Павел Дзмітрыевіч Паршын другі год працуе настаўнікам гісторыі на сваёй малой радзіме ў гімназіі Дзяржынска, што ў Мінскай вобласці. Малады педагог адразу прыцягнуў увагу сучасным падыходам да выкладання. Асвойваць прадмет яго вучням дапамагаюць блог настаўніка, тэматычная гульня “Бітва розумаў”, інтэрактыўныя карты і іншыя крэактыўныя кампаненты.
Павел Дзмітрыевіч — вельмі цікавы суразмоўнік. З першых слоў адчуваецца яго захопленасць сваім прадметам — гісторыяй — і яго выкладаннем.
— У мяне ёсць любімая справа, якой я зараз літаральна жыву, а гэта вельмі многа значыць для любога чалавека, — падкрэслівае П.Д.Паршын. — Гісторыяй захапляюся з дзяцінства. Я скончыў гімназію № 1 Дзяржынска, якая знаходзіцца недалёка ад установы адукацыі, у якой зараз працую. Упершыню свае сілы ў раённай алімпіядзе па прадмеце “Мая радзіма Беларусь” паспрабаваў у 4 класе. Для мяне гэта стала пачаткам яшчэ большага захаплення гісторыяй і далучэння да алімпіяднага руху.
Дзевяцікласнікам Павел прыняў удзел у Рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі і стаў пераможцам на абласным узроўні. Мэтанакіраваны малады чалавек адзначае, што ўжо тады дакладна вызначыўся, куды будзе паступаць, — толькі на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Больш за тое, ён нават паставіў перад сабой задачу — стаць студэнтам выбранай установы вышэйшай адукацыі без цэнтралізаванага тэсціравання. У 11 класе па выніках Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі Павел быў узнагароджаны дыпломам II ступені на заключным этапе. Для яго гэтае дасягненне было адначасова і залічэннем на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Так мара спраўдзілася. А звычка ставіць сабе важныя задачы на перспектыву засталася на ўсё жыццё. На чацвёртым курсе, для таго каб набрацца вопыту, Павел прыняў рашэнне паралельна працаваць на палову стаўкі. Уладкаваўся ў сярэднюю школу № 170 Мінска, дзе выкладаў гісторыю і грамадазнаўства. Сёння малады педагог перакананы: выбраная тактыка была правільнай і дапамагла яму праз год больш паспяхова і ўпэўнена ўвайсці ў прафесію ў ролі маладога спецыяліста.
— Я меў уяўленне аб прафесіі педагога, школьных буднях. Ва ўніверсітэце была практыка. Да таго ж мая мама Людміла Мікалаеўна, настаўніца малодшых класаў гімназіі № 1 Дзяржынска, шмат расказвала пра педагагічную дзейнасць, — звяртае ўвагу П.Д.Паршын. — Аднак калі на чацвёртым курсе я сам пайшоў працаваць, адчуў, наколькі няпроста тэорыю рэалізоўваць на практыцы. Вучні вельмі розныя, у іх толькі фарміруюцца погляды, сістэма каштоўнасцей. Патрэбна сапраўднае майстэрства, каб адчуць кожнае дзіця, знайсці падыход да яго, зацікавіць, даць станоўчы прыклад.
Сёння малады настаўнік упэўнены: важным складнікам яго паспяховага прафесійнага старту стаў асэнсаваны выбар прафесіі. У яго не было неразумення таго, на які шлях ён ступае, не было ружовых акуляраў і расчаравання. А вось жаданне прафесійна развівацца, асвойваць нешта новае, каб урокі гісторыі былі для гімназістаў цікавымі і ні ў якім разе не сумнымі, было заўсёды.
Імкненне даць вучням як мага больш цікавай інфармацыі, матываваць іх дадаткова займацца самастойна прывяло маладога настаўніка гісторыі да стварэння свайго блога, які размешчаны на гімназічным сайце. Павел Дзмітрыевіч выкладае тут вучэбны матэрыял у выглядзе прэзентацый, робіць стаўку на нагляднасць, якая нікога не пакідае абыякавым. Ён узяў сабе за правіла рабіць гэта загадзя, да таго, як пройдзе ўрок па канкрэтнай тэме. Гэта дае магчымасць адразу пасля заняткаў прапанаваць дзецям самастойна пазаймацца дадаткова ці выкарыстаць нейкі момант з прэзентацыі на ўроку, а пасля даць заданне азнаёміцца з ёй цалкам дома. Доступ да сайта адкрыты: усе жадаючыя могуць зайсці на яго і азнаёміцца з прапанаваным матэрыялам.
