіццё дзіцяча-юнацкага футбола. Паэтапнае аднаўленне колькасці каманд вышэйшай лігі да 16, вызначанае Стратэгіяй развіцця футбола ў Беларусі “Бачанне 2020” у якасці адной з неабходных мер, дало магчымасць павялічыць колькасць груп па падрыхтоўцы юных футбалістаў каманд вышэйшай і першай ліг.

Некалькі гадоў назад у Беларусі была створана Акадэмія футбола для падрыхтоўкі элітных маладых футбалістаў. Пазней яна была ўключана ў адпаведную праграму УЕФА. Затым філіялы акадэміі па ініцыятыве Беларускай федэрацыі футбола былі адкрыты ў розных рэгіёнах краіны.