Спорт — той галоўны рухавік, што прымушае нас заўсёды заставацца ў добрым настроі і неблагой фізічнай форме. Таму і не дзіўна, што зараз моладзь імкнецца весці правільны лад жыцця, наведвае розныя спартыўныя секцыі, тым самым распаўсюджваючы здаровыя ідэі сярод равеснікаў.
Рэспубліканская спартакіяда — выдатная магчымасць прадэманстраваць свае здольнасці і магчымасці. На спаборніцтвы з’язджаюцца навучэнцы розных устаноў адукацыі з усёй краіны. Галоўная мэта гэтага мерапрыемства — арганізацыя фізкультурна-спартыўнай работы з дзецьмі, якія адчуваюць у сабе сілы і жаданне самаўдасканальвацца. Пагадзіцеся, што можа быць больш цікавым для вучняў, чым сустрэча з такімі ж апантанымі спартсменамі?
У рамках Рэспубліканскай спартакіяды навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гомель стаў валейбольнай пляцоўкай для каманд юнакоў і дзяўчат. У спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за 200 спартсменаў.
Валейбол патрабуе максімальнай канцэнтрацыі ўвагі і хуткасці руху. Таму цяжка вызначыць тых, хто валодае гэтым лепш за ўсіх, тым больш што ўсе каманды паказалі бліскучыя вынікі. Сярод дзяўчат лепшымі сталі каманды з Брэсцкай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей (спаборніцтвы устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі), а з устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў першую тройку пераможцаў увайшлі каманды Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Юнакі таксама канкурыравалі ў секцыях розных навучальных устаноў. Сярод прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі ў першую тройку пераможцаў увайшлі каманды з Гомельскай і Гродзенскай абласцей, а таксама Мінска. З устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі лепшымі сталі каманды Гомельскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей.
Канечне, рэспубліканская спартакіяда — гэта толькі адпраўны пункт, які дае моцную матывацыю для спартсменаў трэніравацца далей і ставіць перад сабой новыя мэты. Галоўнае — не спыняцца і ісці да новых вяршынь.
Аляксандра КАМКО.