— Матэрыял, які я размяшчаю ў блогу, становіцца добрым, яркім дадаткам да ўрокаў, — дзеліцца вопытам Павел Дзмітрыевіч. — Аднак самае важнае для мяне як педагога — прадумаць, у якой форме я буду праводзіць сам урок, як буду даносіць да гімназістаў новую тэму. Абавязкова сістэматычна ўдзяляю ўвагу таму, каб мае вучні атрымлівалі і замацоўвалі навык самастойнай работы з інфармацыяй, яе крытычнага асэнсавання, аналізу.
Настаўнік часта арганізоўвае работу ў парах і групах. Для шасцікласнікаў, у якіх ён зараз выкладае, розныя этапы ўрока праводзіць у гульнявой форме. Такі падыход яны заўсёды прымаюць на ўра. Напрыклад, апошнім часам пяцікласнікі замацоўваюць матэрыял менавіта ў гульнявой форме. Настаўнік называе ім нейкі факт ці азначэнне і пытаецца, ці правільныя яны. Вучні падымаюць вялікі палец уверх у знак згоды. А для таго каб даць адмоўны адказ, складваюць рукі накрыж.
Старшакласнікаў Павел Дзмітрыевіч вучыць працаваць з гістарычнымі дакументамі, дыяграмамі. Часта выкарыстоўвае міжпрадметныя сувязі. Сёлета яго вучням давядзецца здаваць выпускныя іспыты. Для настаўніка гэта першы вопыт работы ў 11 класе, таму ён адчувае асаблівую адказнасць. Настаўнік прыкладае намаганні, каб юнакі і дзяўчаты не толькі авалодалі неабходным матэрыялам па прадмеце, але і былі псіхалагічна падрыхтаваныя да экзамену і ЦТ.
Зараз у коле асабістых інтарэсаў Паўла Дзмітрыевіча — гісторыя малой радзімы. Так, апошнім часам педагог займаецца больш глыбокім вывучэннем даваеннага перыяду, 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя. Удалося назбіраць шмат цікавай інфармацыі, унікальных старых фотаздымкаў і даведацца, як жа раней выглядаў Дзяржынск. Безумоўна, усё гэта дапамагае зацікавіць гімназістаў гісторыяй, бо, як вядома, не існуе больш пераканаўчага прыкладу, чым уласны. Гімназісты па прыкладзе свайго педагога з вялікім жаданнем далучаюцца да даследчай дзейнасці па гісторыі і робяць першыя поспехі ў гэтым кірунку.
Сістэматызаваць каштоўную гістарычную інфармацыю настаўніку дапамагаюць інтэрактыўныя карты. У мінулым навучальным годзе да 9 Мая ён зрабіў такую карту з QR-кодамі. Настаўнік вырашыў такім чынам раскрыць набалелую тэму “Генацыд мясцовага беларускага насельніцтва і яўрэяў у гады Вялікай Айчыннай вайны”. На карце QR-кодамі пазначаны спаленыя вёскі Дзяржынскага раёна. Па іх пры дапамозе тэлефона можна перайсці да артыкулаў пра кожны з указаных населеных пунктаў.
— Планую і далей практыкаваць сумеснае стварэнне разам с вучнямі падобных інтэрактыўных карт па розных тэмах, — падзяліўся думкамі педагог. — Працэс падрыхтоўкі вельмі цікавы і дазваляе не толькі дзецям, але і педагогу даведацца новыя гістарычныя падрабязнасці. Я шмат ведаў пра спаленыя вёскі, але, калі капнуў глыбей, даведаўся пра трагічныя лёсы людзей, і гэта кранула мяне па-новаму, да глыбіні душы.
У блогу Паўла Дзмітрыевіча прыцягвае ўвагу яшчэ і цікавая гульня “Бітва розумаў”. У мінулым навучальным годзе настаўнік распрацаваў яе для пяцікласнікаў, узяўшы за ўзор славутую перадачу “Што? Дзе? Калі?”. Па суботах хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем спрабавалі свае сілы ў такой гульні. Тэмы бітваў для юных разумнікаў і разумніц былі самыя розныя і тычыліся не толькі гісторыі, але і іншых прадметаў, а таксама кніг і фільмаў. Сёлета падобная практыка будзе працягвацца.
У Паўла Дзмітрыевіча шмат цікавых задум. Нядаўна ён далучыўся да вядомага праекта “Настаўнік для Беларусі”, каб зрабіць яшчэ адзін важкі крок наперад у сваім развіцці.
Таццяна ШЫМКО.
Фота аўтара.