Нямецкая мова для дзяцей з АПФР

Дзецям у любым узросце патрэбны ўвага, разуменне і аб’ектыўны падыход з боку настаўніка. Зыходзячы са свайго педагагічнага вопыту адзначу, што надзвычай важна гэта для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. І звязана гэта з шэрагам прычын. Самая галоўная з іх — цяжкасці ў адаптацыі такіх дзяцей да школы, складанасці ў засваенні імі вучэбных праграм.

Галоўная задача ў навучанні дзяцей з АПФР — развіццёвая. Такія вучні не могуць працяглы час канцэнтраваць увагу і выконваць аднолькавыя заданні. Для таго каб дасягнуць вынікаў у рабоце з імі, выкарыстоўваю цікавыя формы работы. Адна з самых любімых — ролевыя гульні, падчас якіх у дзяцей з’яўляецца магчымасць прымяраць на сабе розныя сацыяльныя ролі. Мы падбіраем ролі і касцюмы для кожнага вучня ў класе. Напрыклад, дзеці могуць браць на сябе ролі дарослых членаў сям’і (мамы, таты, бабулі ці дзядулі). Падчас ролевых гульняў вучні неўсвядомлена раскрываюцца і ў настаўніка з’яўляецца магчымасць па-іншаму паглядзець на іх. На ўроку з элементамі ролевай гульні кожнаму дзіцяці можна прапанаваць намаляваць дома адну са школьных прылад і падпісаць яе на нямецкай мове. У пачатку ўрока кожны вучань прымацуе надпіс да адзення. Галоўнае, каб ён быў дакладны і правільны. На працягу ўрока дзеці будуць выконваць заданні, знаходзячыся ў ролі пэўнай школьнай прылады. Такім чынам яны добра запомняць не толькі свае надпісы, але і словы, якія занатавалі аднакласнікі. Такі падыход больш эфектыўны і доўгачасовы ў параўнанні з простым завучваннем замежных слоў.

На ўроках часта выкарыстоўваю актыўныя формы навучання — групавыя, парныя. Паколькі дзеці з асаблівасцямі развіцця амаль не могуць працаваць самастойна і выконваць аднатыпныя заданні, неабходна чаргаваць формы работы. Адзін з найлепшых варыянтаў вучэбных гульняў — гульні з мячом. Такія гульні папярэджваюць стамляльнасць навучэнцаў, паколькі навучанне праходзіць у нязмушанай атмасферы. Яны найбольш эфектыўныя пры паўтарэнні слоў, складанні кароткіх дыялогаў, рыфмовак і г.д.

Каб узмацніць цікавасць дзяцей да вывучэння пэўнай тэмы і сканцэнтраваць іх увагу на новым матэрыяле, мы шматкратна спяваем пад музыку ўсе неабходныя для запамінання граматычныя структуры. Спяваць іх можна па групах і ў парах. Галоўнае, каб дзеці рабілі гэта з задавальненнем, а не па прымусе. Пры гэтым дзецям з АПФР неабходна бачыць перад сабой яркія выявы граматычнай структуры ў форме схемы або табліцы. Такім чынам можна задзейнічаць адразу слыхавое і візуальнае ўспрыманне.

Вучэбны матэрыял, які выкладаецца дзецям з АПФР, павінен быць пасільны для іх. Заданні павінны пераходзіць ад лёгкіх да больш складаных. Вельмі важна даваць матэрыял маленькімі порцыямі, шмат разоў паўтараць лексічны і граматычны матэрыял, падаваць яго ў форме гульняў. Для гэтага можна выкарыстоўваць кубікі, настольныя гульні, мяккія цацкі.

Галоўная ўмова паспяховасці асаблівых дзяцей на ўроках нямецкай мовы — гэта наяўнасць у іх матывацыі, стымулу да вывучэння прадмета. Памятаю, як на першым уроку нямецкай мовы ў вачах вучняў 4 класа можна было з лёгкасцю ўбачыць два пачуцці: страх перад невядомым і цікавасць да новага. Гэтыя пачуцці змянялі адно аднаго, але з часам дзеці сталі больш спакойнымі. Многія з іх з-за сваіх аслабленых магчымасцей могуць выконваць дамашнія заданні толькі з бацькамі. Але, на жаль, не ўсе бацькі ведаюць нямецкую мову і могуць дапамагчы дзецям, таму напрыканцы кожнага ўрока мы разам з дзецьмі выконваем практыкаванне, якое ім неабходна будзе дома толькі паўтарыць.

Самае важнае для педагога — праяўляць індывідуальна-дыферэнцыраваны падыход да кожнага дзіцяці. Настаўнік павінен забяспечыць бесканфліктнае навучанне, стварыць добразычлівую і камфортную атмасферу на ўроку, зрабіць вучэбны матэрыял даступным і пасільным.

Вера ГУРЫНОВІЧ,
настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 22 Гродна.