Нясумныя канікулы

Зімовыя канікулы для дзяцей — доўгачаканы перыяд, калі, нарэшце, можна адпачыць пасля ўзмоцненага “мазгавога штурму”. Чытанне звычайных кніг, канечне, спыняць не варта, але і яно павінна чаргавацца з прагулкамі і забавамі. А вось як іх арганізаваць, каб было і цікава, і пазнавальна, паклапаціўся педкалектыў сярэдняй школы № 2 Чавус Магілёўскай вобласці.

Тэатр пачынаецца з вешалкі, а зімовыя канікулы — з правядзення традыцыйных навагодніх ранішнікаў. Дзеці разам з казачнымі персанажамі вадзілі карагоды, спявалі навагоднія песні, паказвалі сваю спрытнасць у розных конкурсах і віктарынах.

Не менш цікава прайшлі і самі канікулы. Для самых маленькіх школьнікаў быў арганізаваны дзіцячы аздараўленчы лагер. Кожную раніцу малышы з задавальненнем спяшаліся ў школу, каб не толькі сустрэцца з сябрамі і аднакласнікамі, але і з карысцю правесці вольны час. Для іх былі праведзены ўрокі этыкету “Як правільна сябе паводзіць”, заняткі па правілах пажарнай бяспекі “Небяспечныя гульні”, трэнінг па ЗЛЖ “Наша здароўе”. Аматараў кнігі сабрала гадзіна чытання “У царстве Берандзея”, была праведзена экскурсія ў гарадскую бібліятэку “У госці да казкі”. Інтэлектуалы праявілі сябе ў гульні “Разумнікі і разумніцы”.

Улічылі ва ўстанове адукацыі і інтарэсы астатніх дзяцей. Шмат уражанняў засталося ў навучэнцаў пасля наведання ў Магілёве навагодняга спектакля “Шчаўкунчык і Мышыны Кароль”. 146 хлопчыкаў і дзяўчынак змаглі ўбачыць і ацаніць работу калектыву Магілёўскага абласнога дома творчасці. Дарэчы, у школе ўжо стала добрай традыцыяй кожны год бываць на такіх мерапрыемствах. Не менш запамінальнай стала паездка ў Мінск на Галоўную ёлку краіны. Адна справа — глядзець яе па тэлевізары і зусім іншая — убачыць на свае вочы. Цікава было дакрануцца да ёлкі рукамі, сфатаграфавацца побач з ёй, а потым паглядзець навагодні паказ і ажыццявіць невялікую экскурсію па вячэрняй сталіцы.

У снежні ў нашым раёне расчыніла свае дзверы Рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Чатыры групы навучэнцаў школы сярод першых пабывалі ў гэтым казачным месцы. Каб трапіць да дзядулі, дзеці разам з Пеўнікам, сімвалам гэтага года, прайшлі па казачнай сцяжынцы. Па дарозе ім давялося адгадваць загадкі Ямелі, пад кіраўніцтвам піратаў складаць аповед пра сяброўства, разам з бабулямі-весялушкамі спяваць прыпеўкі і нават іграць на розных музычных інструментах.

У школе ў гэты час таксама было весела і мнагалюдна. Віртуальнае падарожжа па казках ажыццявілі навучэнцы пачатковых класаў разам са сваімі настаўніцамі Ірынай Ільюшчанка і Лідзіяй Нацёкінай. Яны з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах “Чароўнае слова”, “Каляровыя пытанні”, “Хто гэта?”, “Казачны перапалох”. З бліцаптыння школьнікі даведаліся, дзе ўзяла бабка мукі для выпечкі балабушкі, які беспарадак зрабіла Машанька ў чужым доме і чаму гусі-лебедзі знеслі братка Іванушку.

Для аматараў спорту былі гасцінна рачынены дзверы спартыўнай залы, дзе настаўнікі фізічнай культуры Аляксандр Галдзееў і Ганна Цішкова праводзілі спартыўныя эстафеты, спартландыі, заняткі па настольным тэнісе і валейболе.

А ў трэнажорнай зале юнакі дапрызыўнага ўзросту з кіраўніком гуртка “Юны партыёт” Ігарам Ільюшчанкам спасцігалі азы адзінаборстваў.

Многія выпускнікі школы ўжо вызначыліся з выбарам будучай прафесіі. А для тых, хто яшчэ не вырашыў, кім стаць, класны кіраўнік 11 “А” класа Вольга Сярогіна правяла трэнінг “Я і мой выбар прафесіі”. Запомніліся навучэнцам таксама экскурсіі па навагодніх Чавусах, у мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей.

Аднак запланаваная прагулка ў лес на лыжах, на жаль, не адбылася: надвор’е ўнесла свае карэктывы. Але дзеці не засмучаюцца, бо зіма яшчэ наперадзе.

У сярэдняй школе № 2 многа прызёраў раённых адімпіяд, для якіх зімовыя канікулы — час, калі трэба сумясціць і адпачынак, і вучобу, бо высокія дасягненні — гэта вынік упартай штодзённай працы. Спяшаліся ў школу і тыя, хто хацеў паглыбіць свае веды па некаторых прадметах.

Словам, канікулы ў нашай установе адукацыі прайшлі весела і з карысцю. Інакш нельга: наперадзе — самая вялікая і адказная чвэрць.

Людміла КУЗЬМІНА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 2 Чавус Магілёўскай вобласці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *