Нясумны тыдзень

З 1 лістапада для 9600 навучэнцаў Міншчыны расчынілі свае дзверы дзіцячыя аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем. Канікулы — гэта перыяд, калі школьнікі з галавой акунаюцца ў атмасферу жартаў, весялосці, гульняў, забаў. Ужо з першага дня закіпела работа ў атрадах.

У шасці ўстановах адукацыі Чэрвеньскага раёна ўжо адбыліся “Вясёлыя старты”. Наперадзе школьнікаў чакаюць таямнічыя прыгоды, незабыўныя сустрэчы і дзіўныя выпрабаванні.

Заняткі і мерапрыемствы ў лагерах закранаюць усе аспекты і напрамкі выхаваўчай работы. Асаблівая ўвага ­ўдзяляецца фарміраванню культуры здаровага ладу жыцця, вывучэнню правіл бяспечных паводзін, грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню.

Для адпачынку дзяцей уладкаваны гульнявыя пакоі, прадастаўлены спартыўныя залы, пляцоўкі, бібліятэкі, сталовыя. Педагогі перакананы, што паразуменне і добры настрой — залог поспеху нясумных канікул. Дарослыя імкнуцца, каб дзецям было весела, каб кожны дзень у лагеры быў для іх незабыўным. Гэта дапаможа хлопчыкам і дзяўчынкам як след адпачыць, пазбавіцца стомы, напружання, папоўніць сілы пасля вучэбнай  чвэрці,  аднавіць  здароўе.

Марына КУНЯЎСКАЯ.