Няўхільнае патрабаванне прэзідэнта — кожны працаздольны чалавек павінен мець магчымасць працаваць

Работа дзяржаўных органаў павінна быць празрыстай і зразумелай для людзей. Гэтага запатрабаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па некаторых пытаннях сацыяльнай і бюджэтна-фінансавай сфер.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел віцэ-прэм’ер Наталля Качанава, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Валерый Міцкевіч, міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна і міністр фінансаў Уладзімір Амарын.
На нарадзе гаворка ішла аб дзейнасці Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, выплаце і памеры пенсій, магчымасці іх павелічэння, а таксама аб выплаце дзіцячых дапамог. Разглядаліся пытанні занятасці, стварэння рабочых месцаў у кожным рэгіёне. Міністр працы і сацабароны Марыяна Шчоткіна падрабязна праінфармавала аб сітуацыі з занятасцю насельніцтва ў кожнай вобласці і Мінску. У прыватнасці, яна расказала аб магчымасцях працаўладкавання інвалідаў. Закраналіся і пытанні працаўладкавання выпускнікоў.
Акрамя таго, Аляксандру Лукашэнку было даложана аб сітуацыі са своечасовай выплатай заработнай платы, аб тым, якія ўзнікаюць цяжкасці і як яны вырашаюцца на месцах. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся сітуацыяй у працоўных калектывах. Няўхільнае патрабаванне прэзідэнта — кожны працаздольны чалавек павінен мець магчымасць працаваць. У сувязі з гэтым актуальным з’яўляецца пытанне захавання працоўных калектываў і, адпаведна, рабочых месцаў. Пры гэтым асаблівая адказнасць кладзецца на работадаўцаў, кожнага наймальніка, прафсаюзы за забяспечанасць работай. Як адзначыла Марыяна Шчоткіна, на шэрагу прадпрыемстваў праводзіцца аптымізацыя, але яна павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з прынятымі ў кожным калектыве праграмамі па кадрах, па бізнес-планаванні, каб кожны чалавек меў работу.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на клопат аб людзях: ні адзін чалавек не павінен быць проста адпраўлены з прадпрыемства, аб працаўладкаванні кожнага неабходна паклапаціцца.
Як паведаміла па выніках нарады Марыяна Шчоткіна, абмяркоўваліся таксама шляхі павышэння эфектыўнасці работы структур дзяржаўных органаў. Пытанне было пастаўлена так: ці патрэбны ўсе функцыі, якія сёння выконваюць дзяржорганы? Прагучала меркаванне, што неабходна перагледзець і аптымізаваць гэтыя функцыі з улікам сучасных рэалій і дзяржаўных патрабаванняў. Усе бюджэтныя расходы павінны быць падлічаны. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць таго, каб у пытаннях аптымізацыі ўсё было дакладна прадуманым і ўзважаным, ні ў якім разе не дапускаць акты бессэнсоўнага скарачэння.
На нарадзе асаблівая ўвага была ўдзелена якасці работы са зваротамі грамадзян у мясцовыя органы ўлады, міністэрствы і ведамствы. Прэзідэнт запатрабаваў, каб усе пытанні, якія паступаюць, дэталёва і аб’ектыўна разглядаліся з улікам інтарэсаў людзей, у адпаведнасці з заканадаўствам, без фармалізму і бюракратычнай валакіты.
Кіраўнік дзяржавы асабліва пацікавіўся, як ідзе абмеркаванне прапанаваных варыянтаў па пенсійнай рэформе, якія паступаюць прапановы ад людзей і працоўных калектываў па гэтай тэме. Марыяна Шчоткіна нагадала, што з улікам пераўтварэнняў, якія маюць адбыцца ў пенсійнай сістэме, плануецца стварыць не менш як 50 тысяч рабочых месцаў. Гэтыя пытанні знаходзяцца ў цэнтры ўвагі ўрада.
На нарадзе размова ішла таксама аб перспектывах развіцця ў краіне прадпрымальніцтва. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб былі створаны ўсе неабходныя ўмовы для прадпрымальніцтва, прыватнага бізнесу. У людзей павінна быць магчымасць працаваць, зарабляць і рэалізоўваць свае магчымасці.
Акрамя таго, міністр фінансаў Уладзімір Амарын далажыў прэзідэнту аб ходзе выканання бюджэту за мінулы перыяд 2016 года. Аляксандр Лукашэнка даручыў забяспечыць поўнае і своечасовае выкананне ўсіх сацыяльных абавязацельстваў.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *