Нястомны пошук як педагагічнае крэда

- 10:35Людзі адукацыі

Як вынайсці формулу поспеху сучаснай установы адукацыі? Толькі праз эфектыўнае, дзейснае кіраўніцтва педагагічным калектывам, праз павагу, глыбокае разуменне сваіх калег, праз уласны прыклад самаадданасці справе. “Вельмі важна ў наш час весці калектыў за сабой, умець прыняць на сябе адказнасць за адпаведнасць дзейнасці ўстановы сучасным сацыяльным патрабаванням. Менавіта таму кіраўнік павінен не толькі ведаць нарматыўныя дакументы, асновы педагогікі і псіхалогіі, але і мець інавацыйнае мысленне, валодаць сучаснымі педагагічнымі тэхналогіямі, быць мабільным, энергічным і мэтанакіраваным”, — лічыць загадчык спецыяльнага ясляў-сада для дзяцей з парушэннем зроку № 19 Мінска Віялета Леанідаўна Какорына.

Яна — таленавіты педагог і кіраўнік, ідэйны лідар калектыву, менеджар адукацыйнага працэсу, здольны прадуцыраваць актуальныя ідэі і знаходзіць сродкі для іх рэалізацыі. Віялета Леанідаўна не баіцца смелых ініцыятыў. З энту­зіязмам ідзе да пастаўленых мэт, умее натхняць калег. Аптымізм, камунікабельнасць, спагадлі­васць — менавіта гэтыя якасці дазваляюць ёй дасягаць поспехаў ва ўсіх пачынаннях, бачыць перспектывы развіцця ўстановы адукацыі.

Віялета Леанідаўна ўкладвае душу ў сваю працу, робіць усё неабходнае, каб у дзіцячым садку для дзяцей, якім патрабуецца спецыяль­ная адукацыя, былі створаны аптымальныя ўмовы, што садзейнічаюць іх паспяховаму развіццю, навучанню і выхаванню. Адмет­насць працы з дзецьмі з парушэннем зроку заключаецца ў тым, што яны не маюць рэальных уяўленняў аб прадметах і з’явах і могуць стварыць аб’ектыўную карціну навакольнага свету толькі з дапамогай дарослага. Таму дзейнасць педагогаў накіравана на раннюю кампенсацыю і карэкцыю адхіленняў у развіцці дашкольнікаў, ажыццяўленне лячэбна-аздараўленчай работы па выпраўленні зроку, паспяховую падрыхтоўку да навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Загадчык разам з калегамі прыйшлі да высновы, што выкарыстанне мультымедыйных сродкаў адкрывае выхаванцам доступ да нетрадыцыйных крыніц інфармацыі, спрыяе рэалізацыі прынцыпова новых форм і метадаў, дазваляе значна павысіць якасць навучання за кошт індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі, сфарміраваць асобасныя, метапрадметныя і прадметныя кампетэнцыі. Віялета Леанідаўна адзначае, што важнае значэнне мае планамернае спалучэнне лячэбна-аздараўленчай і карэкцыйна-педагагічнай работы, захаванне пераемнасці ў дзейнасці ўсіх службаў установы адукацыі, супрацоўніцтва з сем’ямі выхаванцаў.

За гады працы загадчыкам В.Л.Какорына праявіла сябе як умелы, кампетэнтны, спагадлівы кіраўнік, верны сваім абавязкам, заўсёды ўважлівы да людзей, дзелавіты, працаздольны. Дзякуючы правільна арга­нізаванаму кіраўніцтву, адкрытасці да супрацоўніцтва ўстанова адукацыі за кароткі час станоўча зарэкамендавала сябе на адукацыйнай прасторы не толькі раёна, але і ўсёй краіны. Па выніках працы за 2017 год спецыяльны яслі-сад для дзяцей з парушэннем зроку № 19 Мінска заняў 1-е месца ў гарадскім і 2-е ў рэспубліканскім конкурсе “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” і быў занесены на Дошку гонару Савецкага раёна Мінска. У 2018/2019 навучальным годзе калектыў установы паспяхова працаваў над рэалізацыяй рэспублікан­скага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя праграмна-метадычнага забеспячэння зместу дашкольнай адукацыі дзяцей з парушэннямі зроку”. У 2018 годзе адукацыйны праект “Фарміраванне зрокавага ўспрымання ў дзяцей 5—6-гадовага ўзрос­ту з парушэннямі зроку сродкамі мультымедыйных тэхналогій” атрымаў грант Мінгарвыканкама. Усе гэтыя дасягненні з’яўляюцца вынікам плённай мэтанакіраванай працы не толькі педагогаў ясляў-сада, але і загадчыка — Віялеты Леанідаўны Какорынай.

В.Л.Какорына неаднаразова прадстаўляла вопыт сваёй работы на навукова-практычных канферэнцыях, семінарах і ў педагагічных СМІ. Пры яе падтрымцы на базе спецыяльнага ясляў-сада для дзяцей з парушэннем зроку № 19 Мінска створаны філіял кафедры карэкцыйна-развіццёвых тэхналогій Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. У 2018 годзе Віялета Леа­нідаўна Какорына стала пераможцай гарадскога конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” ў намінацыі “Лепшы вопыт у сістэме спецыяльнай адукацыі і аказання псіхалагічнай дапамогі”.

У асобе загадчыка цудоўна спалучаюцца якасці таленавітага адмі­ністратара, вопытнага педагога і выдатнага дыпламата. Віялета Леа­нідаўна ўмела наладжвае кантакты з бацькамі выхаванцаў, спонсарамі, прыцягвае іх да сумеснага вырашэння надзённых задач па ўдасканаленні вонкавага афармлення ўстановы адукацыі і стварэння камфортных умоў для развіцця і выхавання дзяцей.

Высокі ўзровень кваліфікацыі, эрудыцыя і кампетэнтнасць дазволілі В.Л.Какорынай стварыць калектыў аднадумцаў, у якім высока цэняцца прафесіяналізм і твор­часць, ініцыятыва і індывідуальнасць. Яе стыль кіравання характарызуецца дэмакратычнасцю, добразычлівасцю і ў той жа час патрабавальнасцю і справядлівасцю. Глыбокае веданне спецыфікі работы з дзецьмі з парушэннямі зроку, імкненне да інавацый дапамагаюць загадчыку свядома і адказна выбіраць прыярытэтныя напрамкі дзейнасці ўстановы адукацыі. Менавіта ва ўменні Віялеты Леанідаўны правільна вызначаць стратэгічныя мэты развіцця, каардынаваць і аб’ядноўваць намаганні ўсяго калектыву і заключаецца сакрэт поспеху спецыяльнага ясляў-сада для дзяцей з парушэннем зроку № 19 Мінска. “У дзіцячым садку склалася добрая традыцыя: мы заў­сёды імкнёмся перамагаць. Можна сказаць, што мы — максімалісты. А як жа інакш? Калі хочаш дасягнуць пастаўленай мэты, то аднаго жадання мала. Трэба пастаянна праца­ваць, знаходзіцца ў няспынным пошуку, быць псіхалагічна ўстойлівым — і тады ўсё атрымаецца!” — сцвяр­джае загадчык. Віялета Леанідаўна Какорына пераканана: калі чалавек упэўнена ідзе да сваёй мары, шчыра адданы агульнай справе, прыкладае максімальныя намаганні для дасягнення пастаўленай мэты, то ў яго ўсё атрымаецца.

Святлана ФАМІЧОВА.